6 жніўня 2015 года адбылося адкрыццё першай выставы мастацкай суполкі “Абуджэнне” на тураўскай зямлі Жыткаўшчыны
Удзельнікі выставы і сябры суполкі Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка ўжо некалькі гадоў запар вандруюць па розных рэгіянальных культурных цэнтрах Беларусі і дэманструюць на сваіх выставах шматлікія творы, прысвечаныя прыродзе, гісторыі і сучаснасці нашай Радзімы.
Іх творы ўжо пабачылі аматары мастацтва ў Полацку, Крычаве, Слоніме, Лідзе, Пружанах, Ружанах, Ваўкавыску, Свіслачы, Уздзе, Вілейцы, Мінску, Мар’інай Горцы. Пасля завяршэння выстаў мастакі перадаюць у дар музеям частку сваіх твораў, каб узбагаціць рэгіянальныя музейныя калекцыі творамі сучаснага беларускага мастацтва культурна-асветніцкай скіраванасці. Гэта робіцца на дабрачынных пачатках з мэтаю актывізаваць сувязь мастакоў з беларускім грамадствам. У гэтым сябры суполкі “Абуджэнне” бачаць сваю сучасную творчую місію. Мастакоў-“абуджэнцаў” звязвае вялікая любоў да вобразаў роднай зямлі. Андрэй Лычкоўскі жыве ў раённым цэнтры Узда Мінскай вобласці, іншыя – ў Мінску. Але гэта не перашкаджае ім рэгулярна сустракацца, выязджаць на эцюды, планаваць супольныя выставы. Яны – сапраўдныя творчыя аднадумцы.
Пры магчымасці яны запрашаюць прымаць удзел у іх выставах мастакоў з рэгіянальных цэнтраў, а таксама маладых творцаў, якім патрабуецца супольная падтрымка. На гэтай выставе прымаюць удзел госці суполкі: Вольга Гацко (Мінск) і Лізавета Прышчэпа (Узда). Мастакі спадзяюцца, што іх выстава выклікае жывую цікавасць гледачоў слаўнага тураўскага краю, і яны пачэрпнуць тут новае натхненне, перажывуць патрэбныя ўражанні для актыўнага развіцця сваёй асветніцкай творчасці.
Л. МАРОЗАВА, супрацоўнік музея.