У гэтыя дні трэцюю частку малочнай прадукцыі ў акцыянерным таварыстве “Людзяневічы”, што на Жыткаўшчыне, атрымліваюць на новым малочнатаварным комплексе гаспадаркі.

Люденевичи

 Адносіны да працы калектыву гэтага структурнага падраздзялення з’яўляюцца ўзорам для жывёлаводаў, што шчыруюць на іншых фермах сельгаспрадпрыемства.

Як толькі людзяневіцкі МТК уступіў у строй дзеючых, кіраўніцтва акцыянернага таварыства прапанавала яго ўзначаліць Наталлі Зумерфельд, вопытнаму і спрактыкаванаму спецыялісту ў жывёлагадоўчай галіне. І з такім выбарам не памылілася. Жанчына шчыра ўзялася за даручаную справу, перад сваімі падначаленымі адразу паставіла  высокую планку, прыкладвала ўсе намаганні, каб вызначаныя задачы выконваліся. Ды і памочнікі ў Наталлі падабраліся працавітыя, старанныя, дысцыплінаваныя, якія ўсёй душой хварэюць за агульны вынік. Менавіта гэта і ёсць яго паспяховая састаўная. На цяперашні час ад кожнай каровы, якіх утрымліваецца на комплексе больш трохсот, надойваюць штодня па пятнаццаць кілаграмаў малака, а перапрацоўшчыкам прадаюць  чатыры з паловай тоны.

Арганізацыя працы на людзяневіцкім комплексе не аднойчы дэталёва вывучалася спецыялістамі і кіраўнікамі з іншых гаспадарак, а таксама і раёнаў падчас практычных семінараў, што праводзіліся там неаднойчы. Таму калектывам нямала прыкладваецца намаганняў, каб у памяшканнях і на тэрыторыі панавалі чысціня і парадак. Кожны тыдзень на жывёлагадоўчым аб’екце праводзяцца санітарныя дні, удзел у якіх прымаюць усе жывёлаводы без выключэння, незважаючы на займаемыя пасады. А вось падтрымліваць парадак штодзённа прамы абавязак рабочых Ганны Пупарэвіч, Ігара Ярмольскага, Ірыны Рамановіч і Аляксандра Шырая.

— Гэта вельмі адказныя работнікі, — характарызуе сваіх падначаленых начальнік комплексу Наталля Зумерфельд. — Ім не патрэбна паказваць на недахопы, яны усё бачаць самі. Патрабуецца ў памяшканні пабяліць сцены, яны дружна бяруцца за справу. Разам выконваюць і іншыя абавязкі, якіх у гэтых жывёлаводаў нямала. У прыватнасці, яны падсцілаюць жывёлу, падмятаюць праходы, падсоўваюць на кармавым стале кармы, робяць мноства іншых спраў, якія неабходны для паспяховай вытворчасці.

Дарэчы, нельга не адзначыць, што выдатныя паказчыкі і ў вытворчасці малака і па вырошчванні маладнячку таксама залежаць ад кармавой базы. Кармы жывёле на людзяневіцкі малочнатаварны комплекс паступаюць самыя розныя і ў патрэбнай колькасці. Жывёлаводам застаецца своечасова іх раздаць і з такой задачай яны спраўляюцца.

— Кармоў у нас цяпер дастатак, — расказваюць цялятніцы Марыя Зылевіч і Святлана Таргонская, — таму і прывагі нашых гадаванцаў вельмі добрыя. За суткі яны прыбаўляюць у вазе амаль па кілаграму. Увогуле працаваць дрэнна ў нашым калектыве не прынята, таму кожны работнік імкнецца пастаянна нарошчваць свае вытворчыя здабыткі. Тым больш што ўмовы для гэтага маюцца спрыяльныя.

Дынаміку развіцця жывё-лагадоўчай галіны акцыянернага таварыства сёлета забяспечваюць не толькі працаўнікі малочнатаварнага комплексу, але і іншых ферм сельгаспрадпрыемства. Пра гэта сведчаць і вытворчыя паказчыкі, што дасягнуты людзяневіцкімі жывёлаводамі за мінулыя месяцы і на цяперашні час.  З пачатку  года ад кожнай каровы ў акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” надаілі па 2460 кілаграмаў малака. Прыбаўка па гэтым паказчыку склала 281 кілаграм. Валавую вытворчасць малака давялі ў сельгаспрадпрыемстве за паўгода да 2395,6 тон, таксама з плюсам да мінулагодняга перыяду на 16,7 працэнта. Мяркуючы па ліпеньскіх надоях, добра відаць, што мясцовыя жывёлаводы не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Напрыклад, зараз сярэдні дзённы надой ад каровы па гаспадарцы складае 14,4 кілаграма. Гэта на 2,6 кілаграма болей чым было на такі ж час летась.  З павелічэннем надояў расце і рэалізацыя малака перапрацоўшчыкам. Штодзённа на малочны камбінат з грамадскіх ферм гаспадаркі пастаўляецца амаль трынаццаць тон малака, што больш на дваццаць восем працэнтаў чым за мінулы год. Відавочна, што абраны курс на павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў акцыянерным таварыстве “Людзяневічы” выконваецца. І робіцца гэта ў паўсядзённых клопатах спецыялістамі і радавымі жывёлаводамі. І прыклад калектыву людзяневіцкага малочнатаварнага комплексу таму яскравае пацверджанне.

Сяргей Белка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.