Стрыжы на Жыткаўшчыне

стрижУ выхадны дзень, памахваючы венічкам, крочу па даўняй завядзёнцы ў пачатку сёмай гадзіны раніцы ў гарадскую лазню. У прадчуванні добрай пары да сяброўскіх размоў-жартаў настрой прыўзняты. Зрэдку праязджаюць адзінкавыя аўтамабілі, людзей на вуліцах райцэнтра амаль што няма. Што вы хочаце – нядзеля: адныя яшчэ спяць салодкім сном, а другія ўжо выцягнулі ля вадаёма не адну рыбіну, разам з ёю “злавіўшы” і добры адрэналін…

У мікрараёне Зубраня ў траве ля бардзюра нешта варушыцца. Здаецца, гэта ластаўка. Нагінаюся, далікатна бяру ў далоні трапяткое, чорнае цельца птушкі з доўгімі серпападобнымі крыламі. Гэта стрыж, альбо, як яшчэ называюць яго вучоныя-арнітолагі, ды члены грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, чорны свіргуль. Імгненна прыходзіць на памяць нядаўна прачытаная заметка ў адной з газет, у якой паведамлялася, што стрыж, які ўпаў на зямлю, сам практычна ўзляцець не можа – доўгія вострыя крылы ў такім становішчы чапляюцца за траву і глебу, становяцца бездапаможныя. Птушку трэба або пасадзіць для ўзлёту на бардзюр, або падкінуць у паветра.

Лёгка падкідваю свіргуля ўгару, але сіл яму хапае толькі пераляцець на супрацьлеглы бок і сесці зноў жа ля бардзюра, але ўжо на праезджай частцы. Добра, што на дарозе няма машын, і я хуценька перабягаю на дапамогу птушцы. На гэты раз раблю даволі энергічны ўзмах уверх, і стрыж бадзёра лунае ў паветры, знікае за дахам бліжэйшага дома.

Чорны стрыж – птушка сямейства стрыжыных, атрада доўгакрылых. Жыве пераважна ў населеных пунктах. На Беларусі пашыраны яго пералётны від. Трымаецца ў гарадах і вёсках, зрэдку на ўзлесках, каля высечак, у старых зрэджаных лясах з дуплістымі дрэвамі. Корміцца насякомымі на ляту. Апярэнне буравата-чорнае, на горле белавата-шэрае. Крылы доўгія, серпападобныя. Хвост вілаваты. Палёт імклівы, манеўраны, з частымі ўзмахамі крылаў.

Стрыж прылятае звычайна ў маі. Адзін з лепшых летуноў. Большую частку актыўнага перыяду праводзіць у паветры, можа спаць, адпачываць у час палёту на вялікай вышыні.

Голас – імклівае, рэзкае “взз-взз”. Гняздуецца калоніямі, зрэдку парамі. Гнёзды з сухой травы, пёраў, лісця, расліннага пуху, нітачак, якія збірае ў паветры на ляту, робіць у дуплах, шчылінах, нішах і паглыбленнях будынкаў на вышыні ад дзевяці метраў і больш. Адлятае ў жніўні, зімуе ў Афрыцы, на поўдні ад экватара.

Стрыжоў у апошнія гады шмат развялося ў нашым райцэнтры, калоніямі жывуць яны ў мікрараёнах Азёрны, Зубраня, з самага досвітку крэсляць паветра ля адміністрацыйнага будынка раённай бальніцы, у іншых мясцінах Жыткавічаў. Сядзьце надвячоркам на лавачцы і паназірайце, што толькі вытвараюць гэтыя паветраныя гімнасты. Нездарма лепшая расійская ваенна-паветраная эскадрылля ўзяла для сябе назву “Стрыжы”. Па аднаму, удвох ці ўтрох гэтыя птушкі, вобразна кажучы, выкідваюць у паветры такія “конікі”, што міжволі дзіву даешся. Яны гэтымі фігурамі вышэйшага пілатажу быццам яшчэ раз сцвярджаюць, што няма межаў для майстэрства. А людзі і птушкі – даўнія суседзі і сябры, якія павінны дапамагаць адзін другому. Дарэчы, у нашай рэспубліцы ў 2012 годзе чорны свіргуль быў аб’яўлены птушкай года. А сёлета такой пашанай на Беларусі ўганаравана вушастая сава.

Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.