Дырэктар КСУПа «Коленскае» на Жыткаўшчыне адзначаны медалём
Напярэдадні свята Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь вялікай групе найбольш паспяховых спецыялістаў і кіраўнікоў народнагаспадарчага комплексу нашай краіны прэм’ер-міністрам у Палацы Рэспублікі былі ўручаны ўрадавыя ўзнагароды. У ліку іх медалём “За працоўныя заслугі” адзначана і старанне на сваёй пасадзе дырэктара камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства Валянціна Карпава. Пра такіх людзей як Валянцін Мікалаевіч кажуць, што чалавек усёй душой адданы роднай зямлі, свайму краю, дзе нарадзіўся. Дзеля яго росквіту і паляпшэння дабрабыту людзей, што тут пражываюць, гатовы працаваць нястомна, дзённа і ношна. І робіць гэта не для ўзнагарод, а па закліку сэрца.
Кіраўніком КСУПа “Коленскае” Валянцін Карпаў быў прызначаны ў сярэдзіне чэрвеня 2001 года. Прыйшоў з перакананнем, што ён патрэбны сваім землякам, што менавіта разам з імі зможа наладзіць у гаспадарцы вытворчасць, палепшыць матэрыяльны дабрабыт работнікаў. Хаця мог бы і не рабіць такога кроку. Справы да дырэктарскай пасады ў Валянціна Мікалаевіча ладзіліся як найлепш. Ён працуе намеснікам дырэктара па эканоміцы ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”. Пасада высокааплочваемая, дазваляла добра забяспечваць матэрыяльна сям’ю. Ды і работа прыносіла задавальненне, па спецыяльнасці Карпаў эканаміст. У свой час закончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Што яшчэ патрэбна чалавеку. Але было і іншае, што перасіліла ўсе гэтыя выгоды. Многае яго звязвала з КСУПам “Коленскае”. Пачынаў тут сваю прафесійную дзейнасць пасля заканчэння прафтэхвучылішча трактарыстам. Закончыўшы ВНУ дзесяць гадоў без перапынку шчыраваў тут жа галоўным эканамістам. А яшчэ яго памяць моцна занатавала словы былога кіраўніка сельгаспрадпрыемства Віктара Жураўлёва, якія той сказаў Валянціну, калі апошні праходзіў студэнтам вытворчую практыку. Было гэта на чацвёртым курсе акадэміі. Практыканта Карпава кіраўнік адразу прызначае на пасаду галоўнага эканаміста.
— Я ж яшчэ толькі студэнт, — ад нечаканасці толькі і змог вымавіць Валянцін.
— Я так і ведаў, што разлічваць на цябе не варта. Збяжыш, не застанешся ты ў нас, — разважліва сказаў кіраўнік.
Магчыма, Віктар Іванавіч зрабіў гэта наўмысна, але гэтая яго рэпліка проста перавярнула светапогляд маладога чалавека. Пасля атрымання дыплома першым сталым месцам працы Валянціна Мікалаевіча быў саўгас імя Алексяеўскага, так раней называўся КСУП “Коленскае”. Яшчэ адну важную выснову на будучае зрабіў з той размовы Валянцін Мікалаевіч, што на якой бы пасадзе ні працаваў, а заўсёды найперш праяўляй клопат пра людзей, і яны аддзячаць табе ўзаемнасцю. Пераканаўся ў гэтым малады дырэктар ужо вельмі хутка, калі праз паўтара месяцы прымаў у гаспадарцы кіраўніка дзяржавы. Той візіт прайшоў на добрым узроўні, падрыхтаваліся да яго належна. І ўсё таму, што спецыялісты і рабочыя сельгаспрадпрыемства прыклалі ўсе намаганні для гэтага, не лічыліся з вольным часам. Аказаныя давер і падтрымка калектывам кіраўніку на той час сталі трывалай асновай, на якой і пачаў будаваць будучае сельгаспрадпрыемства.
Дырэктарскія будні
— Усё! Толькі дзякуючы падвоеным нашым старанням і працавітасці мы зможам убачыць сонца ў сваім акенцы, — так вобразна выказаўся на адным з першых агульных сходаў калектыву Валянцін Мікалаевіч. — Каб рухацца наперад, і развівацца, іншага выйсця няма.
Для такой прынцыповай размовы ў кіраўніка са сваімі падначаленымі былі важкія падставы. Гаспадарка знаходзілася ў даволі складаным становішчы. Тэхнікі не хапала, а тая што мелася — даўно патрабавала замены. Хапала праблем і на фермах, якія неабходна было рамантаваць і рэканструіраваць. Ды і жывёлы там утрымлівалася мізэрная колькасць, усяго галоў тысячу. Заробкі ў сялян на той час былі невялікімі, акрамя таго выплата іх затрымлівалася на некалькі месяцаў. Менавіта ў гэты воз праблем і ўпрогся Карпаў. Працаваў нешкадуючы сябе сам, гэтага ж патрабаваў ад падначаленых. Самае галоўнае, што ніхто не наракаў на такі рытм работы. Хто не вытрымліваў, сыходзіў з дыстанцыі. Да такіх ставіўся дырэктар з разуменнем. Усё ж чалавек шукае, дзе лепей. У самога не аднойчы з’яўлялася думка: а навошта гэта ўсё мне. Але прачнуўшыся чарговай раніцай, сам жа ў сябе і пытаўся: а хто ж тут будзе рабіць, і як пакінеш людзей, якія табе паверылі, пайшлі за табою. З гэтай думкай садзіўся ў службовы аўтамабіль і кіраваўся на фермы, на палеткі, да людзей, якія там працавалі, каб яшчэ раз асабіста ўнікнуць ва ўсе вытворчыя працэсы. Гэтага прынцыпу прытрымліваецца Карпаў і зараз. Асабіста давялося назіраць, як ён на планёрцы са спецыялістамі абмяркоўвалі арганізацыю раённых зажынак. Нават самага дробязнага пытання не абмінулі падчас пасяджэння, а потым яшчэ і на месца правядзення мерапрыемства выехалі, каб на мясцовасці ўсё паглядзець. І такі Карпаў ва ўсім, магчыма, таму і пайшлі справы на вытворчасці.
Цяпер сельгаспрадпрыемства мае адзін з наймацнейшых машынна-трактарных паркаў. Вялікія перамены адбыліся і на фермах, на якіх правялі рэканструкцыі, збудавалі шмат іншых памяшканняў. Усё толькі з адной мэтай, каб механізатар, спецыяліст, жывёлавод маглі працаваць у прыстойных умовах і дабівацца высокіх паказчыкаў, выконваць пастаўленыя перад імі задачы. Паралельна ствараліся і належныя бытавыя ўмовы на вытворчасці, будавалася для працаўнікоў жыллё. Заканамерным вынікам гэтых старанняў кіраўніка сталі поўны давер і ўзаемапаразуменне між ім і падначаленымі.
Дзейнасці Валянціна Мікалаевіча пастаянна характэрны пошук шляхоў для умацавання эканомікі гаспадаркі, а разам з гэтым і матэрыяльнага дабрабыту вяскоўцаў. Менавіта гэта навяло Карпава на думку заняцца ў свой час вырошчваннем агародніны. Літаральна за гады тры гаспадарка ў гэтай галіне мела даволі прыстойныя вынікі. Толькі адной цыбулі за гэты час валавы збор са ста тон давялі амаль да тысячы. Збудавалі сховішча, набылі спецыялізаваныя машыны і абсталяванне для вырошчвання і захоўвання ўраджаю гэтай культуры. А пачыналі справу з нуля.
А вось яшчэ адзін прыклад дырэктарскіх будняў. Да КСУПа “Коленскае” далучылі суседні адсталы саўгас. За кароткі тэрмін Карпаў і яго каманда здолелі на новых землях падняць культуру земляробства, перавесці работу разбураных і пакінутых ферм на сучасныя тэхналогіі. Так, гэта каштавала нямала высілкаў кіраўніку, але і тут ён ва ўсім адчуваў падтрымку калектыву. Яскравым фактам працоўных перамог, што работнікі сельгаспрадпрыемства здабылі пад кіраўніцтвам Валянціна Карпава, з’яўляецца работа жывёлагадоўчай галіны. Практычна кожны вытворчы паказчык тут павялічаны ў тры і болей разоў. Жывёлы цяпер на грамадскіх фермах утрымліваецца больш чатырох тысяч галоў. Надой ад кожнай каровы за год набліжаецца да пяці тон, а прывагі на вырошчванні — да кілаграма. Самае цікавае, што нягледзячы на значны рост пагалоўя, увесь грамадскі статак мае дастатак кармоў, хаця раней з гэтым былі праблемы. Бо мясцовыя працаўнікі вельмі пастараліся, каб мець належную кармавую базу. На жаль, у раслінаводстве многае залежыць у нашым рэгіёне ад пагодных умоў і не ўсё ўдаецца земляробам выканаць, як яны плануюць. Але і тут нельга не заўважыць перамен да лепшага, асабліва ў тэхналагічным плане.
Не аднойчы прыходзілася бываць на справаздачных сходах у КСУПе “Коленскае”. На адным з іх, калі Карпаў пасля працы ў райсельгасхарчы зноў вярнуўся ў родную гаспадарку, давялося ад працаўнікоў пачуць такую фразу: “Валянцін Мікалаевіч, вы нас больш ніколі не пакідайце, мы вам верым!” Безумоўна, такія словы для любога кіраўніка найлепшая пахвала, адначасова і пашана, і падзяка за зробленае. Вось і падчас апошняга наведвання гаспадаркі не пачуў ніводнага дрэннага слова пра свайго кіраўніка ад падначаленых. Яны вельмі ганарацца тым, што яго заслугі адзначаны ўрадавай узнагародай.
За словам справа
Гэта яшчэ адзін прынцып, якім кіруецца ў жыцці і працы Валянцін Карпаў. Гэтага ж ён патрабуе ад сваіх падначаленых. Увогуле Валянцін Мікалаевіч — чалавек з актыўнай грамадскай пазіцыяй. Гэта ў яго з дзяцінства. Нарадзіўся ён у пасёлку Чырвоная Зорка. Мясцовыя краявіды, лясы і вадаёмы вельмі прыцягвалі малых, спрыялі іх забавам. І ў школе, дзе навукі даваліся Валянціну вельмі лёгка, ён таксама быў актывістам: прымаў удзел у спаборніцтвах, у вольны час гуляў у хакей і футбол. Але разам з тым ніколі не забываў, што патрэбна дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Для яго гэта быў святы абавязак. Магчыма, з гэтых паўсядзённых хатніх клопатаў і вырасла жаданне звязаць свой лёс з зямлёй, з вёскай. Пасля школы хацеў вучыцца на інжынера, але крыху не дабраў балаў, каб паступіць у ВНУ на гэтую спецыяльнасць. Каб не траціць год марна асвойвае рабочую прафесію ў прафтэхвучылішчы. А потым паступленне ў сельскагаспадарчую акадэмію. Год вучобы, прызыў у армію. Усюды Валянцін Мікалаевіч стараўся вучыцца, бо лічыў, што людскі вопыт лепей любой кнігі падкажа, як паступіць у той ці іншай сітуацыі, якое прыняць тут адзінае і правільнае рашэнне. Карпава вабіла грамадская работа, таму ў акадэміі ён не толькі быў выдатнікам вучобы, а яшчэ і камсамольскім актывістам, многа займаўся даследчыцкай дзейнасцю. Яму прапаноўвалі застацца працаваць у акадэміі, але ён вярнуўся ў свой родны край, каб шчыраваць на яго росквіт. І яму гэта ўдалося. Атрыманая ўзгнагарода толькі пацвярджае яго заслугі ў абранай справе.
Так, Валянцін Карпаў абраў нялёгкую дарогу ў жыцці. Усё ж сельская гаспадарка з’яўляецца даволі складанай галіной, дзе нават самы маленькі пралік можа прывесці да вялікіх непажаданых вынікаў. Але Валянцін Мікалаевіч упэўнены ў сваіх ведах і сілах, і гатовы прайсці па сваім шляху гэтак жа годна, з высока ўзнятай галавой, гэтак жа як і ішоў увесь час, штодзённа прыносячы карысць людзям. Яго па-праву можна назваць сапраўдным гаспадаром на сваёй зямлі. І такому чалавеку узнагароды заўсёды да твару.
Сяргей Белка.