Бяспека працы на Жыткаўшчыне
Дырэктыва кіраўніка краіны нумар адзін даволі канкрэтна паставіла перад работадаўцамі задачы па забеспечанні правілаў бяспекі працы. На жаль, як паказваюць вынікі работы мабільнай групы райвыканкама, у многіх арганізацыях без парушэнняў не абыходзіцца.
Чарговы рэйд спецыялісты мабільнай групы правялі па трох арганізацыях. Прычым не толькі дзяржаўных, але і прыватных. Несумненна, што найперш правяралі работнікаў прадпрыемстваў на цвярозасць. Як паказвае практыка, менавіта п’янства на рабочых месцах спрыяе вытворчаму траўматызму, іншым бедам і неспадзяванасцям. Патрэбна сказаць, што ў апошні час людзі трымаюцца за свае працоўныя месцы, акрамя таго пастаянны кантроль з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў за станам сваіх работнікаў практычна дазволіў выкараніць праблему п’янства на вытворчасці. Падчас апошняга рэйда мабільнай групы гэта яскрава пацвердзілася. Амаль тры дзясяткі рабочых было праверана на алкатэсце і ўсе яны аказаліся цвярозымі. На гэтым станоўчыя моманты закончыліся, бо спецыялістамі на правераных аб’ектах было выяўлена мноства розных парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі і патрабаванняў аховы працы. І на КНС №1 КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, і на асфальтабетонным заводзе ДСУ 21, і на прыватным прадпрыемсстве “Калонтэрбел” парушэнні і недапрацоўкі ў вышэйзгаданай сферы былі на любы густ. Менавіта яны могуць стаць прычынай узгарання, а таксама прычыніць шкоду здароўю людзей, якія там працуюць. Здавалася б, якія такія вялікія выдаткі патрабуюцца, каб абсталяваць у названых арганізацыях месцы для курэння згодна з дзеючымі патрабаваннямі, або забяспечыць вытворчыя памяшканні ў дастатковай колькасці пярвічнымі сродкамі пажаратушэння. Больш таго, што іх не хапае, супрацоўніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д.Бандзюку нідзе не прадаставілі журнал уліку праверкі наяўнасці і стану вогнетушыцеляў. У лабараторыі асфальтабетоннага завода эксплуатуецца грубка, якая знаходзіцца ў аварыйным стане. На прыватнай лесапілцы супрацоўнік РАНС акрамя агульных заўваг указаў гаспадару і на больш істотныя. На вытворчасці дапускаецца злучэнне электраправодкі ў скрутку, яшчэ ў цэху ўстаноўлена самаробная пакрасачная камера, якая не адпавядае супрацьпажарным патрабаванням. Таксама тут эксплуатуецца абсталяванне з няспраўнымі механізмамі выдалення пылу. Не пакінуў без увагі супрацоўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях і ўстаноўленую металічную печ з такім жа дымаходам, якая таксама тоіць у сабе небяспеку для матэрыяльных каштоўнасцей прыватніка і людзей, якія тут працуюць.
Дастаткова было нараканняў на наведаных аб’ектах і ў намесніка начальніка Жыткавіцкага міжраённага аддзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Л. Бандзюк. Напрыклад, на КНС спецыяліст зрабіла заўвагу рабочым, якія праводзілі ў памяшканні рамонт без спецвопраткі і індывідуальных сродкаў аховы. У насосным аддзяленні каналізацыйнай станцыі выявіўся склад макулатуры, там жа эксплуатуецца і аплаўленая электрычная разетка. Абурыла інспектара па працы і тое, што кіраўніцтва КНС не забараняе рабочым прымаць ежу ў месцах правядзення рамонту. Не менш заўваг выказала Л. Бандзюк і на асфальтабетонным заводзе. Тут памяшканні лабараторыі адразу ў вочы спецыялісту кінуўся не закрыты крышкай электрашчыт, а таксама не прыбраны пыл на вытворчым абсталяванні. Месца захоўвання растварыцеляў не абсталявана папераджальнымі надпісамі “Вогненебяспечна” і “Курыць забаронена”. Увогуле кіраўніцтву дарожна-будаўнічага ўпраўлення варта паклапаціцца пра правядзенне ў вытворчых і бытавых памяшканнях свайго структурнага падраздзялення рамонтаў.
Лідарам па выяўленых парушэннях у галіне аховы працы стала прыватная прадпрыемства “Калонтэрбел”. Тут дзяржаўным інспектарам іх занатавана паўтара дзясятка: не распрацавана і не ўстаноўлена на бачных месцах, у тым ліку перад уездам на тэрыторыі, схема руху транспартных сродкаў, а таксама транспартна-тэхнічная схема перамяшчэння грузаў. Указала Л.Бандзюк і на беспарадак, які пануе на рабочых месцах, вытворчай тэрыторыі і бытоўцы. Апілкі, часткі драўніны паўсюдна валяліся ля станкоў. Хаатычна завалены зложанымі матэрыяламі, адходамі вытворчасці праходы да рабочых месцаў. Увогуле да спраўнасці абсталявання таксама было выказана шмат заўваг. Напрыклад, электраабсталяванне (электраапаратура для кіравання станкамі, электрашафы, скрынкі і іншае) эксплуатуецца з парушэннем патрабаванняў бяспекі, таму не выключана выпадковае дакрананне работнікамі да токавядучых частак абсталявання, бо на ім адсутнічаюць ахоўныя крышкі, кожухі, не нанесены папераджальныя знакі. Да асобных дрэваапрацоўчых станкоў не падведзены паветраводы для адводу пылу непасрэдна з зоны апрацоўкі. Дарэчы, гэтыя прыстасаванні, што маюцца, не заземлены. На прадпрыемстве дапускаеца работа на станках, на якіх адсутнічаюць ахоўныя прыстасаванні. Пры будаўніцтве памяшкання работнікі карысталіся драўлянай драбінай, зрошчанай з дзвюх частак са ступенямі, не ўрэзанымі ў цеціву. Таксама работнікі працавалі без спецвопраткі, спецабутку і іншых сродкаў індывідуальнай аховы.
Відавочна, што выяўленыя мабільнай групай парушэнні патрабуюць найхутчэйшага выпраўлення. І кіраўнікі наведаных аб’ектаў аднясуцца да такой важнай справы па стварэнні бяспечных умоў на рабочых месцах вельмі сур’ёзна, бо клопат пра здароўе і бяспеку працаўнікоў з’яўляецца справай першаступеннай важнасці. Менавіта на гэта і акцэнтуе Дырэктыва кіраўніка краіны нумар адзін “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” на ўсіх без выключэння аб’ектах.
Сяргей Белка.