Са школьных гадоў я і марыла стаць педагогам, – прызнаецца Святлана Анатольеўна, загадчыца дзіцячага сада-ясляў «Верасок» г. Жыткавічы
З чаго пачынаецца жыццё маленькага чалавека? Канечне ж, з сям’і, з бацькоў. А яшчэ з дзіцячага садка, са школы. Вось прыехала на выхадныя дні да бацькоў з вялікага горада падросшая ўжо дачушка, і селі яны разам гартаць сямейныя альбомы. А там – фотакартачкі з садка: чорна-белыя і рознакаляровыя. Гэтыя фатаграфіі для дзіцяці, як правіла, самыя першыя на яго жыццёвым шляху.
Колькі яны эмоцый выклікаюць! Знаёмыя твары загадчыцы, выхавальніц, тэхперсаналу. Іх група, ранішнікі, канцэрты, заняткі ў спартыўнай зале. Якія яны з сённяшняга дня ўсе смешныя, цікавыя, непасрэдныя! А тут іх вучылі есці, спяваць, танцаваць, сябраваць. Тут іх з першых крокаў жыцця, па вялікаму рахунку, вучылі быць сапраўдным, харошым чалавекам. І калі кожны выхаванец скажа шчырае дзякуй сваёй дашкольнай установе, то (не ў крыўду іншым) найбольшы “ўраджай” такіх падзяк збярэ штогод дзіцячы сад №5 “Верасок”, які па колькасці дзетак быў і застаецца нязменным лідарам у нашым райцэнтры і раёне. Вось і сёлета яго наведваюць 250 хлопчыкаў і дзяўчынак.
А пачыналася ўсё ў 1989 годзе, калі ў маладым мікрараёне Азёрны, які звінеў дзіцячымі галасамі, адчыніў свае дзверы новы сад-яслі “Верасок”. Час той быў нялёгкі, але дзякуючы працалюбству, упартасці і настойлівасці першай загадчыцы Зінаідзе Аляксандраўне Бабруйка і яе калектыву дашкольная ўстанова годна прыняла сваіх першых выхаванцаў. І вось ужо восьмы год загадчыцай тут працуе Святлана Мініч.
– Вы ведаеце, са школьных гадоў я і марыла стаць педагогам, – прызнаецца Святлана Анатольеўна. – Закончыла Гомельскае педагагічнае вучылішча, 22 гады адпрацавала ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці горада Жыткавічы: спачатку выхавальніцай, затым метадыстам. Калі прапанавалі пасаду загадчыцы, то быў час роздуму, раілася нават са сваёй лепшай сяброўкай. І зараз не шкадую, хаця адказнасць пасля такога выбару і рашэння, безумоўна, вялікая: за дзетак, за работу, каб, не дай, Божа, ніякіх аўралаў не здарылася. З гэтай адказнасцю і неспакоем жыву як на рабоце, так і дома. Па другому нельга…
У “Вераску” функцыяніруюць 11 груп дзяцей, працуе 24 педагогі, каля 80 працэнтаў якіх маюць першую і вышэйшую катэгорыі. Правая рука і найпершая апора Святланы Мініч – яе намеснік па асноўнай дзейнасці Ларыса Чэчка, якая кантралюе ўвесь выхаваўчы працэс. За плячыма ў Ларысы Мікалаеўны 26 гадоў педагагічнага стажу, у са-дзе-яслях №5 яна працуе з першых дзён яго заснавання. Гэта выключна эрудыраваны спецыяліст, высокі прафесіянал сваёй справы, да таго ж з добрай доляй здаровага гумару, які толькі дапамагае ў рабоце.
Шмат што змянілася да лепшага з прыходам на пасаду загадчыцы Святланы Мініч – кіраўніка энергічнага, нераўнадушнага, мэтатанакіраванага. Дарэчы, у тым жа 2007 годзе тут пачала працаваць група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы. А пазней быў адкрыты пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Нямала зроблена і робіцца ў плане добраўпарадкавання як самога будынка дашкольнай установы, так і прысадавай тэрыторыі. Адчувальную дапамогу ў гэтым аказваюць бацькі дзяцей, а таксама шэфы – Жыткавіцкі лясгас і маторабудаўнічы завод.
Дзяцінства – час дзіўны і ўнікальны, гэтай парою ўсё магчыма: слабы і безабаронны можа стаць моцным, сумнае і нецікавае аказацца вясёлым і займальным. Згодна з вучэбнай праграмай дашкольнага выхавання ў “Вераску” працуюць гурткі, накіраваныя як на развіццё адораных дзяцей, так і тых відаў дзіцячай дзейнасці, якія не прадугледжаны або недастаткова раскрыты праграмай. Заняткі ў гуртках дазваляюць дзіцяці, што называецца, раскрыцца, а бацькам пабачыць увесь спектр яго сапраўдных магчымасцей і сферу будучых інтарэсаў. І работа тут вядзецца па трох накірунках: замежная (англійская) мова, дзіцячае ручное ткацтва і харэаграфія.
Заняткі харэаграфіяй праводзяцца з верасня па май 2 разы на тыдзень з дзецьмі, якія маюць жаданне і валодаюць танцавальна-рытмічнымі здольнасцямі. Неабходна адзначыць, што харэаграфія ў мясцовым садку – адзін з любімейшых дзіцячых заняткаў. Бо не сакрэт, што малышы настолькі перапоўнены жыццёвай энергіяй – не могуць знаходзіцца ўвесь час на адным месцы. Вось чаму гэтыя заняткі, якія звычайна праходзяць пад вясёлую музыку, здаюцца дзецям даволі заманлівымі, прыцягальнымі.
У бягучым навучальным годзе заняткамі па харэаграфіі кіравала выхавальніца Любоў Дзмітрыеўна Палякова. Яна распрацавала з дзецьмі беларускі танец “Каруначніцы”, вальс “Маленькая прынцэса”, а таксама танцы “Бавайце, цацкі”, “Гарэзлівая полька”, “Маленькія зоркі”. І самым яркім уражаннем для дзяцей з’яўляецца іх выступленне на сцэне. Юныя танцоры выступалі на агульным бацькоўскім сходзе, фестывалі дзіцячай творчасці “Які цудоўны гэты свет”, выпускных ранішніках. Вынікам работы стаў справаздачны занятак для бацькоў у форме майстар-класа. А заслужанай узнагародай былі ўсмешкі і апладысменты гледачоў.
Мэта гуртка “Чароўная нітачка”, які вядзе выхавальніца Анжэла Пятроўна Кудзько, – далучэнне выхаванцаў сярэдняй групы да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва: ручнога ткацтва на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення. Праводзіліся выставы для педагогаў установы і бацькоў “Фантазія восені”, “Чароўны сад”, “Віншуем мам са святам”. Вынікам стаў вернісаж “Беларусь мая сінявокая”.
У “Вераску” створана даволі моцная база фізкультурна-аздараўленчай работы, шмат чаго набыта з дапамогай спонсараў: абсталяванне, веласіпеды.
Выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы, адна з якіх – турызм – карыстаецца асаблівай павагаю ў дашкольнікаў. Гэтаму садзейнічае і ўдалае размяшчэнне побач з садком ляснога масіва і вадаёмаў. А кіраўнікі фізічнага выхавання Вольга Адамаўна Багдановіч і Святлана Васільеўна Ляйброк па-ранейшаму ў творчым пошуку.
Саміх педагогаў гэтай дашкольнай установы, для якой характэрна сістэмная, стабільная, карпатлівая работа, яднае любоў да песні. Вельмі шмат у гэтым плане мясцовая вакальная група мае дыпломаў самай высокай пробы. І разам са сваімі калегамі заўсёды загадчыца Святлана Анатольеўна Мініч, для якой наступіўшае лета – асаблівае. У чэрвені яе будуць віншаваць з юбілеем з дня нараджэння, а ў жніўні споўніцца 30 гадоў работы ў галіне дашкольнай адукацыі. Так што ўсе кветкі, усмешкі і добрыя пажаданні яшчэ наперадзе.
– Я шчаслівая, калі пасля чарговага выпускнога бацькі нашых дзяцей гавораць нам дзякуй, – кажа сціплая, старанная загадчыца “Вераска” Святлана Анатольеўна Мініч.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.