На Міколу ў вёсцы Чэрнічы Жыткавіцкага раёна штогод ладзяць свята — кірмаш
На яго збіраецца вельмі шмат гасцей, весела песні іграюць музыкі, людзі адпачываюць, частуюцца. Ладзяць такое мерапрыемства для мясцовых жыхароў работнікі вясковага клуба-бібліятэкі. Прычым не толькі каб насельніцтва з карысцю правяло свой вольны час, але яшчэ і каб не забывала свае старадаўнія народныя традыцыі.
Традыцыйным месцам правядзення кірмашу заўсёды з’яўляецца пляцоўка ля ўстановы культуры. Менавіта і сёлета тут сабраліся жыхары Чэрніч. Ішлі на свята вельмі дружна, захапляліся наколькі прыгожа культработнікі аздобілі месца правядзення мерапрыемства. Саматканыя ручнікі і дзяружкі з густам дапаўнялі вясновыя кветкі.
Свята Мікола заўсёды займае асобнае месца ў душы селяніна. Гэты святы заўсёды выступаў заступнікам бедных, жабракоў, удоў, сірот, дзяцей, жаніхоў і нявест. Адным словам, усіх тых, каму не вельмі салодка даводзілася ў жыцці. Нездарма ў народзе кажуць: “Калі ніхто не можа, то апошняя надзея на Міколу”, “Мо ніхто так не ратуе на вадзе, у дарозе ці на вайне як святы Мікола”. Яшчэ адной важкай падставай шырока адсвяткаваць Міколу было тое, што да гэтага часу заканчвалася сяўба ўсіх культур. Апошнімі на Міколавай нядзелі сеялі агуркі. Увогуле, гэта не адзіная традыцыя, якой трымаюцца жыхары Чэрніч на свята Міколы. Раніцай многія людзі схадзілі да калодцаў, маліліся, пілі “жывую” ваду, аблівалі адзін аднаго, каб на ўвесь год заставацца здаровымі і дужымі. Тых жа вяскоўцаў, што не паспелі па нейкіх прычынах гэтага зрабіць, святою вадою акрапіла ўсіх выйшаўшая на сцэну бабуля. Гэта для таго, каб Мікола ўсіх збярог ад бяды.
Яна саступіла месца маладзейшай жанчыне, якая таксама паказала вяскоўцам адну старадаўнюю магічную дзею, з дапамагой якой павялічваецца матэрыяльны дабрабыт сям’і. Жанчына дастала прынесеную з царквы свечку і падпаліла з абодвух бакоў фіціль, а потым хутка пачала казаць словы заклінання:
— Агонь вечны, а дух мой адзначаны золатам, срэбрам і ўсім дабром. Амінь.
З апошнім словам сялянка хутка тушыць свечку і кладзе яе ў кашалёк. Гэта робіцца для таго, каб у сям’і хапала грошай на ўсе патрэбы.
Безумоўна, час не стаіць на месцы. І ў мікольскі кірмаш ён таксама ўнёс сучасныя павевы. У ліку такіх, і гэта таксама цяпер стала традыцыяй, для віншавання вяскоўцаў на мерапрыемства прыязджае кіраўнік Азяранскага сельвыканкама Міхаіл Аліфіравец. Старшыня Савета і на гэты раз не скупіўся на добрыя словы пажаданняў, хваліў вяскоўцаў, што яны беражна адносяцца да сваіх традыцый, а таксама ўслаўляў іх працавітасць і вялікае пачуццё любові да свайго роднага краю. Пасля такога прывітання свята яшчэ больш завіравала, бо на сцэну са сваімі канцэртнымі нумарамі пачалі выходзіць самадзейныя калектывы з розных устаноў культуры раёна. Несумненна, што шчырыя апладысменты атрымалі спевакі-землякі з ансамбля “Спасаўка”. Да спадобы прыйшлося і выступленне маленькіх артыстаў з дзіцячага калектыва “Азярына” Азяранскага маладзёжнага цэнтра культуры. А як умеюць уздымаць настрой сваёй творчасцю музыкі сямейнага ансамбля Абібок, жыхары Чэрніч ведаюць вельмі добра. І госці з Запясочча не падвялі і на гэты раз, так узнялі градус весялосці і станоўчых эмоцый, што ўдзельнікі мерапрыемства да вечара заставаліся пад уздзеяннем выступлення гэтага самабытнага калектыва. Тым больш што арганізатары падрыхтавалі для людзей яшчэ адзін сюрпрыз, пасля канцэрта ўсіх запрасілі за святочны стол. І гэта яшчэ адна традыцыя сялян, якія гаварылі, што, калі не накорміш на Міколін дзень галоднага, сам будзеш галадаць. З вялікім задавальненнем госці і мясцовыя жыхары частаваліся прысмакамі за багатым святочным сталом, а танцы да позняга вечара сталі заканамерным працягам мерапрыемства. Вось так шануюць традыцыі сваіх продкаў жыхары вёскі Чэрнічы.
Сяргей БЕЛКА.