Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падвёў вынікі сёлетняга працоўнага саперніцтва сярод механізатараў, задзейнічаных на веснавых палявых работах
Лепшым аграрыям напярэдадні Дня Перамогі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалуцкі, яго першы намеснік, начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Цімашчэня непасрэдна на працоўных месцах уручылі каштоўныя падарункі і Ганаровыя дыпломы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
— Вынікі спаборніцтва падводзіліся вельмі дбайна, — расказвае прафсаюзны лідар работнікаў аграрнай галіны Уладзімір Цімашчэня. — Найперш улічвалі велічыню аб’ёму выкананых работ, а таксама звярталі ўвагу наколькі якасна працаваў механізатар на палетку. Да таго ж захоўвалася ва ўсім поўная празрыстасць: прамежкавыя вытворчыя здабыткі механізатараў па кожнаму віду работ друкаваліся на старонках раённай газеты. Таму абраць самых годных і руплівых спецыялістаў было значна лягчэй. Хаця прэтэндэнтаў на першынство было вельмі і вельмі шмат.
Сапраўды, узнагароды і дыпломы атрымалі вельмі старанныя механізатары. Два з іх з сельгаспрадпрыемства “Коленскае”. Гэта Мікалай Хільман і Андрэй Ханеня. З першых дзён веснавой пасяўной яны вывелі свае трактары ў поле. Мікалай Сяргеевіч вынікова рупіўся на ўнясенні мінеральных угнаенняў, выканаўшы гэтую важную справу на плошчы больш за дзве тысячы гектараў. А вось Андрэй Сяргеевіч плённа працаваў на перадпасяўной падрыхтоўцы глебы, якой апрацаваў амаль тысячу гектараў. Несумненна, што гэтыя поспехі не прыйшлі самі па сабе, іх механізатары стварылі ўласным стараннем і майстэрствам, адказнымі адносінамі за даручаны ўчастак работы. Зразумела, што даводзілася працаваць ім у полі да позняга вечара, а потым яшчэ і ў гаражы, каб падрыхтаваць сваю тэхніку да работы ў наступны дзень. Кожнаму хлебаробу гэтыя цяжкасці добра вядомыя, таму і наракаць на іх яны не ўмеюць, а проста сумленна выконваюць пастаўленыя кіраўніцтвам перад імі задачы.
Гэтак жа плённа працягваюць шчыраваць Хільман і Ханеня на палетках сельгаспрадпрыемства і зараз. Мікалай раскідвальнік мінеральных угнаенняў памяняў на сеялку для сяўбы кукурузы. І тут ён аказаўся на вышыні. Тое, што гаспадарка закончыла ў самыя сціслыя тэрміны сяўбу гэтай кармавой культуры, ёсць немалы ўклад Мікалая Сяргеевіча. Яго паспяховасць з калегамі на кукурузным палетку ў значнай ступені залежала ад працавітасці Андрэя Сяргеевіча, які бесперапынна вёў падрыхтоўку глебы для сяўбы, тым самым забяспечваў фронт работы сваім таварышам па механізатарскай справе. Таму атрыманыя вышэйзгаданымі майстрамі хлебаробскай справы падарункі — заслужаная падзяка ім за ўзорнае выкананне Хільманам і Ханенем сваіх вытворчых абавязкаў.
Не займаць спрактыкаванасці і яшчэ аднаму механізатару, пераможцу саперніцтва, Віктару Аліфяровічу з акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсервіс”. Ён вызначыўся на работах па хімічнай ахове пасеваў. Таксама вельмі важны ўчастак, бо цяпер атрымаць высокі ўраджай без правядзення такіх мерапрыемстваў проста немагчыма. Прычым, Віктар Пятровіч выконвае іх не толькі на палях свайго прадпрыемства, але і шмат працуе ў гаспадарках.
— Правядзенне ахоўных мерапрыемстваў на пасевах патрабуе ад механізатара пільнасці, і асцярожнасці, але ў Віктара Пятровіча, так бы мовіць, усё ў руках гарыць, настолькі дасканалыя яго рухі і падчас запраўкі цыстэрны рабочай сумессю, і падчас руху па полі — хваліць свайго падначаленага дырэктар акцыянернага таварыства Віктар Атліванаў. — На нашым прадпрыемстве гэты механізатар з’яўляецца для ўсіх прыкладам стараннасці і майстэрства, акрамя таго, ён яшчэ і роданачальнік працоўнай дынастыі, поплеч з бацькам у нас працуюць і яго два сыны. І яны таксама ў ліку лепшых. Такімі людзьмі можна ганарыцца.
Таксама ўшанаваны быў і механізатар КСУПа “Чырвоны Бор” Дзмітрый Макарэвіч. Гэты працаўнік з дынастыі патомных хлебаробаў. Хлебаробскую навуку пераймаў ад бацькі. Таму цяпер яго рукам падуладна любая сельскагаспадарчая тэхніка, што Дзмітрый Анатольевіч яскрава даказаў гэтай вясной на палетках гаспадаркі. Напачатку ён унёс на двух з паловай тысячах гектараў мінеральныя ўгнаенні, потым сеяў яравыя каласавыя, а калі прыйшла чарга кукурузы — смела ўзяўся і за гэтую справу. Агульны вынік на сяўбе Макарэвіча складае больш за тысячу гектараў.
— Каб так усе адносіліся да справы як Дзмітрый, то і праблем бы намнога паменела, — адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства Віктар Раковіч. — З такімі механізатарамі можна горы звярнуць.
Несумненна, што праяўленая ўвага да лепшых працаўнікоў на веснавых палетках гаспадарак з боку кіраўніцтва раёна, галіновага прафсаюза, прамое сведчанне таму, наколькі пачэсным з’яўляецца ў нас хлебаробскі абавязак. А яшчэ гэта сведчыць і аб тым, што сумленна працуючы на зямлі можна дамагчыся дабрабыту і пашаны. Аб чым і нагадалі пераможцам саперніцтва Аляксандр Мікалуцкі, Мікалай П’яўко і Уладзімір Цімашчэня. Як сказаў апошні, на наступным тыдні заслужаныя ўзнагароды ад раённай прафсаюзнай арганізацыі АПК будуць уручаны і пераможцам працоўнага саперніцтва на іншых відах палявых работ.
Сяргей Белка.