Больш сямідзесяці юнакоў з нашага Жыткавіцкага раёна папоўняць армейскія рады падчас бягучай прызыўной кампаніі
Днямі будучым салдатам урачыста ўручылі павесткі на вайсковую службу.
Традыцыйна для прызыўнікоў, якія ідуць у армію вясной, гэтае мерапрыемства праходзіць ля помніка загінуўшым чырвонаармейцам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны. І гэта невыпадкова, таму што будучыя салдаты павінны адчуваць, якая вялікая адказнасць кладзецца на іх плечы. Яны павінны будуць ахоўваць мір на нашай зямлі. Менавіта на гэтым рабілі акцэнт у сваіх прамовах выступоўцы: намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Адам Аліфяровіч, пратаірэй Генадзь ( Хаткевіч). Яны не толькі жадалі юнакам паспяховай службы, але і таго, каб яны здаровымі вярнуліся да дому, да сваіх бацькоў. Зразумела, што і гучалі віншаванні з нагоды сямідзясятай гадавіны Вялікай Перамогі, а салдаты, якія яе набліжалі, павінны стаць прыкладам для цяперашніх прызыўнікоў у адданасці і служэнні сваёй Айчыне. Бо яны, ветэраны, не шкадавалі свайго жыцця, каб адстаяць са зброяй у руках яе незалежнасць і свабоду, усталяваць мір на зямлі.
Няроўны пакуль яшчэ строй навабранцаў уважліва слухаў наказы , якія ім давалі старэйшыя салдаты. Простыя, нібы бацькоўскія прамовы, выказаныя на мерапрыемстве, не толькі нагадвалі хлопцам аб значнасці абавязку, які ім прыйдзецца выконваць, але аб тых высокіх маральных якасцях беларусаў, якія яны праяўлялі ва ўсе часы, стойка баронячы саю Бацькаўшчыну, стоячы на варце яе спакою і дабрабыту.
Асабліва хвалюючым момантам урачыстасці для хлопцаў сталі выступленні прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, дзе першыя працавалі да прызыву ў армію. А такіх было нямала. На мерапрыемства прыйшлі выказаць словы падтрымкі будучым салдатам адказныя спецыялісты акцыянернага таварыства “Тураўшчына”, Тураўскага малочнага камбіната, Жыткавіцкага лясгаса, Жыткавіцкага торфабрыкетнага завода, агратэхсервіса і хімсервіса, ксупа “Коленскае”, прафесійнага ліцэя і іншых. Ніхто з прадстаўнікоў прадпрыемстваў не шкадаваў добрых слоў у адрас навабранцаў, усе адзначалі іх стараннасць і працавітасць, зычылі добрай службы, а таксама, каб пасля яе ўсе вярнуліся на свае працоўныя месцы.
— З нашай гаспадаркі зараз ў армію прызываецца тры работнікі, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце акцыянернага таварыства “Тураўшчына” Ігар Міцюрыч. — Гэта механізатары Васіль Дарошка, Аляксандр Бохна і аператар даільнай устаноўкі на малочна-таварным комплексе Андрэй Турмовіч. Хлопцы добра зарэкамендавалі сябе на вытворчасці, спадзяюся, што з новымі навыкамі і ведамі, якія атрымаюць на службе, яны вернуцца назад у гаспадарку. Армейская школа яшчэ нікому не зашкодзіла, яна толькі спрыяе фарміраванню характару, загартоўвае яго.
Зразумела, што прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый не толькі цёплымі словамі падтрымлівалі сваіх прызыўнікоў, а, каб апошнім лепей запомнілася такая значная падзея ў жыцці, хлопцам уручалі каштоўныя падарункі.
— Канечне, такія мерапрыемствы павінны праводзіцца, — расказвае прызыўнік Дзіма Макарэвіч. — Яны нагадваюць нам, наколькі важна выконваць хлопцам свой галоўны грамадзянскі абавязак па абароне Радзімы, але і маюць патрыятычнае напаўненне. Што тычыцца службы, то да яе я гатовы. Трэба было раней пайсці ў армію, але вучыўся, потым працаваў электраманцёрам у рэсе.
Такіх водгукаў можна было пачуць на мерапрыемстве вельмі шмат. Юнакі разумеюць, што прайсці армію будзе для іх толькі карысці. Тым больш што многія хлопцы, якія папоўняць вайсковыя злучэнні гэтай вясной, лічаць армію, вобразна кажучы, трамплінам для будучай кар’еры ў органах правапарадку. Служыць нашыя землякі будуць у самых розных родах войскаў: у пагранічных, сіл спецыяльных аперацый, сувязі, Міністэрства ўнутраных спраў, і іншых. Галоўнае, каб зрабілі яны гэта годна, аб чым прызыўнікам нагадаў начальнік аддзела прызыву Жыткавіцкага ваеннага камісарыята Алег Брэеў. Ён жа і ўручыў павесткі прызыўнікам. Яны, пачынаючы з пятнаццатага мая, накіруюцца да свайго месца службы. Хаця і лёгкай яна не будзе, але ва ўсіх прысутных на мерапрыемстве засталіся толькі станоўчыя ўражанні і эмоцыі, а таксама спадзяванні, што ўсё ў арміі складзецца толькі добра.
Сяргей Белка.