Марыі Хамляк, аператару машыннага даення малочнатаварнага комплекса АТ «Тураўшчына», давялося займацца рознымі справамі
Марыі Хамляк у сваім жыцці давялося займацца рознымі справамі. Але ўсюды жанчына старалася выконваць абавязкі сумленна, каб у яе адрас не паступала нараканняў. Гэтага прынцыпу ў сваёй рабоце яна цвёрда трымаецца і на новым месцы працы.
Зараз Марыя шчыруе аператарам машыннага даення на малочнатаварным комплексе ў акцыянерным таварыстве “Тураўшчына”. Гэты вытворчы аб’ект у сельгаспрадпрыемстве ўступіў у строй зусім нядаўна. Таму запоўнілі яго цялушкамі. Зараз распачаліся масава іх расцёлы, і аператарам машыннага даення патрабуецца іх добра раздаіць, каб у далейшым прадуктыўнасць жывёлы была высокай. Вось на такім адказным участку і працуе Марыя Хамляк. У яе на раздоі знаходзіцца больш за сотню галоў цялушак. Іх даенне ажыццяўляе спецыяліст тройчы на дзень. Таму і малака атрымлівае ад сваіх гадаванцаў нямала. Некаторыя з іх за адну толькі дойку даюць па пятнаццаць кілаграмаў прадукцыі.
Аператар машыннага даення вельмі задаволена, што ёй выпала працаваць на такой сучаснай “фабрыцы” па вытворчасці малака, якая аснашчана сучасным абсталяваннем, і дзе многія працэсы механізаваны. А яшчэ Марыю Хамляк радуе, што на комплексе падабраўся дружны калектыў, для ўсіх людзей маюцца цудоўныя бытавыя ўмовы. Усё гэта настройвае жывёлавода на дасягненне высокіх надояў. І аператар спадзяецца, што на новым комплексе яны стануць паўсядзённай нормай.
Сяргей БЕЛКА.