Аграрыі Жыткаўшчыны паспяхова справіліся з работамі па падкормцы мінеральнымі тукамі азімых каласавых культур
Аграрыі раёна паспяхова справіліся з работамі па першай падкормцы мінеральнымі тукамі азімых каласавых культур. У гаспадарках азімы клін сёлета займае 12626 гектараў. Цяпер на гэтых палетках пачаўся другі этап доглядных мерапрыемстваў.
Таксама ідуць падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі на сенакосах і выпасах. Блізкія працаўнікі вёскі і да выканання асноўнай задачы вясны: сяўбы ранніх зерневых і зернебабовых культур. Гэта работа выканана больш чым на 4000 гектарах, што складае 78 працэнтаў ад усёй плошчы. У такіх сельгаспрадпрыемствах, як КСУПы “Бялёў”, “Чырвоны Бор”, “Коленскае” і ААТ “Прыазёрскае-Агра” і “Жыткавічыхімсервіс” сяўбу яравых зерневых і зернебабовых завяршылі поўнасцю. Пачата сяўба і аднагадовых культур.
Кіпіць праца і на іншых участках веснавога пасяўнога канвеера. Значныя сілы аграрыяў сканцэнтраваны на падрыхтоўцы глебы для сяўбы кукурузы і іншых яравых. З 19813 гектараў апрацавана ўжо 10164 гектары. Добра ладзяцца справы з падрыхтоўкай глебы ў акцыянерных таварыствах “Прыазёрскае-Агра”, “Тураўшчына”, “Людзяневічы” і КСУПе “Чырвоны Бор”.
Старанна працуюць земляробы і на ўнясенні арганічных і мінеральных угнаенняў на палетках. Сёлета запланавана заправіць глебу 278000 тон арганікі. Па стану на 2 красавіка арганічных угнаенняў унесена на палеткі амаль 230 тысяч тон. Спорыцца работа ў механізатараў акцыянерных таварыстваў “Прыазёрскае-Агра”, “Жыткавічыхімсервіс” і сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба, дзе арганікі ўнесена на палі значна больш запланаванага.
Сяргей МІКАЛАЕЎ.