Жывуць у радасці і любові
Кажуць, калі моцная сям’я, то і моцная тая дзяржава. Прыклад сям’і Жукоўскіх, якія пражываюць у Жыткавічах, яскрава пацвярджае гэтае выслоўе. Бо менавіта дзяржаўныя падтрымка і клопаты дазволілі гэтай ячэйцы нашага грамадства ўпэўнена глядзець у будучыню. Дарэчы, Наталля Фёдараўна прадстаўлена да ордэна Маці.
Наша сустрэча з маці Наталляй Фёдараўнай, яе мужам Сяргеем і дзецьмі адбылася ў выхадны дзень. Уся сям’я, як кажуць, была ў зборы. Адразу кінулася ў вочы наколькі дружныя Жукоўскія, тая хатняя ўтульнасць, што пануе ў іх кватэры. Яе, дарэчы, дапамагла набыць сям’і дзяржава, бо Наталля з’яўляецца шматдзетнай маці.
— Што ў нас з мужам пяцёра дзяцей будзе, нават не згадвалі, — расказвае Наталля Фёдараўна, — але цяпер для нас яны найбольшыя радасць і шчасце ў свеце.
Выхоўваюць дзяцей бацькі разам. Не дзеляць работу на мужчынскую ці жаночую. Трэба жонцы па справах адлучыцца, муж прыгледзіць за дзецьмі. Вось і ў дзень нашага наведвання Жукоўскіх пакуль размаўлялі з жанчынай, Сяргей у іншым пакоі пеставаў сваіх малых. Асаблівага клопату патрабуе маленькая Верка. Яна самая малодшая, толькі паўтара годзіка споўнілася. Таму маці знаходзіцца ў водпуску па догляду за дачкой.
— Цяпер дэкрэт аплочваецца вельмі нядрэнна, што з’яўляецца істотнай падтрымкай з боку дзяржавы нам, маці, — зазначыла жанчына. — Але падрасце дачка, абавязкова пайду на працу. Не магу я сядзець без работы.
Да водпуску па доглядам за дзіцём Наталля Фёдараўна працавала аператарам машыннага даення ў КСУПе “Коленскае” на малочнатаварным комплексе “Пасека”. Канечне ж, работа вельмі клопатная. Патрабуюць прафесійныя абавязкі і рана ўставаць, і позна класціся. Але ў Наталлі вельмі цвёрды характар: пакуль не пераробіць усе справы адпачываць не сядзе. Яе муж зараз з’яўляецца рабочым у акцыянерным таварыстве “Сатурн-1”. Жукоўскія справядліва лічаць, што дзяржаўная падтрымка гэта вельмі добра, але астатні дабрабыт патрэбна мацаваць уласнымі сіламі. Таму бацькі і імкнуцца, каб у іх сыноў і дочак было ўсё, што патрабуецца для шчаслівага дзяцінства.
Выхоўваць пяцёра дзяцей для Жукоўскіх хоць і клопатная справа, але і не такая ўжо і новая. Наталля і Сяргей самі са шматдзетных сем’яў. У бацькоў жанчыны іх было пяцёра, а ў мужа — трое. Таму добра бачылі і адчувалі, як будаваліся адносіны ўнутры іх сем’яў. І многае з гэтага вопыту прымяраюць для сябе. Найперш стараюцца, каб іх дзеці не цураліся працы, раслі сумленнымі і добрымі людзьмі. Таму ў кожнага браціка і сястрычкі Жукоўскіх ужо з маленства маюцца свае хатнія клопаты, якія яны стараюцца дасканала выконваць. А своеасаблівым дырыжорам у гэтым сямейным аркестры выступае Наталля Фёдараўна.
…Пад канец нашай гутаркі кухня, дзе адбывалася размова з маці, напоўнілася галасамі малых. Не вытрымалі, каб задаволіць сваю дзіцячую цікавасць, што ж гэта ў іх доме адбываецца такое незвычайнае. Яны хуценька абнялі сваю матулю, ласкава гледзячы ёй у вочы. І адразу пасля такога стала зразумела, што ў гэтым сямейным ачагу жывуць у радасці і любові. Гэтыя якасці і стараецца падтрымліваць пастаянна Наталля Фёдараўна.
Сяргей мікалаеў.