Рухацца правільным курсам
Адразу, як уваходзіш у рабочы кабінет дырэктара камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства КСУП “Коленскае” Валянціна Карпава, у вочы кідаецца сцяна, увешаная некалькімі радамі ганаровых дыпломаў і грамат. З кожным годам іх прыбаўляецца і прыбаўляецца. Менавіта яны — сведчанне найперш працоўных заслуг калектыву гаспадаркі.
— Пастаўленую перад сабой задачу па ўзнагародах я выканаў, — усміхаючыся зазначыў Валянцін Мікалаевіч. — Калі браўся кіраваць гаспадаркай, сказаў, што іх будзе тры рады — вось яны і ёсць. Канечне, сталася гэта дзякуючы намаганням усяго калектыву.
Валянцін Карпаў знаходзіцца ў руля КСУПа з 2001 года. Хаця працоўны стаж яго тут з невялікімі перапынкамі пачынае адлік з 1990. І ўвесь гэты перыяд ён імкнуўся нацэліць рабочых і спецыялістаў дабівацца больш важкіх вытворчых і эканамічных паказчыкаў. І людзі падтрымалі свайго кіраўніка.
Пра працаўнікоў сельгаспрадпрыемства Валянцін Мікалаевіч добрых і шчырых слоў можа гаварыць бясконца. На цяперашні час іх 260 чалавек, сярэдні ўзрост да 40 гадоў. Два з паловай дзясяткі жанчын знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзецьмі. Відавочны патэнцыял для новых значных спраў, праглядваецца і перспектыва, што яшчэ не адзін дзясятак гадоў КСУП “Коленскае” без працоўных рук не застанецца. Імпануе кіраўніку і тое, што многія работнікі імкнуцца павышаць свой прафесійны ўзровень, асабліва моладзь. І гаспадарка актыўна падтрымлівае такія памкненні, бо, каб працаваць на сучаснай тэхніцы, абсталяванні на фермах, патрэбна валодаць не адной спецыяльнасцю. У працоўным калектыве сельгаспрадпрыемства “Коленскае” ўмела спалучаецца вопыт і прафесіяналізм спецыялістаў з маладым запалам.
Менавіта старанныя людзі і з’яўляюцца асновай тых поспехаў, што мае гаспадарка. Цяпер Валянцін Карпаў з жахам успамінае, што, калі ён стаў дырэктарам, на ферме ўтрымлівалася толькі 1100 галоў жывёлы, а ад каровы надойвалі 1600 кілаграмаў малака. Цяпер жывёлы ў гаспадарцы маецца ў чатыры разы болей, а надоі павялічыліся ў тры разы. Ды і культура земляробства вырасла, таму на некаторых плошчах атрымліваюць па 1,5-2 ураджаі. А ўсё таму, што многа зрабілі па ўмацаванні матэрыяльнай базы, рэканструкцыі ферм. Хаця надаралася ўсякае. Напрыклад, не ўдаецца да канца давесці будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу.
На сённяшні дзень КСУП “Коленскае” па эфектыўнасці гаспадарання адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў у раёне. І гэтага курсу тут збіраюцца трымацца і надалей. І такі выбар працаўнікі сельгаспрадпрыемства зрабілі свядома.
Сяргей Белка.