Памятаць, каб жыць!
Яўхім Рыгоравіч Хаміцэвіч. 1929 года нараджэння. Пры Польшчы бацькі працавалі на сваёй сядзібе. Зусім маладым, ад звычайнай прастуды, памёр бацька. У той час Яўхіму Рыгоравічу было тры гады. Праз два гады ён, пастушком, будзе таксама зарабляць на хлеб.
Пасля смерці бацькі самую цяжкую работу на сябе ўзяла старэйшая сястра Марыя. Сама арала поле валом, таму што ў гаспадарцы каня не было. Перад самай вайной Яўхіму Рыгоравічу ўдалося скончыць тры класы польскай школы.
1941-1945 гг. Не было ў гісторыі нашай краіны больш трагічнага і значнага часу. З кожным годам усё менш і менш сярод нас застаецца сведкаў тых далёкіх падзей. Трэба спяшацца размаўляць з імі, сведкамі той трагедыі, пакуль яны жывуць побач. І нельга сказаць, што здароўе радуе, што жыццё з балячкамі прыносіць задавальненне, але трэба неяк жыць! Жыць дзеля таго, каб памятаць, і каб гэта памяталі і ўнукі, і праўнукі. А памяць часу непадуладная.
«1942 год. Зіма. Люты. Другі год вайны. Мне 13 гадоў, — прыгадвае Яўхім Рыгоравіч. — Да гэтага года немцы не лютавалі. Хата бацькоў была побач з той, што зараз размешчана непадалёк ад нашай хаты. У нас была толькі маці, бацька памёр, калі мне было 3 гады. У той дзень менавіта ў нашу хату немцы сагналі ўсіх жыхароў вёскі. Напярэдадні з кожнага двара нямецкія салдаты выганялі скот, каб пазней адправіць яго ў Германію. У нас таксама была кароўка і вол. Падлеткаў, і гэткіх жа дзяцей як я, прымусілі гнаць скот у Морач. Снегу было вышэй за метр. Гэтая адпраўка і ўратавала нас ад пагібелі. На раніцу ў Морачы ўсіх нас, дзяцей-пастушкоў, сагналі ў хлеў, паставілі насупраць кулямёты. Ужо хацелі расстраляць. Нечакана падышоў нейкі нямецкі чын, пагаварыў з кулямётчыкамі, і нас, дзяцей, прыкладамі загналі ў машыны і завезлі ў слуцкую турму.
Там мы прабылі тыдні са два. Кармілі так, каб не памерлі. Потым пераправілі на машынах у Мінск, адтуль — у Германію.
Першай станцыяй была Польшча, там быў размеркавальны пункт. Падкінуць немцы кусочак хлеба, — галодныя людзі, падлеткі ловяць гэты хлеб, а немцы фатаграфуюць і смяюцца.
Праз некаторы час нас адправілі ў Германію. У Магдэбургу ў лагеры размяркоўвалі куды каго. Я трапіў да хазяіна. Ён быў не зусім рады, бо які з мяне работнік. Завезлі, адразу пакармілі малочным супам і паклалі спаць. Я трапіў туды з палякам. У хляве была кухня для дамашніх жывёл, а побач маленькая каморка — там мы і жылі. Каля нас — каровы 15 галоў, коні, авечкі.
Працаваў на полі, выконваў палявыя работы, даіў кароў, рабіў усе, што скажуць. Памятаю, паглядзеў на трактар і адразу зразумеў, як ехаць. Побач з гаспадаром жыў латыш (яшчэ з той вайны). І яны сталі сведкамі майго расказа: чым жылі тады беларусы, як здзекваліся немцы з людзей, палілі. Гаспадары не верылі ў тое, што я расказваў. У той час старэйшы сын хазяіна быў у войску, вазіў вялікага начальніка на машыне. І калі з Брэста прыехаў у адпачынак, расказаў амаль тое, што і я, то адносіны гаспадароў да мяне змяніліся.
Пачалі адносіцца больш уважлівей. Раней, калі спазняліся на абед, то ўсё прыбіралі, і тым самым каралі за спазненне. А пасля аповеду сына адносіны гаспадароў да палонных сталі больш лаяльнымі і прыемнымі. Калі абед быў у 12.00, то кідалі ўсю работу і ішлі абедаць.
У маі 1945 г. нас вызвалілі савецкія войскі. У гэтым жа горадзе мяне б прызвалі ў армію, а калі спыталі, з якога я года, я адказаў, што з 1929, то мяне адразу адправілі дадому. Праз дзень даўмеўся прыйсці да другога камандзіра, і схлусіў, што я з 1927 года. Мяне залічылі ў запасны полк. Мы ішлі за асноўнымі войскамі (таму я зараз не ветэран Вялікай Айчыннай вайны).
Там я і застаўся пасля Перамогі служыць – 6 гадоў, тры з іх быў у духавым аркестры, музыкантам стаў. Усякія немцы і тут сустракаліся. На граніцы і забівалі, і зневажалі, і не давяралі.
Дэмабілізаваўся з арміі ў 1951 годзе. Вярнуўшыся дадому, знайшоў у жывых толькі сястру. Крыху пажыў у яе, а потым пабудаваў хату, амаль побач з сястрой. У 1952 годзе ажаніўся са сваёй Верачкай (яны і сёння як і ўсе гады ідуць поплеч).
17 гадоў прапрацаваў майстрам у падсочцы. Ад Мінска, Баранавічаў, усе лясы аб’ездзіў. А перад пенсіяй працаваў на смолзаводзе.
У свой час атрымаў грашовую кампенсацыю за гады, праведзеныя ў Германіі.
Аднак ці можна вярнуць дзіцячыя гады, праведзеныя ў нямеччыне, без бацькоў, без блізкіх у штодзённых абавязках і цяжкай працы?..»
Ад сябе ўласна і ад імя маіх дзяцей-гурткоўцаў хочам падзякаваць і Яўхіму Рыгоравічу, і Веры Мітрафанаўне за тое, што яны заўсёды шчыра і з вялікім жаданнем нас сустракаюць, што з іх добрай падачы матэрыялу мы маем далёка не адзін дыплом і неаднаразова да нас прыязджалі ў камандзіроўку прадстаўнікі інстытута культуры. Пажадаць ім добрага здароўя на доўгія гады.
В. Емельяновіч,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мілевіцкага дзіцячага
сада-сярэдняй школы.