Ёсць рэзервы ў будаўнікоў

каменьщикПраца будаўніка заўсёды была нялёгкай, але ганаровай і паважанай. Усюды, дзе пачыналася будаўніцтва, пачыналася новае жыццё. Да таго ж будаўнічая галіна заўжды давала работу шматлікім іншым галінам народнай гаспадаркі, не дазваляла ім прастойваць, уцягвала іх у агульную сферу дзейнасці. А без сучасных прадпрыемстваў і памяшканняў, без жылля, якое ўзводзяць муляры і цесляры, сантэхнікі і электрыкі, нельга ўявіць далейшае развіццё нашага раёна.

ПМК-76 адкрытага акцыянернага таварыства “Гомельсаўгасбуд” можна без перабольшвання назваць флагманам будаўнічай галіны на Жыткаўшчыне. Нядаўна гэтую перасоўную механізаваную калону ўзначаліў Віктар Макарэвіч, які да абрання яго на пасаду начальніка прайшоў усе асноўныя прыступкі будаўнічай службовай кар’еры: працаваў майстрам, прарабам, галоўным інжынерам. Перад справаздачным сходам, на якім кіраўнік калектыву павінен быў зрабіць аналіз работы за 2014 год, нам хвілін 15 давялося пагутарыць з Віктарам Сяргеевічам у яго службовым кабінеце. І ён шчыра зазначыў, што на гэты раз пастараўся сабраць калектыў у сваім найбольшым прадстаўніцтве, бо ў цэлым работай будаўнікоў за мінулы год ён, як начальнік калоны, не задаволены. І зала, трэба аддаць належнае працаўнікам, была бітком набітая людзьмі.
Як сведчыла з выступлення Віктара Макарэвіча, у 2014 годзе працаўнікі ПМК-76 без работы не сядзелі, аб’ёмаў для асваення ім хапала. Таму і зроблена было нямала. У прыватнасці, былі выкананы работы на такіх аб’ектах як 60-кватэрны жылы дом у горадзе Жыткавічы, МТФ на 1000 галоў у населеным пункце Марохарава і МТФ на 600 галоў у вёсцы Кольна. Быў праведзены рамонт адміністратыўных будынкаў ДЭУ-111, ДБУ-21, зроблена мадэрнізацыя басейна ў горадзе Жыткавічы, кацельні ў вёсцы Кольна, рэнтгенкабінета Жыткавіцкай ЦРБ, рэканструкцыя кінатэатра “Узыход” у райцэнтры. Былі таксама падведзены інжынерныя сеткі да жылых дамоў у Жыткавічах і Тураве, у мікрараёнах “Подаўж-3”, “Жыткавічы-1”.
Варта сказаць, што ў сваёй будаўнічай дзейнасці калектыў перасоўнай механізаванай калоны не абмяжоўваўся аб’ектамі толькі нашага раёна. Каб мець большыя аб’ёмы, быць у пастаяннай працоўнай занятасці, пошукі з боку кіраўніцтва ішлі далей межаў Жыткаўшчыны. Таму на рахунку будаўнікоў у мінулым годзе таксама ўзвядзенне 40-кватэрнага жылога дома ў населеным пункце Доўск Рагачоўскага раёна, устройства кабельных ліній ААТ “Гомельдрэў” у Рэчыцы, газа на 60-кватэрны жылы дом у Калінкавічах.
Агульная колькасць працуючых па стану на пачатак новага 2015 года тут склала 160 чалавек (у тым ліку 41 жанчына). А на пачатак 2014-га яна складала 181. Былі набыты два новыя аўтамабілі — МАЗ і “Газель”, на набыццё інструментаў і спецыяльнага абсталявання зрасходавана 111,8 мільёна рублёў. Пабудаваны цэх металаапрацоўкі, складское памяшканне для захоўвання вапны, адрамантаваны бытавое памяшканне, дах гаражных блокаў, праведзена рэканструкцыя даха складскога памяшкання для захоўвання цэменту.
Пільная ўвага ў калоне ўдзялялася ахове працы, на што было выдаткавана 632 мільёны рублёў. Набыты неабходныя сродкі калектыўнай і індывідуальнай аховы працы: пальчаткі, рукавіцы, аптэчкі, а таксама спецвопратка. На выплаты за работу са шкоднымі ўмовамі працы зрасходавана 44,6 мільёна рублёў, за абавязковае страхаванне работнікаў ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў – 56,6 мільёна. Пад пастаянным кантролем тут страюцца трымаць пытанні навучання, павышэння кваліфікацыі і праверкі ведаў па ахове працы. Свае веды абнавілі два стропальшчыкі і кіроўца вежавага крана. Ва ўнітарным прадпрыемстве “Гомельаблгаз” прайшлі атэстацыю тры электрагазазваршчыкі на права зваркі газавых трубапровадаў, два слесары па будаўніцтву і мантажу газапровадаў і газавага абсталявання жылых будынкаў і прадпрыемстваў. Восем спецыялістаў павысілі сваю кваліфікацыю ва ўстанове адукацыі “Гомельскі цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў”.
За справаздачны перыяд службай аховы было выяўлена 111 парушэняў заканадаўства аб ахове працы, пажарнай бяспекі, электрабяспекі, прамысловай санітарыі, з іх 99 ухілена. Праведзены праверкі ведаў у 225 работнікаў, 4 дні аховы працы, 13 уводных інструктажоў з новымі работнікамі. Няшчасных выпадкаў на вытворчасці і выпадкаў прафесіянальнай захворваемасці не зафіксавана.
Як бачым, умовы працы для будаўнікоў летась быццам бы створаны былі неблагія, стараліся забяспечыць іх і неабходнымі аб’ёмамі, не затрымлівалі заробкі. А якая была аддача? Як сказаў пры падвядзенні вынікаў Віктар Сяргеевіч, у 2014 годзе ПМК-76 спрацавала кепска, бо ні адзін з даведзеных паказчыкаў не быў выкананы, акрамя сярэднемесячнай зарплаты. Назіраецца зніжэнне ўсіх паказчыкаў у параўнанні з папярэднім годам. Аб’ём будаўніча-мантажных работ пры заданні 65,5 мільярда быў выкананы ўласнымі сіламі на 39,9 мільярда рублёў, што склала толькі 60,8 працэнта. Тэмп росту ў параўнанні з папярэднім годам склаў 76,3 працэнта, аб’ём будаўніча-мантажных работ у 2014 годзе знізіўся на 23,7 працэнта ў параўнанні з 2013 годам.
Па шмат якіх паказчыках, як падкрэсліў выступаючы, ПМК-76 саступае аналагічным калектывам ААТ “Гомельсаўгасбуд”, тым жа, напрыклад, ПМК-4, ПМК-16, ПМК-43. Выручка на аднаго працуючага склала 281,98 мільёна пры заданні 334 мільёны рублёў. Прадукцыйнасць працы знізілася ў параўнанні з мінулым годам на 10,9 працэнта. Сярэднямесячная зарплата ў 2014 годзе павялічылася на 114,2 працэнта і склала 6 мільёнаў 396 тысяч рублёў.
Вострай крытыцы ў сваім выступленні Віктар Макарэвіч падверг тых, хто парушае дысцыпліну, працуе з нізкай якасцю, а часам нават адмаўляецца ад выканання ўзложаных работ, пераадрасуючы іх іншым. Тры чалавекі былі звольнены за прагулы, адзін — за знаходжанне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. У цэлым жа калона мае свой моцны касцяк, калектыў працаздольны, трэба толькі спаўна выкарыстоўваць увесь наяўны патэнцыял, задзейнічаць усе нявыкарыстаныя рэзервы. Усё вырашаюць кадры, а яны на прадпрыемстве ёсць.
Напрыканцы сходу кіраўнік меха-нізаванай калоны В. Макарэвіч акрэсліў задачы калектыва на новы 2015 год. Запланавана ўвесці ў эксплуатацыю сталярны цэх з устаноўкай новага абсталявання, абнавіць інфармацыйныя стэнды па ахове працы на ўсіх вытворчых участках і на асобных аб’ектах, абсталяваць кабінет па ахове працы. Будуць прыведзены ў адпаведнасць з санітарна-гігіенічнымі нарматывамі тэрыторыі будаўнічых пляцовак, адрамантаваны брыгадныя вагончыкі, абсталяванне памяшканняў для адпачынку і прыёму ежы. У новым годзе ПМК-76 разлічвае папрацаваць на такіх аб’ектах як 60-кватэры жылы дом у мікрараёне Азёрны райцэнтра, малочнатаварныя фермы ў вёсках Марохарава і Кольна, а таксама падвесці інжынерныя сеткі да 30-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне №9 і зрабіць мадэрнізацыю басейна ў горадзе Жыткавічы.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.