Дровы прывязуць і па тэлефоннаму званку…

DSC_2074Вялізны двор жыткавіцкага філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблпаліва” прыемна ўражвае сваіх наведвальнікаў парадкам, гаспадарлівасцю і заўсёднай наяўнасцю ў ім неабходных відаў паліва. Менавіта такі малюнак быў і падчас нашага нядаўняга сюды службовага візіту. Высілася гара наколатых дроў, пад паветкай чакалі чарговых заказчыкаў сухія пліткі торфабрыкету, у зададзеным рытме працавалі як дровакольныя станкі, так і новая піларама. Акуратнымі штабялямі высіліся і запасы лесу-кругляку, сярод якога пераважалі лісцевыя пароды – бяроза ды альха. У апошнія гады тут стараюцца не абмяжоўвацца адной сасною, робяць усё для таго, каб забяспечыць насельніцтва рознымі відамі якаснага паліва.

— Зараз у запасе 900 кубічных метраў драўніны, хапае і брыкету, — суправаджаючы нас па агромністым двары, гаворыць дырэктар філіяла Уладзімір Жукоўскі, які кожную новую працоўную раніцу пачынае з абходу сваіх уладанняў. — У 2014 годзе мы пастараліся выканаць усе заяўкі нашых спажыўцоў і тым не менш паліва рэалізавалі крыху менш, чым у папярэднім годзе. І прычыны таму аб’ектыўныя: адносна цёплае надвор’е і газіфікацыя падворкаў. А галоўная задача нашага калектыву застаецца ранейшай і ў новым годзе: паўнацэннае забеспячэнне прадпрыемстваў, устаноў і насельніцтва цвёрдымі відамі паліва. Прычым насельніцтву, што не мае цэнтральнага ацяплення, выпісваем менавіта па льготнаму кошту, зыходзячы з наступных разлікаў на адно домаўладанне: 4,9 кубічнага метра дроў і 3,3 тоны брыкету

У мінулым годзе на Жыткаўшчыне, згодна з загадзя пададзенымі ў філіял заяўкамі, 1108 домаўладанняў было забяспечана брыкетам, звыш 1000 — дровамі. Усе патрабаванні па ўмоўнаму віду паліва былі паспяхова выкананы і да спажыўцоў дастаўлена 6644 кубічных метраў дроў і 4183 тоны брыкету. Згодна з дагаворамі драўніна паступае як з Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, так і з Жыткавіцкага лясгаса. Вось чаму многія жыхары Ленінскага, Дзякавіцкага сельсаветаў атаварваюцца тымі ж дровамі ў мясцовых лясніцтвах, мінуючы жыткавіцкі філіял.

DSC_2019Варта зазначыць, што ў надзвычай важнай, неабходнай для людзей справе продажу дроў насельніцтву (у першую чаргу пажылым, знямоглым людзям) мясцовы калектыў у апошнія гады зрабіў важкі крок наперад, пачаўшы рэалізоўваць жадаючым менавіта ўжо колатыя дровы. Попыт на якія з  кожным годам расце. І тым самым, да гонару іх, скінуў з плячэй, у першую чаргу, пенсіянераў такую цяжкую жыццёвую ношку і немалыя клопаты. Цяпер, як кажуць, без клопату галава: заплаці грошы, і работнікі райпалівазбыту прывязуць табе колатыя дровы на самы падворак. Прычым пасля выпіскі атаварванне цвёрдым палівам ідзе без прамаруджвання, на працягу 2-3 дзён. Болей таго, як сказаў кіраўнік калектыва, гэтыя дровы можна выпісаць і па тэлефоне, каб не ехаць з аддаленага населенага пункта ў райцэнтр. І на месцы разлічыцца, забраўшы таварна-транспартную накладную. Выгода тут двухбаковая: спажыўцу — неабходныя паслугі, а прадпрыемству — грашовы прыбытак за такія аперацыі як рэзка, колка дроў, дастаўка іх у любы населены пункт нашага раёна.

Узначаліўшы райпалівазбыт два гады назад, новы кіраўнік Уладзімір Жукоўскі пачаў сваю дзейнасць з мадэрнізацыі вытворчасці. Былі закуплены дадатковыя дровакольныя станкі. Цяпер іх тут тры з прадукцыйнасцю кожнага не менш 10 метраў кубічных за змену. Акрамя колатых, насельніцтва па жаданні атаварваецца і так званымі раздзеланымі дровамі. І калі раней гэтым відам паліва забяспечваліся ў сваёй пераважнай большасці дзяржаўныя арганізацыі, то ў апошнія гады ўсё большую патрэбу ў дровах маюць пажылыя, адзінокія  людзі як з горада, так і вёскі. І ў гэтым плане немалаважную ролю мае своечасовая, дакладная інфармаванасць. Вось чаму тут увесь час трымаюць цесныя стасункі з кіраўнікамі сельскіх Саветаў.

Праз цэнтр занятасці пад рабочыя месцы філіял узяў крэдыт у суме 250 мільёнаў рублёў. Закупілі стужкавую пілараму і новы трактар МТЗ-82. Такім чынам у арганізацыі адкрыліся новыя рабочыя вакансіі і пачала выпускацца дадатковая прадукцыя, якая карыстаецца шырокім попытам. Гэта брус, рэйка, дошка абразная і неабразная, штыкетнік. Прычым і цэны для пакупнікоў даволі прымальныя, бо гэтая прадукцыя вырабляецца з тэхсыравіны, закупленай у Жыткавіцкім лясгасе.

— Жыццё такое, што нельга стаяць на адным месцы, мы ўвесь час стараемся расшыраць сферу сваёй дзейнасці, — дзеліцца справамі і здабыткамі Уладзімір Мікалаевіч. — Сваю прадукцыю дрэваапрацоўкі ў сельгаспрадпрыемствах мяняем на зерне, якое прадаем насельніцтву. Адкрытае акцыянернае таварыства “Людзяневічы” дае нам на абмен цэглу, якая таксама карыстаецца попытам у людзей. Акрамя гэтага, аказваем паслугі сваёй тэхнікай па перавозцы розных грузаў як у Жыткавічах, так і на тэрыторыі ўсяго раёна. А новая піларама за мінулы год дала нам даход у суме 522 мільёны рублёў, што склала каля 10 працэнтаў усёй агульнай выручкі прадпрыемства.

У філіяле працуе каля двух дзясяткаў людзей, маецца пяць трактароў маркі “Беларусь”, аўтамабіль ГАЗ-53. “Чалавек, які стварае добры настрой”, — гэта вам скажуць як калегі, так і шматлікія наведвальнікі пра Вольгу Рай, якая тут працуе даўно, шчыра і плённа. Гэтая ветлівая, засяроджаная, адказная жанчына заўсёды прыязна сустрэне кліента, падрабязна ўсё яму патлумачыць, хутка і акуратна выпіша таварна-транспартную накладную. І нездарма ў журнале водгукаў і прапаноў на адрас кладаўшчыцы Вольгі Адамаўны толькі адныя падзякі. Сярод сваіх добрасумленных работнікаў дырэктар філіяла Уладзімір Жукоўскі назваў таксама прозвішчы вадзіцеля аўтамабіля Валянціна Смірнова, трактарыстаў Валерыя Давідовіча, Сяргея Данюка, станочнікаў Ігара Балобана, Мікалая Казакевіча і іншых.

Сяргей ВІЛЬЧЫК,

Анастасія КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.