Ва ўсіх справах павінен быць парадак
Не першы год у пачатку студзеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Каб свята было ў радасць, то ва ўсіх справах павінен быць парадак, — так лічаць супрацоўнікі фінансавага аддзела Жыткавіцкага райвыканкама.
Яго калектыў, у якім працуюць высокакваліфікаваныя і адказныя работнікі, праводзіць працу па своечасоваму і поўнаму паступленню усіх даходаў у бюджэт, займаецца размеркаваннем фінансавых рэсурсаў, ажыццяўляе кантроль за мэтавым і эфектыўным расходаваннем бюджэтных сродкаў. У сваю чаргу работнікі сектара па Жыткавіцкаму раёну Упраўлення дзяржаўнага казначэйства Галоўнага ўпраўлення Міністэрства фінансаў па Гомельскай вобласці ажыццяўляюць кантроль за выкананнем фінансава-бюджэтнага заканадаўства, эфектыўным і мэтавым выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, сродкаў дзяржаўных мэтавых бюджэтных фондаў, а таксама многія іншыя функцыі.
Як вядома, прафесійнае свята фінансістаў адзначаецца ў пачатку студзеня, а ў гэты час ужо падведзены папярэднія вынікі, спланаваны бюджэт на будучы год. Аб асноўных выніках мінулага года і прагнозе на 2015 год распавяла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Наталля Купрацэвіч.
Агульны аб’ём паступленняў у бюджэт даходаў складзе 146,0 мільярда рублёў. Выкананне плана будзе забяспечана ў межах 100%. Гэта сведчыць аб тым, што напаўняльнасць бюджэту мела стрыманую тэндэнцыю. Трэба сказаць, што ў параўнанні з 2013 годам аб’ём бюджэтных рэсурсаў павялічыўся на 10,4 мільярда рублёў. Аднак у супастаўных умовах паступленне даходаў будзе на ўзроўні 91,5% мінулага года.
Нягледзячы на стрыманае выкананне бюджэту, у раёне забяспечваецца своечасовая выплата заробку работнікам бюджэтнай сферы, трансферту насельніцтву за пастаўленыя прадукты харчавання, медыкаменты, спажытыя энергарэсурсы. Таксама ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў бюджэтнай сферы.
Такім чынам, у мінулым годзе работнікі фінансавага аддзела райвыканкама спрацавалі дастаткова добра. На будучы год у планах гэтага калектыву яшчэ лепшыя паказчыкі.
Анастасія Кулакевіч.