У дачыненні да вялікай справы
Практычна ў першыя дні новага года ў кабінет старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Адама Купрацэвіча дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяну Казлову прывялі неадкладныя справы. Агульнасць інтарэсаў гэтых структур у тым, што яны вельмі цесна і актыўна супрацоўнічаюць па паляпшэнні жыцця ветэранаў і пажылых людзей.
Бягучы год знакавы для ўсяго нашага народа, бо будзе адзначацца семідзесяцігадовы юбілей Вялікай Перамогі, таму кожны ветэран і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, тыя, хто пацярпеў у час ваеннага ліхалецця, павінны сустрэць гэтае свята з добрым настроем, для чаго ўсім неабходна аказаць належныя ўвагу і падтрымку. Таму ў раённай ветэранскай арганізацыі і распачалі планаваць сваю работу ў гэтым накірунку дзейнасці, не адкладваючы ў доўгую скрынку. Вось і падчас сустрэчы з дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва кіраўніцтва ветэранскай арганізацыі звярала свой курс у гэтай працы. Задача стаіць на цяперашні час адна: наведацца яшчэ раз да кожнага ветэрана, абследаваць іх умовы жыцця, дакладна ўстанавіць, у чым заслужаныя людзі маюць патрэбу, і па магчымасці вырашыць узнікшыя праблемы. Вопыт такой работы ў Жыткавіцкай раённай ветэранскай арганізацыі накоплены даволі значны, таму кіраўнік грамадскага аб’яднання ўпэўнены, што ўсё паспяхова атрымаецца і цяпер. Тым больш што маюцца ўсе неабходныя ўмовы для гэтага.
Адам Купрацэвіч вельмі задаволены той работай, што праводзіцца цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва для пажылых людзей. Сацыяльныя работнікі працуюць у 102 са 107 населеных пунктаў. На іх абслугоўванні знаходзіцца 750 чалавек, яшчэ больш трохсот — на індывідуальным доглядзе. Сярод гэтай колькасці грамадзян нямала ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, адзінокіх людзей, тых, хто пацярпеў ад вайны. Прычым, 135 чалавек прыняты на абслугоўванне летась. Сацыяльныя работнікі аказваюць сваім падапечным самую разнастайную дапамогу, дадаткова ў цэнтры маецца спецыялізаваная брыгада, якая здольная правесці і касметычны рамонт, печ адрамантаваць і іншыя работы выканаць. За мінулы год працаўнікі цэнтра прыходзілі на выручку ў такіх справах ста васямнаццаці грамадзянам.
На цяперашні час у раёне пражывае дзесяць з паловай тысяч пажылых людзей, восем з паловай з іх з’яўляюцца членамі ветэранскай арганізацыі, якія аб’яднаны ў сорак шэсць пярвічак. Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ў раёне налічваецца 95. Яшчэ 150 чалавек — тыя, што пацярпелі ў час ваеннага ліхалецця. 636 грамадзян з’яўляюцца адзінокімі, а 4055 – адзінокапражываючымі. Вось з такой значнай колькасцю насельніцтва рэгіёна (пажылыя людзі складаюць 27,7 працэнта ад агульнай колькасці жыхароў) і будуе сваю работу прэзідыум раённай ветэранскай арганізацыі. Па словах кіраўніка Адама Купрацэвіча, касцяк прэзідыума склаўся яшчэ ў тыя гады, калі ветэранскай арганізацыяй кіраваў Адам Піліпавіч Аліфяровіч, часткова абраны новыя члены, але ўсе гэтыя людзі адказныя, ініцыятыўныя, аўтарытэтныя, здольныя на міласэрнасць і дабрачыннасць, што толькі спрыяе паспяховаму вырашэнню пастаўленых задач. Гэтаму ж дапамагае і тое, што ветэранская арганізацыя мае надзейную апору ў органаў раённай улады, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, іншых структур.
— Такая магутная падтрымка пажылых людзей з боку дзяржавы і суб’ектаў гаспадарання дазваляе вырашаць нашым пярвічкам асноўную задачу па сацыяльнай абароне ветэранаў, людзей пажылога ўзросту, па паляпшэнні іх матэрыяльнага становішча, жыллёвых умоў, гандлёвага, бытавога, медыцынскага, культурнага і іншых відаў абслугоўвання, — расказвае старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Адам Купрацэвіч. — І гэтаму шмат прыкладаў, дапамога аказваецца даволі значная. Так, за мінулы год у дамах 20 ветэранаў выкананы работы па замене электраправодкі і рамонту пячнога ацяплення. У жыллі шасці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны заменены вокны. 99 грамадзянам аказана грашовая матэрыяльная дапамога, 486 інвалідам і пенсіянерам – адрасная сацыяльная дапамога па Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай сацыяльнай дапамозе” №41 ад 19 студзеня 2012 года. І гэта не поўны пералік той падтрымкі, што атрымалі летась ад дзяржавы ветэраны і пажылыя людзі.
Як зазначыў Адам Прохаравіч, вельмі важна, што свой уклад унеслі ў гэтую справу і прадпрыемствы, дзе да выхаду на заслужаны адпачынак працавалі пажылыя людзі. Іх віншавалі з юбілейнымі датамі, дзяржаўнымі святамі, днямі нараджэння, аказвалі матэрыяльную падтрымку прадуктамі, сельгаспрадукцыяй, аказвалі розныя віды паслуг і іншае. Такіх арганізацый, дзе асабліва цёпла і ўважліва ставяцца да сваіх ветэранаў, у раёне нямала. У першую чаргу, у ліку іх хочацца назваць Жыткавіцкі раён электрычных сетак (начальнік Леанід Мельчанка), ААТ “Жыткавічыхімсервіс” (дырэктар Віктар Атліванаў), ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” (дырэктар Міхаіл Ляўковіч), ПМК-66 (начальнік Уладзімір Валадзько), РВХУП “Жыткавіцкая хлебная база” (дырэктар Канстанцін Комар) і іншыя. Усяго прадпрыемствамі за мінулы год аказана дапамога 15 тысячам пажылых людзей на агульную суму паўмільярда рублёў.
— Безумоўна, што велічыня дапамогі пажылым людзям на кожным прадпрыемстве свая, — засяродзіў увагу на гэтым аспекце старшыня раённай ветэранскай арганізацыі. — І яна залежыць ад таго наколькі стабільная ў эканамічных адносінах арганізацыя. Таму пенсіянерам не варта наракаць на кіраўнікоў і скардзіцца, што там большую падтрымку аказалі, а нам меншую. Галоўнае, думаецца, тут важна тое, што не забываюць у родным калектыве, стараюцца па магчымасці працягнуць руку дапамогі.
Шмат працуюць ветэранскія арганізацыі па абследаванню жыллёва-бытавых умоў пражывання пажылых людзей. З гэтай дзейнасці напрошваецца вывад, што жыллёва-бытавыя ўмовы ветэранаў у цэлым прымальныя. Увогуле, дзякуючы мэтанакіраванай падтрымцы дзяржавы і рабоце розных устаноў станоўча вырашаюцца і многія іншыя пытанні абслугоўвання ветэранаў вайны і пажылых людзей у нашым раёне. Практычна кожная сфера дзейнасці была ў цэнтры ўвагі ветэранскага прэзідыума падчас пасяджэнняў. Два з іх — у Руднянскі і Верасніцкі Саветы — былі выязнымі. Раённым Саветам адзначана шмат станоўчых момантаў па падтрымцы пажылых людзей. Вельмі добра адладжана сістэма медыцынскага абслугоўвання. Шырока прымяняецца ў лячэбных ўстановах прынцып пазачарговага абслугоўвання інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, яе ўдзельнікаў, перажыўшых блакаду Ленінграда, сем’яў загінуўшых воінаў, адзінокіх пажылых людзей. А гэта больш чым сямсот чалавек. І ўсе яны штогод праходзяць медыцынскія агляды. Для ветэранаў вайны ў бальніцы маецца сем палат павышанай камфортнасці на дванаццаць ложкаў, а для ветэранаў працы ў дзённым стацыянары — 50 ложкаў. За мінулы год там пралечана больш за пяцьсот хворых. 28 інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны прайшлі курс лячэння ў рэспубліканскім шпіталі. Вынікова працуюць і Жыткавіцкая бальніца сястрынскага догляду, і аналагічнае аддзяленне ў Тураве. Больш за шэсць дзясяткаў ложкаў у гэтых установах практычна не пустуюць. Важным фактарам па ўмацаванню здароўя пажылых людзей з’яўляюцца 4 школы здароўя, дзе навучанне прайшлі амаль тысяча сямсот чалавек. Трэба сказаць і пра такі факт, што ва ўстановах аховы здароўя да ветэранаў персанал праяўляе самыя чулыя і паважлівыя адносіны.
На належным узроўні ажыццяўляецца і гандлёвае абслугоўванне. І не толькі ў стацыянарных кропках, але і аўтамагазінамі. Па заяўках грамадзян апошнія забяспечваюцца своечасова з дастаўкай на дом буйнагабарытнымі таварамі, будаўнічымі матэрыяламі і іншым. Для ветэранаў пастаянна праводзяцца акцыі па продажу тавараў па зніжаных цэнах. Але, як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек, таму праяўляецца клопат не толькі пра матэрыяльны дабрабыт пажылых людзей, але і іх культурны ўзровень. Добрая матэрыяльная база і высокі ўзровень падрыхтаванасці культработнікаў дазваляюць арганізоўваць вольны час пажылых людзей з найбольшай карысцю. Толькі ў аматарскіх клубных установах задзейнічаны больш за тысячу ветэранаў вайны і працы, у калектывах мастацкай самадзейнасці – каля трохсот. Карыстаюцца вялікай папулярнасцю такія грамадскія аб’яднанні пажылых людзей як клуб “Святліца”, ансамблі “Асалода” Жыткавіцкага ГЦК, “Залаты ўзрост” Тураўскага ГДК, клубы “Забава” гэтай жа ўстановы і “Вечарына” раённага цэнтра фальклору, “Дружба”, “Залатая пара”, Тонус” раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дарэчы, кожная ўстанова культуры мае аматарскае аб’яднанне, дзе збіраюцца людзі пажылога веку. Таксама створаны і працуюць клубы па інтарэсах для ветэранаў і пры бібліятэках. Больш за пяцьсот адзінокапражываючых людзей атрымліваюць кнігі на даму.
Таленавітых спевакоў, танцораў, рамеснікаў сярод пажылых людзей вельмі многа. Яны пастаянна знаходзяцца навідавоку прэзідыума раённага савета ветэранаў, бо ў сваёй большасці яшчэ з’яўляюцца і актывістамі ветэранскага руху пярвічнага звяна. Яны непасрэдна на месцах выступаюць ініцыятарамі многіх спраў. А гэта і ўшанаванні юбіляраў, і віншаванні са святамі, і сустрэчы з моладдзю, і многае іншае. І такая актыўная грамадская пазіцыя пастаянна вітаецца кіраўніцтвам раённай ветэранскай арганізацыі, вопыт найбольш плённа працуючых актывістаў вывучаецца на пасяджэннях прэзідыумаў, укараняецца ў іншых пярвічках. Думаецца, што незабыўнымі былі мерапрыемствы для Ады Рудзінскай, Аляксандра Блоцкага, Кацярыны Макарэвіч, якія правялі па ініцыятыве ветэранскай арганізацыі з нагоды юбілеяў гэтых людзей. Ды і той факт, што за мінулы год па хадайніцтву прэзідыума ветэранскай арганізацыі 13 актывістаў грамадскага аб’яднання былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі аблвыканкама, райвыканкама, абласнога і райсавета дэпутатаў, сведчыць, што пра свае кадры тут праяўляюць клопат і пашану належныя. Прыкладаў жа выніковай працы ветэранскіх пярвічак вельмі многа. Заўсёды моцны пульс ініцыятывы назіраецца ў дзейнасці такіх арганізацый як тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (старшыня Алена Саўчыц), КСУП “Бялёў” (Кацярына Макарэвіч), ААТ “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод” (Іна Манакова), КСУП “Коленскае” (Людміла Гаўрыленка), Ленінскага, Руднянскага, Азяранскага сельскіх Саветаў (Ада Рудзінская, Любоў Варановіч і Валянціна Маркевіч), аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (Вера Акунец), Жыткавіцкай хлебнай базы (Паўліна Сакула), раённага аддзела ўнутранных спраў (Антон Глушань), раённага ваеннага камісарыята (Генадзь Бондараў), ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” (Лідзія Раковіч), цэнтральнай раённай бальніцы (Ніна Махнач), вёскі Запясочча (Марыя Сапановіч) і іншых.
На цяперашні час, на жаль, кіраўніцтва некаторых арганізацый недаацэньвае ролі ветэранскай пярвічкі на прадпрыемстве. Мяркуючы, а што яна можа? Магчыма, у плане забеспячэння нейкага матэрыяльнага дабрабыту і няшмат. Але ці толькі гэтым вымяраецца наша жыццё? З цяжкасцю верыцца, што кіраўнік, прафсаюзны лідар памятаюць, калі ў лепшых былых работнікаў надараецца салідны юбілей, або своечасова даведаюцца, што нехта з былых працаўнікоў пайшоў у іншы свет. А такіх сітуацый бывае безліч. І за справамі штодзённымі нярэдкія выпадкі, калі забываюць пра ветэрана. А для пажылога чалавека няўвага з боку роднага калектыва наносіць больш глыбокую рану, чым вострае лязо нажа. Актыўны лідар ветэранскай пярвічкі ў такіх сітуацыях, як паказвае практыка, стане найлепшым памочнікам кіраўніку. Тады і не будзе меркаванняў, што ўспамінаюць у нас пра ветэранаў толькі ў вялікія дзяржаўныя святы.
Распачаўшыйся 2015 год для раённай ветэранскай арганізацыі стане яшчэ адным этапам плённай працы. Тым больш што ён праходзіць пад знакам важнай падзеі – 70-годдзя Вялікай Перамогі. А гэтая дата для нашага і многіх іншых народаў святая. Таму актывістамі ветэранскага руху будуць зроблены яшчэ больш значныя захады, каб у дачыненні да такой важнай справы прыкласці адпаведныя намаганні, каб не быў забыты ні адзін ветэран вайны, каб узорны парадак панаваў ля помнікаў і месцаў пахавання воінаў, каб моладзь шанавала неўміручы подзвіг сваіх бацькоў, каб тыя напрацоўкі па падтрымцы і абароне пажылых людзей толькі прымнажаліся. А гэта справа ўсенародная. І па наезджанаму бальшаку можна намнога хутчэй дабрацца да пастаўленай мэты. Да яе і крочыць упэўнена ветэранскі актыў нашага раёна.
Сяргей Белка.