Стаіць на Палессі “Палессе”
Аграэкатурызм у нашым раёне з кожным годам выходзіць на больш якасны ўзровень. Як кажуць, у гэтай сферы дзейнасці застаюцца самыя старанныя і ўвішныя. На цяперашні час на Жыткаўшчыне зарэгістравана 29 суб’ектаў агратурызму, з якіх 23 належаць фізічным асобам і шэсць юрыдычным. Пятнаццаць з іх пастаянна прымаюць гасцей. Прычым, сярод іх ёсць і даволі адметныя.
Вёска Вільча славіцца сваімі маляўнічымі краявідамі, добрай рыбалкай, што заўсёды прыцягвала ў гэтыя мясціны шмат турыстаў. Таму сям’я Рудніцкіх, якая пражывае ў вышэйзгаданым населеным пункце, адкрываючы сваю ўласную аграсядзібу, цвёрда вырашыла скарыстаць такі падарунак роднай прыроды. І, як паказаў час, не прагадала. Унікальнасць аграсядзібы “Палессе”, менавіта такую назву далі свайму турыстычнаму аб’екту гаспадары, у тым, што Таццяна і Васіль працуюць бацькамі-выхавацелямі дзіцячага дома сямейнага тыпу.
— Мы хочам, каб нашы дзеці выраслі працалюбівымі, таму з маленства выхоўваем у іх гэтую якасць, — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — А на нашай аграсядзібе працы заўсёды шмат, ды аб дамашняй гаспадарцы клопат праявіць належны трэба. Таму і далучаем сваіх дзяцей да такой важнай справы, як агратурызм. Ён вучыць не толькі адказнасці, але і любові да роднага краю, спагадзе і ветліваму абыходжанню з людзьмі.
Ідэю заняцца аграэкатурызмам Рудніцкім падаў старшыня Людзяневіцкага сельскага Савета Юрый Волчык. Разважалі над яго прапановай муж і жонка нядоўга. Узважылі ўсе за і супраць і пагадзіліся. Тым больш што аснова для пачатку справы была даволі саліднай — уласная хата, дзе Васіль і Таццяна пражывалі да пераезду ў будынак, дзе цяпер размяшчаецца дом сямейнага тыпу, пуставала. Выгляд хата мела прыстойны, каб адкрыць там аграсядзібу, гаспадарам патрабавалася толькі прывесці яе да пэўных патрабаванняў, каб госці адпачывалі з камфортам. За гэта і ўзяліся. Найперш абсталявалі ў вясковай хаце душ і санвузел, потым адрамантавалі кухню, абставілі яе неабходнай мэбляй. Сродкі на гэта выдаткоўвалі з выручкі, якую атрымлівалі ад продажу агуркоў з уласных парнікоў. У хуткім часе на аграсядзібе “Палессе” прымалі і першых гасцей. Рудніцкія адразу вырашылі, што пры арганізацыі адпачынку перавага будзе надавацца сямейным каштоўнасцям. Таму і не дзіўна, што асноўнымі гасцямі на вільчанскай аграсядзібе заўсёды з’яўляюцца бацькі і дзеці. І гаспадарамі гэта толькі вітаецца. Як ні кажы, а самі выхоўваюць адзінаццаць дзяцей. Таму і стараюцца Васіль і Таццяна, каб на іх аграсядзібе было добра і дарослым, і малым. Для гэтага за чатыры гады, столькі ўжо працуе турыстычны аб’ект “Палессе”, яны многае зрабілі. Палепшылі камфортнасць свайго дома, у кожным пакоі якога зрабілі капітальны рамонт. Абставілі сучаснай мэбляй для пражывання гасцей. Цяпер тут адначасова могуць начаваць каля дзясятка чалавек. Значна палепшылі і добраўпарадкаванасць тэрыторыі ля аграсядзібы. На ёй забуяла мноства кветак, паўстала шмат разнастайных архітэктурных формаў, якія гожа ўпісаліся ў прыродны пейзаж. Пацягнуўся ўвысь галінкамі і малады сад. Хутка і ўласная лазня будзе. Адным словам, зроблена і робіцца так, каб гараджанін ад адпачынку на вясковым улонні атрымаў сапраўдную асалоду.
Увогуле на сядзібе Рудніцкіх сумна не бывае ніколі і нікому. Напрыклад, вабіць мужчын рыбалка, гаспадар на сваім коніку даставіць на Случ або Прыпяць. У дадатак яшчэ і лодку на пракат дасць. Арганізуюць і паход па грыбы і ягады, якіх багата ў гэтых мясцінах. Ладзяць катанне на кані і дзяцей гараджан. Гэтых ад хатняй жывёлы і птушкі не адагнаць. Яе на падворку Рудніцкіх вельмі многа і рознай. Тут табе і качкі, і фазаны, і галубы, і паўліны — усяго не пералічыць. Вось гэтае птушынае царства вабіць і дарослых, і дзяцей. Самае галоўнае, што ў маленькіх гасцей аграсядзібы з аднагодкамі-гаспадарамі за час адпачынку ўзнікаюць вельмі моцныя сяброўскія адносіны. І першыя з вялікай ахвотай дапамагаюць другім: разам пасвяць коз, прыбіраюць у вальерах, робяць іншыя справы. Няма межаў таварыскасці і ў дарослых. Васіль Вячаслававіч і Таццяна Аляксандраўна вызначаюцца надзвычайнай гасціннасцю. Гаспадары і малачка свежага пастаяльцам прапануюць, і смачнымі пірагамі пачастуюць, і ўраджаем са свайго агарода і сада. А калі рыбалка ў гасцей заладзіцца і багаты ўлоў надарыцца, то яны разам з гаспадарамі за наварыстай юшкай і размовамі да позняй ночы могуць прасядзець.
За параўнальна кароткі час аграсядзіба “Палессе” набыла пастаянных гасцей. Едуць сюды адпачываць з вялікіх і малых гарадоў нашай краіны, каб надыхацца чыстым паветрам, прымерыць на сябе каларыт вясковага жыцця. Васіль і Таццяна Рудніцкія сваёй працай на ніве аграэкатурызму ўсяляк гэтаму спрыяюць. Толькі за гэты год яны прынялі амаль шэсць дзясяткаў гараджан. І гэта без уліку іх дзяцей, бо для апошніх пражыванне на аграсядзібе бясплатнае. А самае галоўнае, што ніхто з вільчанскага “Палесся” не паехаў расчараваны. Кожны турыст пакідаў гаспадарам у кнізе водгукаў і прапаноў толькі самыя шчырыя і цёплыя словы ўдзячнасці за дабрыню, гасціннасць, працавітасць. Несумненна, што гэта акрыляе Васіля Вячаслававіча і Таццяну Аляксандраўну рабіць пачатую справу яшчэ лепей, радаваць людзей, бо дабро заўсёды дабром адгукаецца.
Сяргей БЕЛКА.
Фота Анастасіі КУЛАКЕВІЧ.