Ферма “Пісанчык” адна з самых абноўленых у акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра”
Праведзеная на ёй буйная рэканструкцыя дазваляе мясцовым жывёлаводам круглы год атрымліваць стабільныя надоі, якія адны з самых высокіх у гаспадарцы. Вось і падчас стойлавага ўтрымання статка невялікі калектыў структурнага падраздзялення таксама ў лідарах. Штодня ад адной каровы тут надойваюць амаль па пятнаццаць кілаграмаў малака.
Загадчык фермы і брыгадзір паляводаў у адной асобе Галіна Аліфяровіч не хавае станоўчых эмоцый ад таго, што справы на ферме “Пісанчык” складваюцца паспяхова.
— Умовы для працы аператараў машыннага даення проста ідэальныя, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — Усюды чысціня і парадак, дойка ажыццяўляецца ў даільных залах, новае абсталяванне, кармы раздаюцца механізавана. Застаецца толькі працаваць у сваё задавальненне. Ды і аператары тут падабраліся вельмі адказныя, якія хварэюць душой за даручаную справу. Адсюль і вынікі станоўчыя ў рабоце.
Акрамя высокіх надояў, на ферме “Пісанчык” маецца яшчэ і шмат пазітыўных момантаў у вытворчай дзейнасці. Усё малако, якое тут надойваецца кожны дзень, а гэта больш за дзве тоны, прадаецца перапрацоўшчыкам толькі вышэйшым гатункам “экстра”. Спрыяе высокай малакааддачы кароў і дастатак кармоў. Жывёла атрымлівае кормасумесі з кукурузнага сіласу і сенажу, а таксама канцэнтраты. 148 кароў, якія ўтрымліваюцца на ферме, абслугоўваюць тры аператары машыннага даення Таццяна Друк, Марыя Абібок, Алена Купрацэвіч. Апошняя яшчэ спалучае і абавязкі лабаранта.
— Дысцыплінаванасці і стараннасці гэтых працаўніц можна толькі пазайздросціць, — адзначае Галіна Купрацэвіч. — Усё яны робяць вельмі дружна, не дзелячы абавязкі на свае і чужыя, і парадак падтрымліваюць на ферме ўзорны разам, і многа іншых спраў выконваюць. З такім калектывам, так бы мовіць, можна горы звярнуць.
Такой высокай ацэнкі аб сваёй дзейнасці для жывёлаводаў пачуць ад чалавека, які ўсё жыццё адпрацаваў у жывёлагадоўлі, для даярак не меншы стымул, чым матэрыяльнае заахвочванне. Галіна Аліфяровіч гэтыя фермы ведае з маладых гадоў. Працавала на мясцовых фермах на розных пасадах, нават галоўным заатэхнікам была. Таму і высновы зрабіць можа пра развіццё жывёлагадоўлі ў гэтым структурным падраздзяленні акцыянернага таварыства.
— Калі на ферме “Пісанчык” перспектывы з вытворчасцю вымалёўваюцца нядрэнныя, то вось на пухавіцкай ферме не ўсё так гладка, —разважае Галіна Уладзіміраўна. — Памяшканні старэнькія, усё ўручную прыходзіцца выконваць. Цяжкая тут праца ў жывёлаводаў. Хаця ўсе спа-дзяюцца, што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства і тут правядзе рэканструкцыю, людзям жа працаваць патрэбна недзе. Іх і так не шмат засталося.
Сапраўды, пасля далучэння мясцовага калгаса да больш моцнай суседняй гаспадаркі колькасць працуючых значна паменшала. На цяперашні час у падначаленні Аліфяровіч знаходзіцца толькі трыццаць адзін работнік, якія задзейнічаны ў жывёлагадоўлі і паляводстве. Брыгадзір умела кіруе гэтым калектывам. Адной толькі грамадскай жывёлы ўтрымліваюць больш за сем соцень галоў. І калі ферма “Пісанчык” спецыялізуецца на вытворчасці малака і вырошчванні цёлак, то на пухавіцкай размяшчаюцца цяляты на дарошчванні. І тут таксама атрымліваюць нядрэнныя прывагі, хаця даюцца яны вялікімі намаганнямі, штодзённай нялёгкай працай. За мінулы год сярэднясутачныя прывагі па ферме склалі 606 грамаў. Але ў многіх жывёлаводаў паказчыкі намнога вышэйшыя. Так, дзённы прырост гадаванцаў у групе Марыі Макарэвіч склаў 777 грамаў, у Наталлі Аліфяровіч — 760 грамаў, Таццяны Аліфяровіч — 739 грамаў, Іны Кудзелька – 724 грамы. Відавочна, што і гэтым жанчынам працавітасці і майстэрства не займаць.
Канечне, брыгадзір настройвае сваіх падначаленых працаваць яшчэ больш плённа. І Галіна Уладзіміраўна ўпэўнена, што жывёлаводы і паляводы яе не падвядуць, а з пастаўленымі перад імі вытворчымі задачамі кіраўніцтвам акцыянернага таварыства гэты невялікі калектыў справіцца паспяхова. Падставы для гэтага ёсць. І ў першую чаргу гэта бездакорная праца.
Сяргей Белка.