На трывалым падмурку i дом мацнейшы
У склад аграпрамысловага комплексу раёна ўваходзіць тры КСУПы, тры ААТ, аддзяленне “Хлупін СГК “Ляскавічы”, ААТ “Жыткавічыхімсервіс” і “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, дваццаць адна сялянская (фермерская) гаспадарка. Занята ў АПК Жыткаўшчыны 1922 чалавекі. Становішча спраў у сельскай гаспадарцы напрамую закранаюць інтарэсы практычна кожнага грамадзяніна краіны і ў значнай ступені вызначае яе харчовую бяспеку. Невыпадкова, што адным з прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай дзяржавы з’яўляецца развіццё сельскагаспадарчай галіны. Пра ўклад, які ўносяць у гэтую важную і пачэсную справу аграрыі Жыткавіцкага раёна, і наша гутарка з выконваючым абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аленай Кузінай:
— Падводзячы папярэднія вынікі бягучага года, адзначу, што ён быў па многіх пазіцыях для нас вельмі плённым. І гэта заслуга ўсіх кіраўнікоў, спецыялістаў, рабочых сельгаспрадпрыемстваў. Менавіта дзякуючы іх старанню і намаганням аграрная галіна раёна зрабіла яшчэ адзін паспяховы крок у сваім развіцці.
— Давайце назавем найбольш значныя дасягненні працаўнікоў вёскі за гэты год?
— Найперш, нам удалося забяспечыць дынаміку роста вытворчасці валавой прадукцыі ў грамадскім сектары. За дзесяць месяцаў тут яе выраблена на 380 мільярдаў рублёў. Гэта на 4,2 працэнта болей чым летась. Па вобласці прырост валавой прадукцыі склаў 3,4 працэнта.
Прадукцыі ў раслінаводстве вырашчана на 233 мільярды рублёў, што на 15,7 мільярда болей чым у мінулым годзе. Прырост забяспечаны тут за кошт павелічэння валавога збору зерня на 34,3 працэнта. Сёлета намалот з зернем кукурузы склаў 58,2 тысячы тон пры ўраджайнасці 40 цэнтнераў з гектара. Летась гэты паказчык складаў адпаведна 43,3 тысячы тон і 33,4 цэнтнера. Найбольш ураджайнымі былі палеткі ААТ “Тураўшчына” (59,7 цэнтнера з гектара), Сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба (70,2 цэнтнера) і аддзялення “Хлупін” (57 цэнтнераў з гектара). А вось самую важкую прыбаўку валавога збору зерня забяспечылі хлебаробы КСУПа “Бялёў” – амаль у два разы.
Добра папрацавалі і бульбаводы. У гэтым годзе ў раёне накапана 8027 тон клубняў, што на 17,2 працэнта болей чым у мінулым годзе. Тут хочацца адзначыць старанне працаўнікоў сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба, дзе вытворчасць другога хлеба вырасла на 74,4 працэнта, а валавы збор склаў 5,7 тысячы тон. Назапасілі ў гаспадарках 86,6 тысячы тон кармавых адзінак кармоў, у разліку на адну ўмоўную галаву выходзіць па 35,7 ц.к.адз.
У жывёлагадоўлі атрымалі прадукцыі на 147 мільярдаў рублёў. Гэта крыху менш чым было ў мінулым годзе. Жывёлаводы раёна за адзначаны перыяд надаілі 27844,2 тоны малака, гэта амаль на пяцьсот тон больш чым за такі перыяд 2013 года. Значную прыбаўку ў вытворчасці малака забяспечылі працаўнікі ферм ААТ “Людзяневічы”, КСУПаў “Коленскае” і “Бялёў”. Гаспадаркамі прададзена перапрацоўшчыкам 23,6 тысячы тон малака. Гэта на 925,8 тоны болей за мінулагодні паказчык. На 1,8 працэнтных пункта вырасла і таварнасць, якая складае 84,9 працэнта. Радуе, што палепшыліся і паказчыкі якасці прадаваемага малака. Так, гатункам “экстра” рэалізавана 35,5 працэнта малака (у 2013 годзе – толькі 22,5 працэнта). Вельмі вынікова ў гэтым накірунку працуюць КСУПы “Коленскае”, “Бялёў” і ААТ “Тураўшчына”. Таксама жывёлаводамі прададзена 2573 тоны мяса.
За дзевяць месяцаў бягучага года выручка склала 263 мільярды 163 мільёны рублёў. Яна павялічылася ў параўнанні з леташнім перыядам на 29,3 працэнта. Станоўчую дынаміку па выручцы маюць усе гаспадаркі.
На цяперашні час у сельгаспрадпрыемствах амаль завершаны ўсе асноўныя палявыя работы. У развіццё галіны за дзевяць месяцаў інвесціравана каля 160 мільярдаў рублёў. З прыведзенага вышэй відавочна, што аграрная галіна раёна стабільна развіваецца.
— Алена Мікалаеўна, назавіце тых працаўнікоў, дзякуючы старанню якіх дасягнуты гэтыя і іншыя высокія вытворчыя паказчыкі ў сельскай гаспадарцы раёна.
— Безумоўна, прыемна называць імёны людзей, якія шчыра адданыя роднай зямлі і сваёй працай на ёй дабіваюцца выдатных вынікаў. У ліку такіх механізатары, вадзіцелі, жывёлаводы, іншыя спецыялісты сельгасвытворчасці. Гэта Аляксандр Блоцкі, Сяргей Самцоў, Канстанцін Шкурко, Аляксандр Леўкавец, Генадзь Смуродскі, Мікалай Маркевіч, Аляксандр Арцюховіч, Міхаіл Акуліч, Ігар Замжыцкі, Іван Кузьміч, Аляксандр Ляшкевіч, Іван Мілевіч, Васіль Тачыла, Іван Жылан, Наталля Фралова, Алена Глотава, Аляксандр Друк з ААТ “Тураўшчына; Аляксандр Гаўрылаў, Сяргей Савіч, Уладзімір Руды, Міхаіл Савіч, Уладзімір Шульга, Аляксандр Брынявец, Ірына Рубіс, Вольга Савіч, Ірына Кудзелька з КСУПа “Бялёў”; Аляксандр Саўчыц, Аляксандр Юхневіч, Дзмітрый Савіцкі, Вячаслаў Купрацэвіч, Дзмітрый Шараевіч, Марыя Абібок, Алена Купрацэвіч, Анжэла Какора з ААТ “Прыазёрскае-Агра”; Сяргей Ахоценка, Мікалай Таргонскі, Сяргей Паўлючок, Віталь Савіцкі, Мікалай Кулакевіч, Лілія Аніскавец, Таццяна Ярмольская, Лілія Карніцкая з ААТ “Людзяневічы”; Андрэй Макарэвіч, Яўген Макарэвіч, Дзмітрый Макарэвіч, Ніна Рагалевіч, Галіна Макарэвіч з КСУПа “Чырвоны Бор”; Мікалай Дамарад, Мікалай Хільман, Мікалай Жук, Уладзімір Ханеня, Міхаіл Жыткавец, Аляксандр Трафімовіч, Міхаіл Пяшэвіч, Аляксандр Дрынеўскі, Мікалай Гулюта, Раман Ляўковіч, Іван Андык, Алена Саскевіч, Таццяна Паўчанец, Таццяна Грышай, Святлана Саўчыц з КСУПа “Коленскае”.