Калi на работу – з настроем i адказнасцю

636Віктар Атліванаў на дырэктарскую пасаду ў адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавічыхімсервіс” быў абраны звыш 4 гадоў назад. І на адным з першых сходаў працоўнага калектыву ўпэўнена і аптымістычна давёў да ўсіх і кожнага наступную думку: калі мы згуртуемся цясней, будзем працаваць з большай аддачай і прафесіяналізмам, то праз некаторы час я абяцаю вам адзін з самых годных заробкаў у раёне. У зале тады ўсталявалася гнятлівая цішыня, а ў асобных радах нават раздаліся скептычныя ўсмешкі — маўляў, у нас гэта немагчыма…
Толькі слова міма не ляціць, больш таго, калі яно запальвае чалавека і ператвараецца ў канкрэтныя справы, то агульны карабель хутка ідзе наперад і дасягае новых значных вышынь. Менавіта так і атрымалася ў “Жыткавічыхімсервісе”: з пачатку бягучага 2014 года сярэднямесячная зарплата складае тут ужо каля 6 мільёнаў рублёў.
— У першую чаргу трэба ладзіць добрыя, прыязныя чалавечыя ўзаемаадносіны ў калектыве ды ўзводзіць новыя аб’екты, бо каб развівацца, трэба будавацца, — лічыць кіраўнік. — І ў гэтым плане я вельмі ўдзячны сваім папярэднікам, якія ў розныя часіны здолелі захаваць калектыў, вытворчую базу і добрыя традыцыі. Гэта Ісак Барысавіч Рэзнік, Васіль Гаўрылавіч Туравец, Мікалай Адамавіч Мацукевіч, Уладзімір Іванавіч Радавец, Александр Серафімавіч Собалеў.
Жыццядзейная сіла і моц прадпрыемства, яго добрая перспектыва, надзейная будучыня заключаюцца ў тым, што яно не абмяжоўваецца традыцыйнымі відамі работ, а развівае шматвектарную, шматпрофільную вытворчасць. Асноўных накірункаў дзейнасці пяць: сельскагаспадарчая вытворчасць, здабыча сапрапеляў з возера Чырвонае, перапрацоўка іх разам з мінеральнымі ўгнаеннямі на базе забеспячэння, работа механізаванай калоны, гандлёвая дзейнасць. А прыярытэтнымі застаюцца сапрапелі і гандаль.
Запасы карыснага доннага глею на возеры Чырвоным складаюць амаль 70 мільёнаў кубічных метраў. Яго з вялікім поспехам прымяняюць у медыцыне, сельскай гаспадарцы, пры нафтаздабычы. Да канца кастрычніка бягучага года акцыянернае таварыства павінна будзе атрымаць для больш эфектыўнай работы на возеры новы земснарад, за які праплачана ўжо 4,5 мільярда рублёў. Варта зазначыць, што прадпрыемства апошнім часам многа і паспяхова працуе з нафтавікамі, якія выкарыстоўваюць сапрапелі для вытворчасці свідравальных раствораў. Гэта, між іншым, значна танней, чым купляць іх з-за мяжы. А пры бурэнні свідравін самае галоўнае – высокая якасць і экалагічная бяспека. У цесным кантакце працуюць з вытворчым аб’яднаннем “Беларуснафта”, з заводам “Прамбурвод” звыш дзесяці гадоў.
Калі ўлічыць, што ў нашай краіне штогод на паўбала памяншаецца ўрадлівасць глебы, то больш эфектыўнае ўнясенне сапрапеляў магло б у значнай ступені вырашыць гэтую праблему. Праўда, ім самім тут не справіцца, для гэтага патрэбна адпаведная дзяржаўная праграма. Цяпер берагі возера зарастаюць чаротам, а дно ўсё больш — каштоўным сапрапелем. Вучоныя лічаць, што калі прыпыніць здабычу гэтага глею са дна, то возера Чырвонае ўрэшце стане балотам, і жамчужына Палесся можа ўвогуле загінуць.
Зразумела, ААТ “Жыткавічыхімсервіс” займаецца і традыцыйнымі для такіх прадпрыемстваў відамі работ. Гэта ўнясенне арганікі, мінеральных тукаў, хімпраполка сельгаскультур. Тым не менш тут шукаюць розныя спосабы жыць і атрымліваць добры заробак. Выручае ўласная сельгасвытворчасць, бо правільна зарыентаваліся і своечасова знайшлі сваю нішу. Маецца 350 гектараў ворыўнай зямлі, свінаферма на 2 тысячы галоў. Сёлета атрымалі 1200 тон зерня каласавых і кукурузы, 71 тону мяса свініны. Для паспяховага правядзення ўсіх работ ёсць 14 грузавых аўтамабіляў і 18 трактароў.
Каб яшчэ больш павялічыць рэнтабельнасць прадпрыемства, адкрылі ў Жыткавічах дзве гандлёвыя кропкі. А сёння, на свята горада, будзе ўрачыста адкрыты новы магазін акцыянернага таварыства. У ім да паслуг пакупнікоў будуць прадукты харчавання, а таксама насенне і сродкі аховы раслін.
Дырэктар Віктар Атліванаў, які ў свой час закончыў сельгасакадэмію ў Горках па спецыяльнасці механізацыя гідра-меліярацыйных работ, гаворыць, што толькі тады, калі заняўся канкрэтнай справай, адчуў сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам:
— Якое шчасце, калі прачынаешся раніцай і думаеш: як добра, што закончыліся выхадныя і трэба ісці на работу! Я атрымліваю вялікую асалоду ад сваёй працы. Па панядзелках у нас вялікая планёрка з усімі кіраўнікамі вытворчых падраздзяленняў, у астатнія ранкі кароткія, дзелавыя лятучкі. За чатыры гады калектыў наш значна абнавіўся, памаладзеў, працуе шмат новых кадраў, якія мне надта імпануюць сваімі нестандартнымі падыходамі да справы. Лічу, што калегіяльная думка павінна абавязкова быць. Я свае думкі таксама выказваю, абмяркоўваем іх разам. Імкнуся пераканаць, каб мае ідэі сталі і іх ідэямі. Кожны чацвер усе разам: і бухгалтэрыя, і інжынерная служба, і спецыялісты выходзім на добраўпарадкаванне сваёй тэрыторыі. Мне вельмі падабаецца, калі кветкі паўсюль растуць і квітнеюць. Дзе дысцыпліна і парадк, там поспех — гэты лозунг для нас актуальны заўсёды.
Калектыў ААТ “Жыткавічыхімсервіс” складае зараз 118 чалавек. Ёсць свае шматлікія сямейныя дынастыі. Маладых работнікаў стараюцца заахвоціць, падтрымліваюць дзелавыя ініцыятывы, выдаюць ім грашовыя крэдыты на даволі спрыяльных умовах. Вучаць іх за кошт арганізацыі. Кіроўцаў, калі патрэбна павысіць катэгорыю, перавучваюць таксама за кошт прадпрыемства. Бытавыя ўмовы ва ўсіх падраздзяленнях вартыя чалавека працы. І на земснарадзе, і на базе забеспячэння, і на свінаферме, і ў мехатра-дзе — паўсюль ёсць умовы, каб людзям можна было памыцца самім і бялізну памыць: і лазня, і пральныя машыны… Што і казаць, умовы добрыя, да таго ж іх тут пастаянна ўдасканальваюць.
У мінулым годзе спонсарская дапамога з боку прадпрыемства па ўсіх накірунках склала 139 мільёнаў рублёў. Стараюцца забяспечыць сваіх супрацоўнікаў пэўным сацыяльным пакетам, не забываюць ветэранаў. І імкнуцца выйсці са сваёй прадукцыяй як на рынкі Расійскай Федэрацыі, так і краін далёкага замежжа.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.