У строй станавіся!
Служба ў арміі з’яўляецца пачэсным і ганаровым абавязкам для кожнага юнака. Падчас бягучай прызыўной кампаніі яго выконваць адправяцца больш за паўсотні прызыўнікоў з нашага раёна. Некаторыя з іх ужо апранулі на сябе вайсковую форму, некаторым гэта давядзецца зрабіць у бліжэйшы час. Але, як зазначыў ваенны камісар Жыткавіцкага райваенкамата Сяргей Петруненка, усё большая колькасць хлопцаў ідуць у армію з вялікай ахвотай і жаданнем.
Хлопцы, якім давядзецца служыць у паветрана-дэсантных войсках і пагранічнай службе, накіраваліся ў свае часці 19 мая. З першымі промнямі сонца яны прыехалі са сваімі сябрамі і бацькамі да будынка ваеннага камісарыята. Яго работнікі не перашкаджалі развітанню будучых салдат з блізкімі людзьмі. Нехта з натоўпу нястройна, але вельмі голасна зацягнуў патрыятычную песню пра салдацкія будні і служэнне Радзіме. Яе абарваў строгі загад афіцэра ваенкамата Алега Брэева:
— Закончыць развітанне! Прызыўнікам зайсці ў актавую залу з дакументамі і рэчамі!
Хлопцы выконваюць патрабаванне афіцэра хутка і зладжана. Як ні кажы, а служыць яны будуць у элітных падраздзяленнях беларускай арміі. Безумоўна, што адбіраюць туды, так бы мовіць, толькі моцных целам і духам. Нагрузкі там не для слабакоў.
— Са здароўем у прызыўнікоў не ўсё гладка, — гаворыць ваенны камісар Сяргей Петруненка. — Таму ўсяго шэсць чалавек і адпраўляем у дэсантнікі і пагранічнікі. Яшчэ адзін жыткаўчанін прайшоў адбор у сілы спецыяльных аперацый. Гэта тыя хлопцы, якія могуць служыць без абмежаванняў. У цэлым жа бягучая прызыўная кампанія праходзіць нядрэнна. Для праходжання мерапрыемстваў прызыву было выклікана 415 чалавек, але большасць з іх атрымалі адтэрміноўкі для працягу вучобы. На жаль, шэсць чалавек праігнаравалі выклік у райваенкамат. Іх паводзінам цяпер будзе да-дзена адпаведная прававая ацэнка.
Пакуль ваенны камісар разам са сваімі падначаленымі праводзілі з хлопцамі інструктаж як паводзіць сябе ў абласным ваенкамаце, вырашалі іншыя арганізацыйныя моманты, давалі парады на будучае вайсковае жыццё, каб яно прайшло паспяхова, удалося пагутарыць і з самімі прызыўнікамі. Аляксандр Далматовіч будзе служыць дэсантнікам. Да армейскіх будняў ён гатовы. Закончыў у Салігорску будаўнічы тэхнікум, папрацаваў там на рудніку. Як адзначыў хлопец, служыў яго бацька, а таксама брат. Апошні таксама ў паветрана-дэсантных войсках. На развітальнай вечарыне яму далі шмат наказаў, пажадалі, каб стаў добрым салдатам і здаровым вярнуўся дадому.
— Усе гэтага чакаюць: бацькі, сябры, каханая, — гаворыць Аляксандр. — Ганаруся, што буду выконваць вайсковы абавязак у эліце беларускай арміі. Калі ўсё складзецца добра, мяркую, што застануся служыць па кантракту. Спадзяюся, што сустрэнуся з дарагімі мне людзьмі, калі буду прымаць прысягу.
З такім жа настроем ідуць у армію і іншыя хлопцы. Хаця было бачна, што хвалююцца яны перад пакуль што невядомым, але стараюцца схаваць душэўны неспакой за жартамі і смехам.
Усё праходзіць зладжана і арганізавана. Гучыць новая каманда, якая кліча строіцца ля прыбыўшага аўтобуса. Апошнія настаўленні на дарогу, і хлопцы рассаджваюцца ў салоне. Кожны стараецца заняць месца ля акна, каб яшчэ раз пабачыць сваіх родных. Памахаць ім на развітанне. Аўтобус выязджае са двара райваенкамата на вуліцу. Яго сустракаюць гучнымі галасамі ўзрушання і радасці праважаючыя, а праз адчыненае акно ў натоўп ляціць кінутая будучымі салдатамі хусцінка: сімвал развітання і хуткай сустрэчы, а таксама добрай службы. Адпраўкі ў вайсковыя часці працягнуцца да канца месяца. Ураджэнцы Жыткаўшчыны папоўняць рады мотастралкоў, унутраных войскаў, зенітна-ракетных злучэнняў і тылавога забеспячэння. І кожны хлопец спадзяецца, што армейскае жыццё для яго складзецца ўдала.
Сяргей БЕЛКА.