Мастачка без вышэйшай адукацыі
Тураўшчына – унікальны куток нашага краю са сваёй самабытнай культурай і векавымі традыцыямі. Многія віды народнай творчасці, што ўзніклі ў глыбіні стагоддзяў, па сённяшні дзень жывуць у цудоўных мясцінах гэтай шчодрай зямлі. Палешукі ўмела захоўваюць іх, перадаючы з пакалення ў пакаленне. Тут, як нідзе, адчуваеш непарушную сувязь часоў і знаходзіш вытокі сапраўднай палескай культуры. Уклад жыцця людзей, народныя промыслы, рамёствы і фальклор можна сустрэць яшчэ ў гэтым куточку ў некранутым выглядзе.
На Тураўшчыне ўсё адметнае: краявіды, людзі з іх своеасаблівай гаворкай, непасрэднасцю і шчырасцю, ладам жыцця, самабытнай культурай, традыцыямі, уласцівымі толькі гэтай мясцовасці. Тут можна азнаёміцца з вельмі цікавымі ўзорамі народнага мастацтва, у чым мы яшчэ раз пераканаліся, наведаўшы нядаўна вёску Рычоў, якая, згодна з пісьмовымі крыніцамі, вядома з пятнаццатага стагоддзя.
У госці да сваёй маці нас сціпла і разам з тым ветліва запрасіў яе сын спецыяліст першай катэгорыі Рычоўскага сельсавета Аляксандр Бічка. Надзеі Мажака — невысокага росту, хударлявай жанчыне — ужо каля васьмідзесяці гадоў. Нарадзіла і выхавала разам з мужам, якога вось ужо сёмы год няма ў жывых, чацвёра сыноў.
— Жылі яны ў міры і згодзе, — расказвае Аляксандр Рыгоравіч, —бацька не піў, быў добрым гаспадаром. Маці працавала ў калгасным паляводстве, глядзела хатнюю гаспадарку, гадавала нас, чатырох хлопцаў. Улетку і восенню, вобразна кажучы, тонамі насіла з лесу і балота чарніцы ды журавіны. А доўгімі зімовымі вечарамі садзілася вышываць або ткаць. Бацька, бывала, і накрычыць не раз: хопіць табе электрычнасць паліць, ідзі спаць кладзіся. Вышывае яна і зараз, хаця зрок ужо не той, акулярамі даўно карыстаецца.
У другой палавіне вялікай, дыхтоўнай хаты Надзеі Аляксандраўны нас чакалі сапраўдныя дзівосы — вышытыя як “гладдзю”, так і “крыжыкам” ручнікі, навалачкі, абрусы, іконы. Высокае прафесіянальнае выкананне проста ўразіла, ашаламіла. Калі б пабачыў гэтыя высокамастацкія рэчы, напрыклад, у нейкай галерэі, то, дальбог праўда, ніколі не паверыў, што яны ручной работы. Няўжо гэта зрабілі натруджаныя, шурпатыя рукі вясковай жанчыны, якія ўсё жыццё сеялі і ўбіралі, капалі і палолі, даілі і кармілі? Гэта ж трэба цярплівасць і натхненне, вялікае працалюбства і ўменне, каб з дня ў дзень, з вечара ў вечар працягваць свой нястомны жыццяпіс рознакаляровымі, яркімі ніткамі. Суладдзе думак і пачуццяў, душэўная раўнавага, каб нітачка паслухмяна і акуратна ішла ўслед за іголкаю. Адкуль бярэ свае вытокі гэты творчы пачатак? Універсітэтаў жа не заканчвала. Ад маці?
— Не, у маёй маці было сямёра дзяцей і ёй было не да вышывання, на гэта ў яе проста не даставала часу, — патлумачыла жанчына. — Брала вышыўку з сабой на работу і працавала ў час абеду, вучылася ў сваіх вясковых таварышак — як равесніц, так і старэйшых. А колькі ідзе часу на адну работу? Ну вось гэтую карціну — тройку коней — распачала восенню, а завяршыла на мінулым тыдні. У маладзейшыя гады зімою ставілі ў хаце кросны, ткалі, радуючыся свайму, а не фабрычнаму, бо здавалася, што на ім і сонца весялей грала.
Вось такія яны, нашы палескія жанчыны — працавітыя, сціплыя, умелыя. Разам з фізічнай працай жыве ў іх і дух творчасці. Яскравы прыклад — ураджэнка вёскі Рычоў Надзея Аляксандраўна Мажака, якая, у адрозненне ад пэндзля і фарбаў жывапісца, працуе з іголкай і ніткамі. І ў кожнай вышыванай рабоце ёсць крупінка народнай культуры, уласцівай нашаму краю з даўніх часоў.
Сяргей Вечаровы.
Фота Анастасіі КУЛАКЕВІЧ.