Майстрамі не нараджаюцца, а здабытым рамяством ганарацца
Вялікае свята ўшанавання людзей працы прайшло напрыканцы мінулага тыдня ў гарадскім цэнтры культуры. Падчас урачыстасці была аказана належная павага перадавікам вытворчасці і сацыяльнай сферы па выніках работы за 2013 год.
Гарадскі цэнтр культуры ў дзень правядзення злёту перадавікоў нагадваў суцэльную святочную пляцоўку. На ганку ўстановы хораша і бадзёра іграў духавы аркестр Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. На другім паверсе гасцей віталі сваёй творчасцю выхаванцы ансамбля народных інструментаў Тураўскай і Верасніцкай дзіцячых школ мастацтваў. Тут жа ўдзельнікі ўрачыстасці маглі наведаць кніжныя выставы пра наш славуты і працавіты край. І гэта сапраўды так. Жыткаўшчына – гэта раён-працаўнік. На яго тэрыторыі дзейнічаюць нямала прадпрыемстваў, устаноў культуры, аховы здароўя, адукацыі, якія і ствараюць яму належную славу. Як ні кажы, а раён наш пастаянна мяняецца да лепшага. Добраўпарадкоўваюцца яго гарады, прыгажэюць аграгарадкі, узводзяцца новыя жылыя масівы і іншыя пабудовы. Адным словам, робіцца ўсё, каб жыхары Жыткаўшчыны жылі ў камфортных умовах. Але самы галоўны патэнцыял раёна – гэта людзі, якія сваёй самаадданай працай дабіваюцца поспехаў у прамысловасці і на культурнай ніве, у іншых сферах дзейнасці, тым самым славяць свой край, сваю малую радзіму. Менавіта такіх працаўнікоў і сустракалі гасцінна ў гарадскім цэнтры культуры. Дзяўчынкі і хлопчыкі ў нацыянальных строях адразу на ўваходзе ва ўстанову асабіста шчыра віталі кожнага перадавіка, віншавалі з такой знакавай для чалавека падзеяй, запрашалі займаць месцы ў актавай зале. Яна ж уражвала сваім святочным убранствам. Што і казаць, пастараліся культработнікі, каб стварыць урачыстую абстаноўку і гэтым таксама надаць людзям яшчэ большай святочнасці і радаснага настрою.
Ды і сам пачатак злёту перадавікоў атрымаўся вельмі прыгожым і ўрачыстым. Садзейнічалі гэтаму гукі фанфар, а таксама танцавальныя кампазіцыі чарлідараў. Гарманічна сюды ўпісваецца танцавальны калектыў з кампазіцыяй “Буслы”. На апошніх акордах музыкі на сцэне з’яўляецца група моладзі, пераапранутая ў спецвопраткі прадстаўнікоў з розных сфер народнагаспадарчага комплексу. Менавіта ў гэты час гучала ўступленне песні “Слава людзям працы!”. Урачыстую дзею адкрыцця раённага злету перадавікоў працягнуў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь — Тураўскі народны хор і народны ансмабль танца “Прыпяць”, якія і выканалі вышэйзгаданую вакальна-харэаграфічную кампазіцыю.
Узнёслым вершам удзельнікаў урачыстасці пасля музычных і танцавальных нумароў вітаюць вядучыя свята. Яны прадстаўляюць і ганаровых гасцей злёту: старшынь раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Мікалуцкага, Ніну Рамановіч, членаў раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікоў з Любанскага і Столінскага раёнаў, якія прыехалі, каб прывітаць працоўныя поспехі жыхароў Жыткаўшчыны, падзяліцца радасцю за развіццё і станаўленне нашай малой радзімы.
Слова для адкрыцця злёту перадавікоў вытворчасці прадастаўляецца старшыні Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандру Мікалуцкаму. У сваім кароткім уступным слове Аляксандр Віктаравіч павіншаваў усіх перадавікоў з працоўнымі перамогамі, выказаў словы ўдзячнасці за старанне і прафесіяналізм, адзначыў, што цяперашняя ўрачыстасць стане выдатным імпульсам для новых дасягненняў і прафесійных перамог. Напрыканцы свайго выступлення кіраўнік раёна аб’явіў аб адкрыцці свята працоўнай славы. Усе людзі ў дружным парыве падняліся са сваіх месцаў, калі ў зале загучаў Дзяржаўны гімн нашай краіны.
На віншаванні і пажаданні лепшым працаўнікам Жыткаўшчыны не скупіліся і госці з суседніх рэгіёнаў.
Не менш урачыстай была і цырымонія ўзнагароджвання лепшых калектываў і працаўнікоў раёна па выніках работы за мінулы год. Бадзёрая музыка, прыгожыя дзяўчаты-асістэнткі стваралі непаўторную атмасферу гонару за тых, хто сваёй стваральнай працай дабіўся выдатных вытворчых паказчыкаў. Пад дружныя воплескі старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі ўручае кіраўнікам прадпрыемстваў і калектываў Пераходныя чырвоныя сцягі Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта, ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі. Вышэйшыя ўзнагароды раённай улады атрымалі кіраўнікі ААТ “Людзяневічы” Анатоль Санюк, ААТ “Сатурн -1” Міхаіл Саскевіч, установы “Рэдакцыя газеты “Новае Палессе” Святлана Севасцьянава-Казачок, перасоўнай механізаванай калоны №76 ААТ “Гомельсаўгасбуд” Віктар Макарэвіч, Жыткавіцкага філіяла камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам “Гомельаблпаліва” Уладзімір Жукоўскі, дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас” Міхаіл Ляўковіч, старшыня Мілевіцкага сельскага выканаўчага камітэта Тамара Маркевіч. Гэтак жа дружна гарачымі апладысментамі ўдзельнікі злёту падтрымлівалі і тых перадавікоў, якія былі ўзнагароджаны вымпеламі, Ганаровымі граматамі і пасведчаннямі. Добрай традыцыяй гэтага святочнага мерапрыемства ў нашым раёне стала тое, што заслужаныя ўзнагароды лепшым працаўнікам уручаюць намеснікі старшыні райвыканкама, якія непасрэдна курыруюць сферы дзейнасці. З вялікім задавальненнем і пашанай ганаровую місію па ўзнагароджванню выканалі Аляксандр Наўныка, Уладзімір Быстрэнка, Валерый Рагалевіч.
Безумоўна, што цырымонія ўзнагароджвання стала яшчэ прыгажэйшай ад канцэртных нумароў, якія дарылі лепшым працаўнікам самадзейныя артысты. А вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Зямля мая”, якой і завяршылася ўрачыстае мерапрыемства перадавікоў вытворчасці, для ўсіх прысутных у зале, стала своеасаблівым сімвалам-напамінам: мы — гаспадары на нашай зямлі і нам стваральнай шчырай працай па сілах зрабіць яе прыгажэйшай і багацейшай. Прайшоўшы злёт перадавікоў яскрава засведчыў, што працавітых людзей у нашым краі вельмі і вельмі шмат.
Пасля ўшанавання лепшых работнікаў урачыстасці ў гарадскім цэнтры культуры не закончыліся. Вялікі святочны канцэрт быў дадзены сталічнымі артыстамі ў гонар жанчын з нагоды свята восьмага сакавіка. Таму ўсе разыходзіліся з прыўзнятым цудоўным настроем і, зразумела, з жаданнем дабівацца большых працоўных перамог. Усё ж правільна сказана, што з майстэрствам людзі не нараджаюцца, а здабытым рамяством ганарацца.
Сяргей БЕЛКА.