Жыткавіцкія будаўнікі без работы не застануцца
Адзін з асноўных фактараў поспеху, пра які марыць кожны будаўнічы калектыў, кожны яго кіраўнік – гэта своечасовае і поўнае фінансаванне. Будзе яно – значыць і будуць новыя аб’екты, аб’ёмы работ, зарплата, своечасовая здача ў эксплуатацыю жылля, вытворчых памяшканняў. І пакуль што для працоўнага калектыва ПМК-76 з новага года справы ў гэтым плане складваюцца ўдала, што дазваляе ў зададзеным рытме весці комплекс работ на ўсіх трох аб’ектах.
У кастрычніку мінулага года мясцовыя ўмельцы распачалі ўзводзіць новы 60-кватэрны дом у мікрараёне Паўночны нашага райцэнтра. Няшмат месяцаў прайшло з таго часу, а ўжо вядзецца закладка трэцяга паверха, спецыялісты прыступілі да электрамантажных, тынковачных і сантэхнічных работ. Да канца сакавіка на аб’екце мяркуюць выйцсі на кладку чацвёртага паверха. Тут працуюць дзве брыгады муляраў пад кіраўніцтвам Міхаіла Нажэева і Віктара Мартыноўскага, а таксама брыгада бетоншчыкаў, якой кіруе Анатоль Некрасаў.
Наступны аб’ект працаўнікоў ПМК-76 – малочнатаварная ферма на 600 галоў у вёсцы Кольна. Тут вядзецца бетаніраванне аднаго з жывёлагадоўчых памяшканняў, устанаўліваецца стойлавае абсталяванне, даводзяцца да ладу выграбныя ямы. Пры наяўнасці фінансаў у другім квартале года работы на гэтым аб’екце КСУП “Коленскае” будуць працягнуты.
Шчыруюць работнікі калоны і на такім аб’екце яе плавальны басейн горада Жыткавічы, што ў мікрараёне Азёрны, вядзецца яго капітальны рамонт. Гэта даволі дарагі аб’ект, у аб’ёме 18-20 мільярдаў рублёў. За два мінулыя гады асвоена работ на 4 мільярды рублёў. Зараз тут вядзецца тынкоўка сцен другога паверха, кладзецца плітка ў вялікім басейне. На аб’екце “інжынерныя сеткі” “Подаўж” за люты бягучага года было асвоена работ на 253 мільёны рублёў з агульнай сумы ў 7 мільярдаў рублёў. Астатнія работы будуць завершаны да канца года. вядуцца таксама работы на кінатэатры “Узыход”, там усё будзе залежаць ад далейшага фінансавання.
– Нашы лепшыя работнікі пастаянна заахвочваюцца як маральна, так і матэрыяльна, гэтыя стымулы мы лічым немалаважнымі ў сваёй рабоце, – расказвае начальнік перасоўнай механізаванай калоны Віктар Макарэвіч. – Штогод прымаем актыўны ўдзел у конкурсах муляраў, якія праводзяцца на ўзроўні вобласці і рэспублікі. У час іх правядзення таксама дакладна вызначаецца ўзровень майстэрства нашых работнікаў. А на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі нашу калону прадстаўлялі муляр 5 разраду Генадзь Якімцоў, вадзіцель Васіль Кіслюк і тынкоўшчык-плітачнік 5 разраду Галіна Макарэвіч.
У калоне штогод расшыраецца, удасканальваецца рамонтная база, сваімі сіламі ўзводзяцца сталярны і цэх па металаапрацоўцы. Дзякуючы ўласнаму аўтапарку будаўнічыя брыгады своечасова дастаўляюцца на аб’екты. У перасоўнай калоне, якая заслужана лічыцца флагманам будаўнічай галіны ў нашым раёне, працуе 190 чалавек, сярэднямесячны заробак за мінулы год склаў 5 мільёнаў 827 тысяч рублёў.
Сяргей КУЛАКЕВІЧ.