Першы тур конкурса «Зорка ўзышла над Беларуссю» плануецца правесці 22 снежня ў ГЦК г. Жыткавічы
У нашай краіне створаны выдатныя магчымасці для раскрыцця таленту маладых людзей. Спрыяе гэтаму і рэспубліканскі конкурс “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Сёлета ён пройдзе ў другі раз. Аб тым, хто можа прыняць удзел у гэтым творчым мерапрыемстве, карэспандэнт раёнкі папрасіў расказаць дырэктара раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людмілу Грыб:
— Рэспубліканскі конкурс “Зорка ўзышла над Беларуссю” разлічаны на таленавітую моладзь. Прыняць у ім удзел могуць маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 31 года, акрамя студэнтаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў адукацыі ў сферы культуры.
— Людміла Леанідаўна, дзе і як будзе праходзіць конкурс?
— Гэтае творчае мерапрыемства будзе праводзіцца ў некалькі этапаў, пачынаючы з раённага. На Жыткаўшчыне першы тур конкурса плануецца правесці 22 снежня ў ГЦК г. Жыткавічы, пачатак а 10 гадзіне. Яго пераможцы прымуць удзел у абласным этапе і, калі там пашанцуе, то і ў рэспубліканскім туры, які запланаваны на красавік наступнага года.
— У якіх намінацыях моладзь можа праявіць свае здольнасці на конкурсе?
— Намінацый вельмі шмат. Прадэманстраваць свой талент маладыя людзі змогуць падчас конкурса ў эстрадных і народных спевах, аўтарскай песні, размоўным жанры, сучасным танцы, жывапісе і графіцы, скульптуры, дызайне, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, харэаграфіі, сацыяльнай рэкламе, рэжысуры масавых свят і шоў, а таксама ў харэаграфічнай пастаноўцы па сучасных напрамках харэаграфіі. Відавочна, поле, каб праявіць сябе, вельмі вялікае.
— Куды можна звярнуцца жадаючым юнакам і дзяўчатам, каб прыняць удзел у конкурсе?
— Жадаючыя маладыя людзі могуць падаваць заяўкі да 18 снежня на раённы этап конкурса да нас, у раённы метадычны цэнтр аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Атрымаць кансультацыю таксама можна па тэлефонах: 21035 і 22116. Калі вы таленавітыя, то спяшайцеся падаць заяўку, каб стаць удзельнікам конкурса “Зорка ўзышла над Беларуссю”. Часу да пачатку першага туру засталося не так і шмат.
Гутарыў Сяргей МІКАЛАЕЎ.