Трэція раённыя, педагагічныя, краязнаўчыя чытанні

429Яны адбыліся 30 кастрычніка 2013 года ў гімназіі раённага цэнтра. У іх бралі ўдзел намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай і вучэбна-выхаваўчай рабоце, настаўнікі гісторыі, геаграфіі, іншыя спецыялісты.
У чытаннях прыняў удзел і выступіў старшыня Жыткавіцкай раённай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Пётр Іванавіч Кальцоў. Ён азнаёміў удзельнікаў чытанняў з работай па стварэнню музея гісторыі адукацыі Жыткавіцкага раёна, прапанаваў ім удзельнічаць у зборы дакументаў, фотаздымкаў, іншых экспанатаў з мэтай фарміравання экспазіцыі музея. Педагогі агледзелі памяшканне, дзе плануецца яе размясціць.
Выступленне настаўніка гісторыі гімназіі Марыі Аляксандраўны Рамановіч было прысвечана гісторыі стварэння і дзейнасці на тэрыторыі Жыткавіцкага і Тураўскага раёнаў 18-га пагранічнага атрада, якую яна і яе вучні даследуюць і вывучаюць у апошні час.
Настаўнік Ленінскай сярэдняй школы-сада Людміла Міхайлаўна Таненя назвала сваё паведамленне “Ген памяці”. Яно было прысвечана ўраджэнцам мястэчка Ленін, яўрэям і не толькі, якім удалося ўратавацца ў час знішчэння фашысцкімі акупантамі Ленінскага гета, а потым самога паселішча Ленін у гады Вялікай Айчыннай вайны і якія на ўсё жыццё захавалі памяць пра гэтыя жудасныя падзеі, наведваюць родныя мясціны і самі, і разам са сваімі нашчадкамі робяць усё, каб такое больш не паўтарылася ў жыцці людзей.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кольненскай сярэдняй школы-сада Таццяна Іванаўна Петрушкевіч і настаўнік гісторыі Браніслаўскай базавай школы-сада Галіна Аркадзьеўна Швец пазнаёмілі педагогаў з уласным вопытам і вопытам работы сваіх навучальных устаноў па выхаванню ў вучняў патрыятызму і любові да сваёй малой радзімы праз удзел у пошукавай і краязнаўчай рабоце, а таксама па выкарыстанню экспазіцый музеяў у вучэбна-адукацыйнай рабоце па прадметах з мэтай павышэння якасці ведаў вучняў.
Аб рабоце мемарыяльнага музея Мікалая Гамолкі сярэдняй школы №1 г. Жыткавічы гаварыла ў сваім выступленні настаўніца гісторыі гэтай школы Таццяна Вячаславаўна Касінская. Яна запрасіла педагогаў устаноў адукацыі разам са сваімі вучнямі наведаць гэты музей.
Паведамленні настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Рычоўскай сярэдняй школы-сада Наталлі Рыгораўны Каляда і Верасніцкай сярэдняй школы Таццяны Аляксандраўны Комар былі прысвечаны этнаграфічным асаблівасцям родных мясцін.
Даследаванне гісторыі адукацыі і навучальных устаноў, суб’ектаў гаспадарання, прыродных аб’ектаў, устаноў культуры і культу — вельмі важны накірунак краязнаўчай, пошукавай работы. Удзельнікі чытанняў удзялілі яму належную ўвагу.
Вёска Пухавічы — гэта паселішча з вельмі даўняй гісторыяй. Станаўленню і развіццю адукацыі і школы ў гэтай вёсцы прысвяціла сваё выступленне настаўніца гісторыі мясцовай школы Святлана Уладзіміраўна Аліфяровіч.
З гісторыяй Хваенскай сярэдняй школы пазнаёміла прысутных настаўніца геаграфіі гэтай школы Ніна Мікалаеўна Аксёнчык, а паколькі, па яе словах, гісторыя школы цесна і непарыўна звязана з гісторыяй Тураўскага леспрамгаса, то яна закранула гісторыю будаўніцтва і гаспадарчай дзейнасці гэтага прадпрыемства некалі вядомага на ўсю Беларусь. Цяпер гэта майстарскі ўчастак Жыткавіцкага леспрамгаса.
Вельмі цікавым атрымалася выступленне настаўніка пачатковых класаў Азяранскай сярэдняй школы-сада Таісіі Сяргееўны Кірайчук “Гісторыя стварэння і выкарыстання меліярацыйнага канала “Бычок”. Пракапаны гэты канал быў яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя. Бярэ свой пачатак у Лельчыцкім раёне. Цячэ ў межах вёскі Азяраны, упадаючы каля яе ў раку Сцвіга. За гэты час, а гэта ўжо больш за сто гадоў, ён не толькі верна служыў людзям, выкарыстоўваўся ў гаспадарчых мэтах, але і аброс паданнямі, легендамі, гісторыямі, пра яго напісаны вершы. Ён стаў часткай мясцовай культуры.
Хрысціянская вера прыйшла на нашы землі напрыканцы Х стагоддзя. З таго часу ў нашых мясцінах пачалі будавацца цэрквы. Спачатку драўляныя, а потым з каменю і цэглы. Першым мураваным храмам на тэрыторыі Палесся і адным з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў храм ХІІ стагоддзя ў Тураве. Гісторыі гэтага храма, яго будаўніцтву, яго лёсу і яго даследаванню прысвяціла сваё выступленне настаўніца гісторыі сярэдняй школы №1 г. Турава Ларыса Іванаўна Гук. Яна запрасіла настаўнікаў, вучняў школ наведаць музеі і храмы г. Турава.
Удзельнікі чытанняў высока ацанілі выступленні сваіх калег і пажадалі ім далейшай плённай працы.
В. НІКАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.