Перспектыўная дзейнасць
Сёлетні дзень трэцяга лістапада з’яўляецца своеасаблівай датай у працоўнай біяграфіі калектыва МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Менавіта дзесяць гадоў назад да нашага райцэнтра быў падведзены прыродны газ. Гэтая падзея стала своеасаблівым штуршком да бурнага развіцця прадпрыемства і газавай гаспадаркі раёна ў цэлым.
Перад жыткавіцкімі газавікамі паўсталі новыя задачы, якія патрэбна было вырашаць неадкладна, у самыя сціслыя тэрміны. Неабходна было пракладваць газаправоды, узводзіць камунікацыі, пераводзіць на прыродны газ кватэры ў шматпавярховых дамах. Таму і размах работ быў даволі шырокім, каб выканаць пастаўленыя задачы, нават прыйшлося прыцягваць на дапамогу староннія спецыялізаваныя арганізацыі з іншых гарадоў. Да слова, дзякуючы руплівасці і прафесіяналізму спецыялістаў МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” і іх калег справіліся з усімі работамі вельмі паспяхова. Літаральна за год-другі прыродны газ быў пададзены спажыўцам у 4874 кватэры. Для гэтага ў райцэнтры прыйшлося пракласці больш чым сто кіламетраў газаправодаў высокага ціску, 66,8 кіламетра — сярэдняга і 15,1 кіламетра — нізкага ціску.
Пайшоў прыродны газ і ў народнагаспадарчы комплекс. Гэты від паліва стаў актыўна прымяняцца на кацельнях КУП “Жыткавіцкі камунальнік” для ацяплення кватэр і іншых аб’ектаў.
Распачатая тады газіфікацыя не спыняецца і зараз. Усё большае колькасць прыватных гаспадароў, якія сталі выкарыстоўваць прыродны газ у сваіх дамах. Толькі за гэты год іх пабольшае на 240 спажыўцоў. Значыць, узрастуць і аб’ёмы спажывання прыроднага газу. Сёлета яго пастаўлена газавым прадпрыемствам ужо больш сямі мільёнаў метраў кубічных, а гэта сведчанне, што жыткавіцкія спецыялісты паспяхова выконваюць сваю асноўную і важную для кожнага з нас задачу: бесперабойна падаюць “блакітнае паліва” сваім кліентам і забяспечваюць безаварыйную работу газавых камунікацый. А гэта вельмі адказная і напружаная праца, якая патрабуе ад кожнага члена калектыва адпаведнага старання і майстэрства. Уносяць свой уклад у гэтую справу такія працаўнікі як Іван Купрацэвіч, Леанід Тарлецкі, Аляксандр Рындзік, Фёдар Козел, Дзмітрый Прыкота, Барыс Сулкоўскі, Рыгор Гаўрыленка. Дарэчы, менавіта рукамі гэтых спецыялістаў і пачыналася вялікая газіфікацыя прыродным газам нашага раёна.
Асобна варта сказаць пра дзейнасць работнікаў МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” па газіфікацыі прыродным газам Тураўшчыны. Так, за дзесяць гадоў “блакітнае паліва” з райцэнтра пайшло і на прасторы раёна. У самім Тураве, напрыклад, з’явіліся такія буйныя карыстальнікі прыроднага газу як ААТ “Тураўскі малочны камбінат”, філіял “Тураўскі кансервавы камбінат” ААТ “Тураўшчына”, турыстычна-гасцінічны комплекс “Струмень”, зернесушылка гэтага ж акцыянернага таварыства. Зараз актыўна вядзецца газіфікацыя аграгарадка Верасніца. Тут па заканчэнні ўсіх работ прыродны газ прыйдзе ў дамы больш чым ста гаспадароў. Відавочны вялікія магчымасці гэтага віду “блакітнага паліва”, а значыць праглядваюцца ў калектыва МВУ “Жыткавічыміжрайгаз” перспектыўныя напрамкі для дзейнасці ў будучым. І яны гатовы іх пераўтварыць у рэальнасць.
Сяргей БЕЛКА.