Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Ніхто не забыты, нішто не забыта.
Чакалі ўсходаў…
Ніхто іх не верне,
І тых недародаў…
Каб болей ніколі
сяло не пусцела –
стаіць гэты помнік,
стаіць гэта стэла!
Такія словы высечаны на помніку, які ўвекавечыў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
30 кастрычніка 2013 года. Вёска Хільчыцы. Жалобны мітынг. Сабраліся аднавяскоўцы, вучні школы, настаўнікі, унукі і праўнукі тых, хто быў абвінавачаны, віны якіх не было ні ў чым. Гэта лепшыя людзі вёскі, сапраўдныя гаспадары, земляробы, якія ўмелі працаваць, хацелі жыць, гадаваць дзяцей. Але іх зрабілі ворагамі народа. Прыходзілі ноччу, забіралі, абвінавачвалі ў здрадзе. Прападалі людзі. Не хавалі іх на могілках. Не было ў іх магіл, не стаялі на іх крыжы. Ніхто не ведаў іх прозвішчаў і імён. Праз 70 гадоў унук рэпрэсіраванага Якава Апанасавіча Шруба, Міхаіл Рыгоравіч Шруб, на свае сродкі пабудаваў гэты помнік, увекавечыў памяць дзеда і аднавяскоўцаў.
“30 кастрычніка. Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій. Ніхто не забыты, нішто не забыта. Вярнуць усім загінуўшым добрае імя — святы абавязак кожнага”. Такімі словамі быў адкрыты мітынг. Знішчаны лепшыя з лепшых: сотні замучаных, расстраляных, мільёны сялян, якія аказаліся ахвярамі раскулачвання, вучоныя і паэты, пісьменнікі і артысты, якія на самай справе былі патрыётамі Радзімы. Нельга без хвалявання слухаць словы Міхаіла Шруба: “Мы павінны ведаць свае карані, сваіх дзедаў і прадзедаў, калі мы помнім — мы жывем. Памяць аб іх будзе жыць у нашых сэрцах”.
Шмат цёплых слоў сказала Надзея Іванаўна Кавалец, Герой Сацыялістычнай працы, заслужаны настаўнік СССР, бацька якой быў расстраляны як вораг народа. Яна выказала словы ўдзячнасці М. Шрубу за добрую справу. “Гэты помнік як брацкая магіла: прозвішчы 51 чалавека назаўсёды застануцца на ім, як наказ нашым унукам і праўнукам: ніхто не забыты. Яны заўсёды былі ў нашых сэрцах. Цяпер жа яны з намі, любуюцца палямі, на якія глядзіць помнік, ганарацца нашымі поспехамі”.
Прадоўжыў думку Надзеі Іванаўны Юрый Мікалаевіч, настаўнік гісторыі.
Напрыканцы мерапрыемства слова ўзяў карэспандэнт газеты “Беларуская ніва” Уладзімір Субат. Ён, як і ўсе выступаючыя, падкрэсліў, што “любіць і шанаваць сваю спадчыну, помніць сваіх родных і блізкіх — ганаровы абавязак кожнага чалавека. А адкрыццё гэтага помніка ўвойдзе ў гісторыю: цяпер вашы аднавяскоўцы з вамі. Да іх будуць прыходзіць нашчадкі, прыносіць кветкі, расказваць аб сваіх справах”.
Імёны гэтых людзей увойдуць у гісторыю. 51 чалавек быў рэпрэсіраваны ў Хільчыцах і Бярэжцах. Іх імёны былі названы. Няхай яны будуць нам блізкімі, як сябры, як родныя. Давайце будзем памятаць аб іх. Галоўнае — не дапусціць паўтарэння такіх страшных падзей, якія перажылі нашы дзяды і прадзеды.
Г. Лясько,
педагог сацыяльны
ДУА “Хільчыцкі дзіцячы сад-сярэдняя школа”.