Дурны сабака і на гаспадара брэша…

456Зараз яшчэ стаіць мяккая, цёплая восень, але чамусьці ўспомнілася зімовая карціна. Раніцай ішоў на работу пешшу і любаваўся свежым снегам, які выпаў ноччу. Як раптам з вузкага завулка знячэўку выбегла зграя бадзяжных сабак у колькасці не меней дзясятка, і маленькая сучка, што была наперадзе, кінулася на адзінокую жанчыну, якая крочыла метраў за 20 ад мяне. Спалоханая жанчына закрычала роспачным голасам і павалілася ў высокую гурбу снегу. Давялося кінуцца ёй на дапамогу, адагнаць “сабачае вяселле”. Жанчына калацілася ад страху і ўсё паўтарала: “Што робіцца, людзі, што робіцца…”
Так, зграя бадзяжных сабак — гэта ўжо страшна. Як для дзяцей, якія ідуць са школы з другой змены, так і для дарослых, якія вяртаюцца з работы ў цемры. Таму, як гавораць нашы камунальнікі, барацьба з засіллем бадзяжных сабак будзе толькі ўзмацняцца.
— Адлоў і адстрэл безнаглядных жывёлін праводзім рэгулярна, — кажа майстар па саначыстцы КУП “Жыткавіцкі камунальнік” Вячаслаў Ярмош. — Так, у верасні было ліквідавана 28 галоў, у кастрычніку — 35. І варта адзначыць, што ў гэтай праблеме, як і раней, вінаватыя самі людзі, іх нізкая свядомасць і адказнасць перад грамадствам. Многія гаспадары ўласных падворкаў адпускаюць сваіх сабак нанач, а раніцай не паспяваюць іх прывязаць і ідуць на работу. Таму, як правіла, гэтая “сабачая” праблема найбольш абвастраецца з шасці гадзін раніцы да паловы дзявятай. Да таго ж сабак бацькі з дзецьмі прыкармліваюць ля садоў-ясляў, каля сваіх пад’ездаў. А ўсё гэта толькі дае штуршок для росту агрэсіўных зграй. Асабліва гэта тычыцца мікрараёнаў Азёрны і Жыткавічы-1.
Як гаворыць далей Вячаслаў Генадзьевіч, ніхто не забараняе жыхарам мікрараёнаў утрымліваць сваіх гадаванцаў дома. Згодна жыллёваму кодэксу дазваляецца ўтрымліваць не болей двух жывёлін у асобнай кватэры шматкватэрнага жылога дома. Пры гэтым гаспадары абавязаны выконваць існуючыя правілы ўтрымання хатніх жывёлін: строга захоўваць санітарна-гігіенічныя нормы, забяспечваць (даруйце за таўталогію) бяспеку людзей, не дапускаць забруджвання гэтымі жывёлінамі агульнадаступных месцаў.
Дарэчы, утрыманне незарэгі-страваных сабак, кошак, іншых, у тым ліку экзатычных жывёлін, забаронена. Сабакі, кошкі падлягаюць рэгістрацыі на працягу трох дзён з дня набыцця. Шчанюкі і кацяняты павінны быць зарэгістраваны ва ўзросце ад 3 да 3,5 месяца. Неабходна ведаць, што рэгістрацыя сабак праводзіцца ў жыллёва-эксплуатацыйных арганізацыях па месцы жыхарства грамадзян з выдачай рэгістрацыйнага пасведчання ўстаноўленага ўзору і жэтона, які замацоўваецца да ашыйніка дамашняй жывёліны. Пасля гэтага, натуральна, гаспадар такога сабакі або кошкі з большай адказнасцю адносіцца да свайго гадаванца, а ветэрынарная служба, згодна паступіўшых заявак, будзе рабіць неабходныя прышчэпкі, выконваць іншыя працэдуры.
І, па ўсім відаць, перад тым, як узяць кошку ці сабаку, трэба добра падумаць, параіцца на сямейнай радзе, каб праз некаторы час не выкінуць іх на вуліцу і не зрабіць бяздомнымі. Бо, як сказаў пісьменнік, мы ў адказе за тых, каго прыручылі…
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.