Ценявы бізнес — на святло
Залежнасць парадку ад законнасці даказана ўжо даўно. Але, на жаль, два гэтых паняцці пастаянна ўступаюць паміж сабой у супярэчнасць. І віной таму несумленнасць некаторых грамадзян, якія не хочуць кіравацца літарай закона. Сведчаць пра гэта і вынікі праведзеных кантрольных мерапрыемстваў спецыялістамі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Жыткавіцкаму раёну.
— За дзевяць месяцаў бягучага года па выніках кантрольнай работы наша служба спрацавала вельмі вынікова, — расказвае намеснік начальніка падатковай інспекцыі Ірына Самайловіч. — Агульная сума даналічаных грошай у даходную частку кансалідаванага бюджэта склала за гэты перыяд 2335,2 мільёна рублёў. Гэта чатыры працэнты ад плана паступленняў.
Сума спагнаных даналічэняў — 2318,6 мільёна рублёў, або 99,4 працэнта ад налічанага пры заданні дзевяноста працэнтаў.
Пра плён працы падатковых інспектараў падчас кантрольных мерапрыемстваў сведчаць і такія лічбы: даналічаная сума на аднаго плацельшчыка па раёну склала 17,6 мільёна рублёў, спагнана 17,4 мільёна, па вобласці гэтыя паказчыкі выглядаюць адпаведна — 9,5 і 9,1 мільёна рублёў.
Безумоўна, найбольшая колькасць парушальнікаў падатковага заканадаўства выяўляецца падчас праводзімых спецыялістамі рэйдавых кантрольных мерапрыемстваў. І як правіла, у іх сеткі трапляюць фізічныя асобы, якія зай-маюцца незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю: аказваюць паслугі па перавозцы пасажыраў, па рамонту і тэхнічнаму абслугоўванню аўтамабіляў, па будаўніцтву. Таксама прыватныя структуры, якія не маюць адпаведных дакументаў на рэалізуемы тавар, або ажыццяўляюць гандаль, не прапускаючы выручку праз касавыя апараты.
— Нас ужо даўно турбавала праблема з незаконнымі перавозкамі пасажыраў фізічнымі асобамі, — расказвае Ірына Раманаўна. — Спецыялісты інспекцыі актывізавалі сваю дзейнасць у гэтым напрамку і дабіліся пэўных зрухаў да лепшага. З пачатку года выяўлена 8 фізічных асобаў, якія незаконна займаліся перавозкамі. Усе яны папярэджаны, ім прад’яўлена падаткаў на суму 4,1 мільёна рублёў. Адзін таксіст-нелегал быў затрыманы двойчы, на яго машыну коштам 60,6 мільёна рублёў быў накладзены арышт. Толькі гуманнасць суда дазволіла мужчыну пазбегнуць канфіскацыі транспартнага сродка. Але без пакарання ён не застаўся – прыйшлося па рашэнню суда выплаціць два мільёны штрафу. Думаю, і іншым нелегальным перавозчыкам трэба задумацца, ці варта так рызыкаваць сваёй маёмасцю.
Парушальнікі нясуць сур’ёзную адказнасць за незаконную дзейнасць. Так сталася з прадстаўніком ТДА “М”. Грамадзянін перавозіў тавары, на якія спецыялісты інспекцыі папрасілі прад’явіць неабходныя дакументы. Але накладная, якую паказаў мужчына, не адпавядала патрабаванням, некаторыя тавары не былі ў ёй указаны. Па рашэнні гаспадарчага суда тавар канфіскавалі. “Вылецела” прадпрымальніку вольнасць у дачыненні з заканадаўствам у 8 мільёнаў рублёў (столькі каштаваў канфіскаваны тавар) і ў 3,9 мільёна штрафу.
Неналежнае афармленне дакументаў на тавары падвяло падчас кантрольных мерапрыемстваў і гаспадароў ПГУП “СМ”, калі да іх завіталі падатковыя інспектары. І ўсё закончылася судом і канфіскацыяй тавара на 2,2 мільёна рублёў і штрафам у 1,3 мільёна.
Жыў сабе ціха і гандляваў дызельным палівам адзін з вяскоўцаў. Але яго маленькаму бізнесу, дарэчы незаконнаму, прыйшоў канец пасля сустрэчы з работнікамі падатковых органаў. Салярку на суму ў 7,9 мільёна рублёў у яго канфіскавалі, а ў дадатак “узнагародзілі” яшчэ і шасцімільённым штрафам.
І гэта толькі невялікі пералік грахоў фізічных асобаў і прадпрымальнікаў, якія працуюць з парушэннямі падатковага заканадаўства, хочуць схаваць свае даходы. Пакаралі спецыялісты падатковай інспекцыі за гэта 2 грамадзян, якія без дазволу займаліся скупкай металічнага лому, столькі ж чалавек, што аказвалі паслугі па рамонту і тэхабслугоўванню транспартных сродкаў (аднаго нават двойчы, і цяпер яго справу разглядае суд), аднаго — ценявога будаўніка, а яшчэ больш дваццаці чалавек, якія прапускалі выручку міма касы, дакладней не прабівалі пакупнікам касавыя чэкі. Увогуле, парушэнні выяўляліся ў многіх сферах дзейнасці прыватнага бізнеса. Актыўна ў гэтым спецыялістам падатковай інспекцыі садзейнічалі супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў. І, паверце, ніхто з парушальнікаў не застаўся без пакарання, акрамя папярэджванняў, яны панеслі і матэрыяльныя выдаткі. Нехта ў выглядзе налічаных падаткаў, нехта — штрафаў.
Усе мы хочам, каб у нашай краіне была бясплатная адукацыя, медыцына, роўныя дарогі, чыстыя гарады і сёлы, карыстацца іншымі выгодамі. Але ўсё гэта даецца дзякуючы падаткам. Таму спецыялісты падатковых органаў і імкнуцца сваёй дзейнасцю выцягнуць ценявы бізнес на святло, каб і гэтыя людзі папрацавалі на ўсеагульную карысць.
Сяргей БЕЛКА.