Працаваць з прыбаўкай
З пачатку года на фермах акцыянернага таварыства “Прыазёрскае-Агра” вырошчванне прадукцыі буйной рагатай жывёлы склала 381,5 тоны. У параўнанні з леташнім гэты паказчык павялічаны на 3,6 працэнта, а сярэднясутачныя прывагі жывёлы ўзраслі на 11 грамаў і дасягнулі 765 грамаў. І калі з вытворчасцю мяса справы па гаспадарцы ў цэлым вызначаюцца стабільнасцю, то дзейнасць малочнай галіны такога аптымізму пакуль мясцовым працаўнікам не прыносіць.
Сапраўды, з вытворчасцю малака ў акцыянерным таварыстве сёлета надарыўся спад. Валавы надой склаў за прайшоўшы час 3102,8 тоны, або толькі 93,1 працэнта да леташняга перыяду. Па надою ад каровы сельгаспрадпрыемства “змінусавала” амаль на чатырыста кілаграмаў малака. На цяперашні час кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства і спецыялістамі прыкладваюцца намаганні, каб выправіць сітуацыю ў малочнай вытворчасці. І першым крокам у гэтай дзейнасці стаў своечасовы перавод дойнага статка на зімова-стойлавае ўтрыманне. Памяшканні ферм і абсталяванне падрыхтавалі да работы ва ўмовах зімы ў сельгаспрадпрыемстве своечасова і грунтоўна.
Мае гаспадарка і сур’ёзны запас травяністых кармоў, у першую чаргу, кукурузнага сіласу і сенажу. Адразу ж як жывёла была пастаўлена на стойла, яе перавялі на зімовыя рацыёны. І гэта прынесла свой вынік. На цяперашні час аператары машыннага даення акцыянернага таварыства па вытворчасці і продажу малака працуюць на мінулагоднім узроўні. Несумненна, што гэта толькі часовая з’ява, бо ў сельгаспрадпрыемстве маюцца прадпасылкі, каб значна павялічыць валавы надой. Прычым не ў такой далёкай перспектыве. Спадзяванне тут ускладваюць на новую ферму “Пісанчык”, на якой правялі значную рэканструкцыю, збудавалі даільныя залы, дзе ўстанавілі новае халадзільнае абсталяванне і для даення. Разлічана ферма на ўтрыманне двух соцен дойных кароў. Прадугледжана на ёй радзільнае аддзяленне, а таксама цялятнік. І памяшканні капітальна адрамантаванага жывёлагадоўчага аб’екта зараз актыўна “засяляюцца” цялушкамі.
Калі казаць пра перспектывы развіцця галіны, то варта адзначыць, што клапоцяцца ў акцыянерным таварыстве пра камфортныя ўмовы ўтрымання не толькі дойнага статка, але і маладнячку. Зараз на марохараўскай ферме актыўна вядзецца рэканструкцыя цялятніка, што дазволіць зняць праблемы з размяшчэннем маладнячку падчас масавых ацёлаў. Адным словам, у акцыянерным таварыстве “Прыазёрскае-Агра” імкнуцца зрабіць усё, каб працаваць у жывёлагадоўлі з прыбаўкай па вытворчасці і малака, і мяса.
Сяргей БЕЛКА.