Крынічнае беларускае слова (Вытрымкі з дзённікавых запісаў)
Якія прыгожыя назвы і словы,
Якая цудоўная родная мова!
Усё мілагучна для слыху майго:
І звонкае “дзе” і густое “чаго…”
(Пімен Панчанка).
*Мова – справа далікатная, асабістага сумлення, унутранай культуры, выхаванасці, светапогляду.
*Нізкі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці – самая цяжкая спадчына, якую пакінулі нам і царызм, і дзесяцігоддзі панавання бальшавіцкай дыктатуры.
*Не ў пашане ў нас ні сам хлеб духоўны, ні тыя, хто аб ім клапоціцца, каб ён быў, каб не галадала душа чалавечая.
*З пачуццём пашаны і любові да роднай мовы трэба выхоўваць у людзей і веру ў яе несмяротнасць, напамінаючы залатыя словы Вісарыёна Бялінскага, што “лёс мовы не можа залежаць ад нораву той ці іншай асобы. У мовы ёсць ахоўнік надзейны і верны: гэта яе ж уласны дух, геній”.
*Калі палавіна нашай краіны ў выніку палітычных махінацый дужэйшых суседзяў адышла паводле ганебнай Рыжскай умовы пад Польшчу, з чаго пачаў на акупаваных беларускіх землях Пілсудскі? З ліквідацыі беларускіх школ. За паўтара дзесятка гадоў ад многіх соцень беларускіх школ на ўсёй вялізнай тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося аніводнай. Падчыстую ўсе былі пераведзены на польскую мову, каб і напаміну пра Беларусь не было. Дзеля чаго ён гэта зрабіў? Дзеля таго, каб усіх дзетак беларусаў ператварыць у палякаў. Выхаваць чалавека з маленства ў польскай мове, у польскім духу, ды яшчэ абярнуць у каталіцкую веру, ды пераканаць, што польскасць вышэй за беларускасць, і ўсё гатова і застаецца перапісаць у пашпарце нацыянальнасць. І толькі. Так і рабілася…
*У выніку вульгарнай палітызацыі саміх моўных праблем адбывалася (на працягу дзесяцігоддзяў!) наўмысная падгонка беларускага правапісу, марфалогіі, лексікі, фразеалогіі, сінтаксісу пад рускую мадэль. Іначай сказаць, ажыцяўляўся партыйна-дзяржаўны курс на збліжэнне і зліццё моў – курс неразумны, нялюдскі, дзікунскі. У гэтым сэнсе, відаць, і ёсць падстава гаварыць пра пэўныя “рэпрэсіі” у правапісе і пра неабходнасць аднаўлення гістарычнай справядлівасці. І натуральна будзе перш за ўсё асудзіць як рэпрэсіўную і антынавуковую, наскрозь спалітызаваную прэамбулу да пастановы СНК БССР ад 26 жніўня 1933 года “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса” (менавіта “правапіса”, бо так па-руску).
*Усё радзей сустракаеш так уласцівы нашай мове клічны склон: браце, пане, голубе, сынку. Або такая форма дзеясловаў загаднага ладу, як сядайма, гуляйма, паліма, бярэма, напоіма, ці абвеснага ладу рабіцьмем, давацьмуць. А калі і навошта перакручвалі тыпова беларускія формы слоў, што абазначаюць назву жыхароў горада, мястэчка, вёскі? Было: пінчукі, случакі, стала: пінчане, случане, было: магілёўцы, лагойцы, гомельцы, стала: магіляўчане, лагайчане, гамяльчане. Дык ратуйма яе, панове-братове, а то не мецьмем, чым дыхаць свабодна!
*Назву Мінск нам навязалі гвалтам рашэннем Вярхоўнага Савета БССР ад 19 ліпеня 1939 года. З 10-га да 17-га стагоддзяў ён быў Менеск. Польскія феадалы, тагачасныя душыцелі беларускай незалежнасці, ператварылі яго ў Міньск – Літэвскі, а ў 19 стагоддзі расійскія картографы гэту назву, як і многія іншыя перакручныя на польскі лад назвы нашых паселішчаў, перанеслі на геаграфічныя і палітычныя карты Расіі.
*Што нас, беларусаў, у гэтай гісторыі ратавала і выратавала? Вера ў сябе. Тое, пра што так цудоўна яшчэ ў 1864 годзе сказаў вялікі нашчадак беларускага шляхецкага роду Дастаеўскі: “Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу стагоддзяў беларускі народ і не ўратаваў бы сябе ніколі”.
Сяргей Вільчык.