Новы вальер
Паляўнічая гаспадарка “Ласіны востраў” адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” знаходзіцца на тэрыторыі Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Столінскага раёнаў. Агульная плошча яе — каля 130 тысяч гектараў паляўнічых угоддзяў, у тым ліку 31 кіламетр ракі Прыпяць, 280 гектараў пойменных вадаёмаў і возера Белае плошчай 189 гектараў.
На высокім узроўні тут для беларусаў і замежных гасцей аказваюцца паслугі па арганізацыі паляўнічых і рыбалоўных тураў. А на тэрыторыі гаспадаркі жыве 52 віды млекакормячых, каля 250 відаў птушак, 42 віды рыб, 7 відаў рэптылій і 11 відаў земнаводных.
Па словах начальніка паляўнічай гаспадаркі Аляксандра Багая, усё самае лепшае прапаноўваецца кліентам у залежнасці ад сезона і віду палявання. Тут прадстаўляюць паслугі транспарту, здаюць у арэнду зброю. Нават калі чалавек па турыстычнай візе прыязджае да нас па справах, то з ім могуць заключыць дагавор і выдаць стрэльбу для палявання. Гэта вельмі зручна.
А не так даўно на тэрыторыі “Ласінага вострава” з’явіўся вальер для дзікіх жывёл плошчай 1850 гектараў. Туды ўжо запусцілі ласёў, казуль, дзікоў, а таксама 60 аленяў, якіх закупілі ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі”.
Сяргей Вечаровы.