У Жыткавічах адбыўся раённы злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху.
На базе дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа № 1 г. Жыткавічы імя Г.М. Тураўца» адбыўся раённы злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. Удзел у ім прынялі шэсць каманд: вучні гімназіі, сярэдніх школ №1 і №4 райцэнтра, Чырвоненскай і Вераснiцкай сярэдніх школ, а таксама Ленінскага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
Гэты конкурс быў арганізаваны аддзелам унутраных спраў, аддзелам адукацыі Жыткавіцкага райвыканкама, а таксама грамадскім аб’яднаннем «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа».
Мерапрыемства адкрыў начальнік Дзяржаўтаінспекцыі Жыткавіцкага РАУС Ігар Луцко. Ён растлумачыў удзельнікам конкурсу правілы правядзення злёту і разам з прадстаўнікамі аддзела адукацыі і РАУС правёў жараб’ёўку, пасля чаго каманды адправіліся выконваць неабходныя заданнi.
Усе этапы конкурсу праводзіліся сярод каманд адначасова: адны здавалі тэарэтычны экзамен па правілах дарожнага руху, другiя паказвалі свае вынікі ў конкурсе «Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху», трэція аказвалі першую медыцынскую дапамогу пацярпелым, а чацвёртыя дэманстравалі свае ўменні ў фігурным ваджэнні на веласіпедзе. Усяго дзяўчынкам і хлопчыкам прыйшлося пераадолець сем конкурсаў злёту, сярод якіх былі яшчэ і конкурс-прэзентацыя, падрыхтаваныя імі насценгазеты і агітацыйна-мастацкае прадстаўленне, якое вызначылася найбольш святочным настроем: смехам, песнямі, прыпеўкамі і вершамі.
Дадзенае мерапрыемства было разлічана на тое, каб навучыць школьнікаў бяспечным паводзінам на дарогах, аказанню першай медыцынскай дапамогі, дысцыпліне, культуры, а таксама для таго, каб развіваць іх актыўнасць у грамадскіх мерапрыемствах, уважлівасць і знаходлівасць.
Па выніках праведзенага злёту-конкурсу камандай-пераможцай стаў атрад сярэдняй школы №1 горада Жыткавiчы. Другое месца занялi прадстаўнiкi сярэдняй школы №4, а трэцяе — Чырвоненская сярэдняя школа. Узнагародамі за перамогі сталі дыпломы і памятныя падарункі, якія камандзірам атрадаў уручыў начальнік Жыткавіцкага РАУС Дзмітрый Бондараў. Заахвочаны былi таксама юныя iнспектары дарожнага руху i грамадскім аб’яднаннем «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа».
А каманда-пераможца будзе абараняць гонар нашага раёна на абласным конкурсе юных iнспектараў дарожнага руху. Пажадаем ёй удачы i поспехаў!
Анастасiя Кулакевiч.