Курс — на высокатэхналагічную прадукцыю
Мясцовыя віды паліва, як вядома, — стратэгічны рэсурс нашай краіны, неабходны для захавання стабільнасці і энергетычнай бяспекі. А галоўны від гэтага паліва ў нас, акрамя драўніннай сыравіны, — фрэзерны торф. Дзяржава выкарыстоўвае тарфянікі не толькі для забеспячэння энергетычнай бяспекі, але і выпуску высокатэхналагічнай прадукцыі. І ўжо на практыцы пацверджана, што выкарыстанне “балотнага золата” на энергакрыніцах больш чым у 4,5 раза карысней, чым спальванне прыроднага газу.
Сярод 19 торфабрыкетных заводаў краіны вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз” па-ранейшаму пачэснае месца займае адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі ТБЗ”. У 2013 годзе яму трэба будзе нарыхтаваць не меней 200 тысяч тон сыравіны і выпусціць 105 тысяч тон паліўных брыкетаў. Распрацаваны і зацверджаны напружаны план мадэрнізацыі вытворчасці і абсталявання, будзе асвоена новае месцанараджэнне фрэзернага торфу. Так што новы 2013 год можна смела назваць у добрым сэнсе гэтага слова пераломным.
А тым часам адлічыў свае тыдні і дні першы квартал года. Работа ў акцыянерным таварыстве ішла ў зададзеным, напружаным тэмпе. Было выраблена за гэты перыяд 24600 тон паліўных брыкетаў, 10 тысяч з якіх адгружана на экспарт у Швецыю.