Прафесіянальная вяршыня
Старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Пётр Кальцоў узнагароджаны ганаровым знакам Міністэрства адукацыі Беларусі “Выдатнік адукацыі”. Так адзначана яго шматгадовая добрасумленная праца на ніве асветы і асабісты ўклад у развіццё прафсаюзнага руху ў сістэме адукацыі.
Ён мае 30 гадоў прафесійнага стажу: выкладаў фізіку і працоўнае навучанне, узначальваў Ленінскі вучэбна-вытворчы камбінат і Кольненскую сярэднюю школу, быў інспектарам аддзела адукацыі, інструктарам райкама партыі. Апошнія 15 гадоў з’яўляецца прафсаюзным лідарам настаўніцтва.
Пятра Іванавіча добра ведаюць на Жыткаўшчыне не толькі ў педагагічным асяродку. Ён актыўна займаецца рознай грамадскай работай, не адзін сазыў выбіраўся дэпутатам райсавета, 5 гадоў кіраваў Жыткавіцкім грамадскім дабрачынным аб’яднаннем “Міласэрнасць”. Зараз ён з’яўляецца памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па нашай акрузе Л. Міхальковай.
Дзе б ні працаваў Пётр Кальцоў, на якой пасадзе не знаходзіўся, ён заўсёды адстойвае інтарэсы людзей, стараецца дапамагчы кожнаму. Ён выдатны арганізатар, умее знайсці падыход да суразмоўцы і прыняць канструктыўнае ўзважанае рашэнне. Гэты чалавек нямала зрабіў і дзеля паляпшэння матэрыяльнай базы многіх навучальных ўстаноў раёна. Пра такіх кажуць, што яны на сваім месцы.
Неабходна дадаць, што Пётр Іванавіч стаў 19-тым педагогам раёна, прафесіяналізм якіх ацэнены знакам “Выдатнік адукацыі”. Апошні раз гэтай ўзнагароды прадстаўнікі Жыткаўшчыны ўдастойваліся ў далёкім 1984 годзе. Як стала вядома, у Міністэрства адукацыі зараз прадстаўлены матэрыялы яшчэ на двух прэтэндэнтаў-“выдатнікаў” з нашага раёна.
Святлана ШАКАЛЯН.