Прадстаўнік жыткавіцкіх энергетыкаў
Шлях да вяршынь энергетычнага майстэрства ў Аляксандра Макарэвіча быў няпросты. Працоўная біяграфія юнака распачалася адразу пасля заканчэння сярэдняй школы ў Жыткавічах: у ПМК-66 быў прыняты спачатку вучнем токара, затым самастойна шчыраваў токарам на станку. Неўзабаве позва з ваенкамата паклікала абараняць Радзіму — тады яшчэ вялікі Савецкі Саюз.
Пасля дэмабілізацыі юнак два гады працаваў токарам у Жыткавіцкім леспрамгасе. І прыйшоў да высновы: дасягнутае не мяжа, трэба вучыцца, павышаць свой інтэлектуальны ўзровень. Аляксандр паступіў вучыцца на дзённае аддзяленне фізіка-энергетычнага факультэта тагачаснага Беларускага політэхнічнага інстытута і, атрымаўшы дыплом, чатырнаццаць гадоў адпрацаваў на Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе. Добра засвоіў навыкі электраманцёра, майстра-электрыка.
Пачынаючы з 1996 года працоўны шлях Аляксандра Макарэвіча звязаны з Жыткавіцкім РЭСам: быў спачатку на пасадзе майстра, і вось ужо каля пятнаццаці гадоў ён нясе адказную вахту ў раённай дыспетчарскай службе.
— Тут нас па зменах, якія доўжацца па 12 гадзін, працуе 16 чалавек, — уводзіць у курс сваіх спраў Аляксандр Адамавіч. — Галоўная задача застаецца нязменнай — бесперабойнае і надзейнае забеспячэнне электраэнергіяй усяго народнагаспадарчага комплексу раёна. У рэзерве пяць брыгад для ліквідацыі магчымых непаладак на 11 падкантрольных нам падстанцыях.
Такім чынам дыспетчарскую службу РЭСа з поўным на тое правам можна назваць сэрцам прадпрыемства, ад работы якога залежыць рытмічная, надзейная работа ўсёй энергасістэмы Жыткаўшчыны.