Жыткавіцкі лясгас: Нашу прадукцыю чакаюць за мяжою

DSCN9699Адным з першых у нашай Гомельскай вобласці і другім па ліку ў рэспубліцы Жыткавіцкі лясгас у зусім блізкім мінулым наладзіў у сябе пялетную вытворчасць. За вопытам звярнуліся ў горад Стоўбцы, што на Міншчыне. Затым завезлі неабходнае абсталяванне, наладзілі мантаж яго ў адным з арачнікаў, што добра спрычыніўся для гэтай новай, такой выгоднай ва ўсіх адносінах справы. Дрэваперапрацоўцы – безадходную тэхналогію, людзям – новыя рабочыя месцы, прадпрыемству – даволі важкі і пастаянны грашовы прыбытак, бо ўся прадукцыя ідзе на экспарт, а за мяжою за яе разлічваюцца своечасова і па годнаму кошту.

– Выпускаем як пялеты, або так званыя гранулы, так і драўняныя брыкеты, усё залежыць ад попыту і кошту на прадукцыю з боку нашых замежных спажыўцоў, – распавёў нам у час службовага візіту сюды інжынер-механік пялетнай вытворчасці лясгаса Дзмітрый Новік (на здымку).Новик – Проста ставім новы прэс і пераходзім на вытворчасць другой прадукцыі. Да таго ж можам адначасова вырабляць два віды паліва, як было гэта, напрыклад, у лістападзе. А вось са снежня мінулага года і па сённяшні дзень працуем толькі над выпускам брыкетаў – такая кан’юнктура рынка.

Здалёку відаць горы тырсы, што высяцца на фоне вялізнага арачніка. Сыравіны, што паступае сюды з цэха па перапрацоўцы драўніны, хапае ўдосталь, каб наладзіць работу па вырабу паліўных брыкетаў кругласутачна. За адну з чатырох рабочых зменаў на склад паступае ў сярэднім 8 тон каштоўнай прадукцыі. На драбільным агрэгаце перапрацоўваецца на пілавінне і дробнатаварная драўніна, розныя аполкі. Патрабаванні да якасці выпускаемай прадукцыі – самыя высокія. Да таго ж кожная брыкеціна павінна важыць не болей і не меней аднаго кілаграма, таму праз пэўны адрэзак часу яна кідаецца на шалі і ўзважваецца…

Кругласутачную работу цэха па вытворчасці прадукцыі на экспарт забяспечваюць паўтара дзясятка чалавек. Сам інжынер-механік Дзмітрый Новік пачынаў тут чатыры гады назад рабочым. І вось ужо другі год кіруе вытворчасцю і калектывам, работай якога задаволены. Сапраўды, работнікі адносяцца да сваіх службовых абавязкаў з усёй адказнасцю, бо выкананне заданняў і высокая якасць прадукцыі гарантуюць ім неблагія заробкі. Да таго ж на першы погляд кепская, адліжная пагода дазваляе працаваць з паскарэннем, бо ў марозныя дні трэба трымаць большы тэмпературны рэжым для высушвання сыравіны, для ператварэння тырсы ў брыкеты. Акрамя таго, пры нізкіх, “мінусавых”, тэмпературах абсталяванне можа даваць збоі, запатрабаваць рамонту. Таму і працуюць аператары, падсобныя рабочыя ў напружаным рытме, прыхватваючы часта, калі ёсць вытворчая неабходнасць, і суботнія дні.

А заказы з-за мяжы тым часам на паліўныя брыкеты растуць. Справа ў тым, што гранулы ідуць у асноўным на цеплаэлектрацэнтральныя сеткі, на вытворчыя аб’екты краін замежжа, а брыкеты, запатрабаваныя ў сваёй большасці прыватным сектарам, карыстаюцца шырокім попытам менавіта зараз, калі працягваецца ацяпляльны зімовы перыяд. Вось таму і расце штодня колькасць паддонаў з паліўных брыкетаў. У кожным паддоне – 960 кілаграмаў высокакаларыйнага якаснага паліва, вырабленага з адходаў вытворчай прадукцыі. У сярэднім па 23 паддоны па-гаспадарску размяркоўвае пагрузчык у новую фуру, якая бярэ накірунак у бок той ці іншай мытні. У мінулым годзе работнікі лясгаса адгрузілі на экспарт 1514,3 тоны гранул на 187100 долараў ЗША і 2079,6 тоны брыкетаў на 228,3 тысячы долараў. Першыя партыі паліўных брыкетаў паступілі на экспарт ужо і ў новым годзе. Дарэчы, прадукцыя пялетнай вытворчасці карыстаецца шырокім попытам у такіх краінах Захаду як Швецыя, Германія, Данія, Чэхія, Венгрыя.

— Наш поспех — гэта агульны здабытак усяго калектыва лясгаса, — сціпла зазначае Дзмітрый Міхайлавіч — дэлегат маючай адбыцца нарады перадавікоў народнай гаспадаркі раёна, — бо мы — толькі звяно вялікага ланцуга. Не сакрэт жа, што на канчатковы вынік уплываюць такія фактары, як тэхнічны стан механізмаў і агрэгатаў, своечасовая пастаўка неабходнай колькасці сыравіны і многія іншыя.

Сяргей ВЕЧАРОВЫ.

Фота Анастасіі КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.