За плённую працу жывёлаводаў ААТ “Дзякавічы” адзначыла каштоўнымі падарункамі
Днямі для трох аператараў машыннага даення ААТ “Дзякавічы” Валянціны Градзінар (на здымку), Таццяны Чэркас і Алены Рагалевіч надарылася прыемная падзея. Перад дойкай кіраўніцтва гаспадаркі ў прысутнасці ўсіх работнікаў і спецыялістаў фермы за плённую працу гэтых жывёлаводаў адзначыла каштоўнымі падарункамі.
— Такую форму дадатковага стымулявання лепшых працаўніц ферм па выніках кожнай дэкады мы практыкуем нядаўна, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ганна Краеўская. — На жаль, пакуль справы з вытворчасцю малака ў нас ідуць не вельмі, таму такім чынам хочам зацікавіць аператараў машыннага даення атрымліваць вышэйшыя паказчыкі, так бы мовіць, каб да лепшых падцягваліся і іншыя.
Па словах ідэолага, у пэўнай ступені такая форма работы пакрыху апраўдвае сябе. Заслужаныя падарункі атрымала ўжо не адна працаўніца ферм. Гэта яскрава праслежвалася ў нашай размове з Аленай Рагалевіч.
— Я ўжо неаднаразова атрымлівала за працу ўзнагароды ад кіраўніцтва, — расказала Алена Пятроўна. — Але яны былі за другое-трэцяе месцы. Цяпер перад сабой стаўлю задачу заняць першае месца ў саперніцтве.
Аператар машыннага даення абслугоўвае пяцьдзясят кароў. Яны ў яе маладыя.
— На ферму вярнулася нядаўна пасля дэкрэтнага адпачынку. Адразу набрала сабе групу цялушак, якіх старанна раздаіла, — гаворыць жывёлавод. — Цяпер атрымліваю ад іх аддачу. Кормяць жывёлу добра: даюць кормасумесі, канцэнтраты. Апошнія раздаю асабіста, каб падкінуць іх больш удойным кароўкам. Яны ў мяне стаяць на самым відным месцы. Менавіта на іх прадуктыўнасці і збіраюся выйсці ў лідары.
Хаця адносіны некаторых жывёлаводаў да выканання сваіх абавязкаў яшчэ вельмі далёкія да ідэала. Таму і даводзіцца кіраўніцтву працаваць з кадрамі пры дапамозе пугі і перніка. Паціху паляпшаюцца ўмовы працы і быту. На ферме завяршаецца рамонт пакоя для адпачынку.
— Засталося пакласці на падлогу толькі лінолеум, і пакой будзе гатовы, — адзначыла Ганна Краеўская. — Яшчэ плануем закупіць мэблю, посуд для чаяпіцця. У нас дойка трохразовая і жывёлаводы павінны мець добраабсталяванае месца для адпачынку ў перапынкі перад работай.
Нямала на дзякавіцкай ферме зроблена і на вытворчых аб’ектах: праведзены рэканструкцыі памяшканняў, многія працэсы механізаваны. Зараз вядзецца будаўніцтва малочнага блока, дзе будзе ўстаноўлена сучаснае даільнае абсталяванне, што таксама аблегчыць працу аператарам. Відавочна, усё гэта робіцца толькі з адной мэтай: дабіцца больш высокай аддачы ад жывёлагадоўлі. Таму кіраўніцтва ААТ “Дзякавічы” пераканана, што цяперашнія збоі з вытворчасцю малака — справа часовая і будуць перамены да лепшага. Над чым і працуюць.
Сяргей БЕЛКА.