У новых сценах – новых здабыткаў
З прыўзнятым настроем працуюць у гэтыя дні жывёлаводы Верасніцкай малочнатаварнай фермы адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Падстава для гэтага ў мясцовых спецыялістаў больш чым важкая: пасля капітальнай рэканструкцыі вытворчага аб’екта тут значна палепшыліся ўмовы для працы. Цяпер жывёлаводы ставяць для сябе новыя задачы на будучае.
Будаўнікі на верасніцкай ферме пастараліся. Яе воблік змяніўся да непазнавальнасці. Замест старых узведзены тры новыя памяшканні: для дойнага статка, а таксама для ўтрымання і раздою кароў пасля ацёлаў. Маленькім цяляткам тут таксама створаны належныя ўмовы: завезены клеткі-домікі, узведзена тэнтавае памяшканне. Уражвае персанал фермы і новае абсталяванне, якое ўстаноўлена ў даільнай зале. Таму і меркаванне ва ўсіх працаўніц адзінадушнае.
— Намнога прыемней і лепей цяпер на нашай ферме, ёсць усё для выніковай працы, — кажа прыбіральшчыца Ірына Клясун, якая раней адпрацавала каля дзясятка гадоў аператарам машыннага даення. — Усё кругом чыста і светла, не тое, што раней было ў старых памяшканнях. А бытавыя ўмовы якія цудоўныя створаны, проста дзіву даешся, што такое можа быць.
У даглядчыцы Аляксандры Блоцкай таксама станоўчыя эмоцыі. Яна адпрацавала ў жывёлагадоўлі, прычым на верасніцкай ферме, не адзін дзясятак гадоў.
— Нават не думала, што нам так пашчасціць, — гаворыць Аляксандра Рыгораўна. — Кармы раздаюцца тэхнікай, табе толькі застаецца падсоўваць своечасова іх жывёле на кармавым стале, ды яшчэ трымаць яго ў парадку.
На цяперашні час на новую ферму завозіцца жывёла. Па словах загадчыцы Раісы Страх, мяркуецца, што тут будзе ўтрымлівацца больш за 1200 галоў жывёлы, палова з якой дойныя каровы. Адпаведна і задачы ставяць мясцовыя працаўнікі перад сабой сур’ёзныя: мець пастаянна важкія надоі, а дзяржаве прадаваць малако самай высокай якасці. Гэтыя намеры пацвярджаюцца ўжо цяперашняй дзейнасцю. Зараз дзённы надой ад каровы па ферме складае больш дваццаці двух кілаграмаў малака. Але як ужо адзначалася, фермскія памяшканні яшчэ не запоўнены поўнасцю. Да таго ж тут распачаліся і расцёлы, што таксама спрыяе вытворчым паказчыкам.
— Чаму б не мець добрыя вынікі? — разважае Раіса Васільеўна. — Створаны годныя ўмовы для працы і быту, спецыялісты на ферме вопытныя, дасканала ведаюць сваю справу. А гэта найпершая і найгалоўнейшая ўмова для паспяховай дзейнасці ў будучым.
Сяргей БЕЛКА.