Мы родам з Савецкага Саюза…
Што ты зробіш: дарослым заўсёды было ўласціва ідэалізаваць мінулае. Хаця можа і сапраўды раней і вада ў нашых палескіх рэках ды азярынах была чысцейшая ды святлейшая, і паветра болей водарнае, і птушак у лясах было больш, і спявалі яны галасней, і людзі былі дабрэйшымі… Цікава, а хто можа запярэчыць гэтым сцвярджэнням і даказаць адваротнае? Людзі сярэдняга ўзросту і пенсіянеры часта адзіныя ў тым, што хаця пры Савецкім Саюзе многія і жылі бядней, але былі весялейшымі і дабрэйшымі і не так, як зараз, выпіналі зайздрасць і нядобразычлівасць…
— Людзі ў наш час развучыліся быць добрымі, развучыліся клапаціцца не толькі пра сябе, — наракаюць пажылыя, — жывуць толькі дзеля сваіх меркантыльных выгод. А вось раней у грамадстве былі больш моцныя духоўныя скрэпы.
…Трыццатага снежня 2012 года споўнілася 90 гадоў з таго дня, як быў ўтвораны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Гэтая юбілейная дата (хоць і са спазненнем) не прайшла па-за ўвагай актыўнай часткі пенсіянераў нашага райцэнтра, стала нагодай для чарговай цёплай, таварысцкай іх сустрэчы ва ўтульным памяшканні раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мясцовы працоўны калектыў на чале са сваім дырэктарам Таццянай Казловай, як і шмат разоў раней, пайшоў на сустрэчу ўдзельнікам гурта “Залатая пара”, старшыні савета клуба Лідзіі Прыбалавец, якая была і застаецца запявалаю ўсіх добрых спраў у нашым раёне.
Вось такім чынам адным з нядаўных адвячоркаў сабраліся ў тэрытарыяльным цэнтры тыя паважаныя людзі, у пераважнай большасці былыя педагогі, што пайшлі на заслужаны адпачынак. І распачаўся вялікі ўрок успамінаў пра сумеснае жыццё-быццё ў цяпер ужо былым, некалі агромністым, непераможным Савецкім Саюзе. З дэкламацыяй вершаў, з песнямі і танцамі пад баян энтузіяста сваёй справы, работніцы тэрытарыяльнага цэнтра Людмілы Янучок. А якія толькі не гучалі песні іх маладосці і сталасці! І маладзелі вочы жанчын, у куточках якіх раз-пораз блісне светлая сляза…
Песні гучалі на беларускай, рускай, на ўкраінскай і яўрэйскай мовах, бо на сустрэчу, як і заўжды, прыйшлі такія актывісткі як гумарыстка Соф’я Марголіна – яўрэйка, патрыётка Тураўскага краю Лідзія Прыбалавец – беларуска, галасістая спявачка Галіна Бандзюк – украінка і многія другія жанчыны. А мужчын годна прадстаўляў на гэтай вечарыне былы педагог прафтэхвучлішча Фёдар Яўменаў, які так па-маладому кружыўся ў танцах, нягледзячы на свой пенсіённы ўзрост.
А добрую, іскрамётную запеўку да мастацкай самадзейнасці, дэманстрацыі здольнасцей кожнага зрабіла Лідзія Фядотаўна Прыбалавец, якая, апрануўшыся ў беларускія нацыянальныя строі, так лёгка, грацыёзна выканала народны танец. Яна ж і прынесла на сустрэчу вытканыя рукамі маці посцілку, ручнік. Затым былі танцы малдаванскія, грузінскія, рускія. Сапраўды, быццам на некалькі мінут зноўку адрадзіўся Савецкі Саюз, і прадстаўнікі яго рэспублік закружыліся ў віхуры сваіх нацыянальных танцаў…
Гурт “Залатая пара” быў створаны два гады назад. Ужо традыцыяй за гэты кароткі тэрмін сталі для яго ўдзельнікаў пастаянныя сустрэчы ў кожны апошні чацвер месяца. Пытанні, што будуць вынесены на чарговы парадак дня, загадзя абмяркоўвае і зацвярджае савет клуба. Патрабаванне адно – паболей творчасці, жывой работы, шчырасці ў сваіх думках і справах. А людзі тут і сапраўды збіраюцца творчыя, непасрэдныя. Такія, напрыклад, як вядомая мастачка Наталля Чарнагалова, якая заўсёды па-добраму “запальвае” кожную сустрэчу…
Вось і на гэты раз за чаем, у вершах і дыскусіях, у песнях і скоках пад баян час праляцеў хутка. А наперадзе – новыя сустрэчы, новыя пошукі і знаходкі.
Сяргей ВЕЧАРОВЫ.