У ААТ “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод” ёсць усе падставы для аптымізму
У працоўнага калектыва адкрытага акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод” ёсць усе падставы для аптымізму, для таго, каб паспяхова распачаць і ўдала завяршыць новы год. І добрай зарукай таму – паказчыкі вытворчай дзейнасці мінулага года, якія не могуць не настройваць торфабрыкетчыкаў на бадзёры лад, яшчэ болей шліфаваць свой прафесіяналізм, сваё майстэрства.
Так, пры плане 33,4 мільярда рублёў таварнай прадукцыі ў дзеючых цэнах было выраблена яе на 42,6 мільярда рублёў, тэмп росту да ўзроўню мінулага года склаў 158,8 працэнта. Замест планавых 100 тысяч тон на працягу 2012 года было выпушчана 105 тысяч тон паліўных брыкетаў.
Пачынаючы з 1992 года сталую “прапіску” торфабрыкеты мясцовага акцыянернага таварыства атрымалі ў артыкуле экспарту, пры рэалізацыі іх у Швецыю, што красамоўна сведчыць пра высокую якасць палескай прадукцыі. Толькі за мінулы год іх было пастаўлена за мяжу 36,5 тысячы тон на 2391,6 тысячы долараў ЗША.
У асноўны капітал было асвоена інвестыцый на 12659 мільёнаў рублёў, што ў 2,5 раза больш узроўню папярэдняга года. варта адзначыць, што аб’ёмы па мадэрнізацыі прадпрыемства ў 2013-2015 гадах будуць павялічвацца. У выніку рэалізацыі гэтай праграмы пачынаючы з 2015 года магутнасці па здабычы торфу і вытворчасці брыкетаў павялічацца ў паўтара раза без павелічэння колькасці працуючых, што дазволіць значна павялічыць прадукцыйнасць працы і зарплату работнікаў таварыства.