У полі зроку – кожная вёска

Аб прыгажосці краявідаў, што атуляюць вёску Перароў і блізкую ад яе Прыпяць-раку, добра ведаюць як мясцовыя насельнікі, так і жыхары раёна і шматлікія госці, што прыязджаюць сюды на адпачынак. Дык як жа на фоне такой прыгажосці могуць выглядаць населеныя пункты Перароўскага сельскага Савета? Толькі прывабнымі. Каб удзячным гасцям зноў захацелася наведацца сюды, да гасцінных палешукоў.

Менавіта так лічыць мясцовы сельвыканкам, думкі якога таксама падзяляюць прадстаўнікі аддзелаў культуры, аховы здароўя, сацыяльныя работнікі. Гэта яны адзіным фронтам вядуць шматлікія работы па добраўпарадкаванні ва ўсіх трох вёсках: Перарове, Хлупіне і Перароўскім Млынку.
Нядаўна ў вёсцы Перароўскі Млынок было завершана пафарбаванне агароджаў, і гэтыя работы перамясціліся ў Хлупін. Пастаўленыя раней жалезабетонныя агароджы фарбуюць як на вуліцах, так і на могілках.
Добра тут пастаўлена работа па зносу старых, трухлявых дамоў і іх падмуркаў. Самыя, так бы мовіць, небяспечныя дамы, ужо знесены, і зараз актыўна вядуцца перамовы з нашчадкамі гаспадароў дамоў, якія павінны альбо прывесці дом да ладу, альбо даць дазвол на іх яго знос.
А на месцы знесеных дамоў і іх фундаментаў завозіцца свежая зямля, разбіваюцца клумбы і будуць высаджаны кветкі. Радуюць вока і цікавыя архітэктурныя формы, якія мае кожная вёска Савета. І хаця тут пражывае ўсяго 760 чалавек, тым не менш населеныя пункты выглядаюць маладымі, і Перароўскі сельсавет у плане добраўпарадкавання заслужана лічыцца адным з лепшых у раёне.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.