Цяжкасці яе загартоўваюць

Заўсёды прыемна сустрэцца і паразмаўляць з цікавым суразмоўцам. А майстар участка №4 камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Жыткавіцкі камунальнік” Таццяна Касцюк менавіта з такіх, неардынарных людзей. Любіць хатнюю жывёлу, дома трымае таксу, з размовы адчуваецца, што калі б стала ветэрынарам, то, па ўсім відаць, надта б і не пашкадавала. Любіць чытаць літаратуру, у асноўным класічную. Прычым як на беларускай і рускай, так і на ўкраінскай мовах. Бацька яе школьнай сяброўкі, былы кіраўнік сельгаспрадпрыемства, быў па нацыянальнасці ўкраінец. Ад іх і перадалося… Хоча яна асвоіць такую далікатную справу як саломапляценне. Ужо і свежай, залацістай саломкі для гэтага народнага ўмельства нарыхтавала. Ды толькі адна бяда ў Таццяны Дзмітрыеўны: не хапае часу на Караткевіча, Чэхава і Булгакава. Як і на саломапляценне. Напружаныя будні камунальнай службы для майстра чацвёртага ўчастка Таццяны Касцюк часта не заканчваюцца і з наступленнем выхадных дзён.

Шэсць гадоў Таццяна Дзмітрыеўна была загадчыцай інтэрната ў былым ваенным гарадку, а цяпер вось ужо чатыры гады кіруе ўчасткам з 36 камунальнікаў, сярод якіх толькі 7 жанчын. Поле іх дзейнасці – самае шырокае: гэта як мікрараён Жыткавічы-1, так і вёскі Людзяневічы, Юркевічы, Леніна, Мілевічы. Уборка тэрыторый, гарачая і халодная вада, ацяпленне, каналізацыя, жыллёвы фонд і той жа інтэрнат…
Раніца кожнага новага працоўнага дня звычайна пачынаецца з планёркі, якую праводзяць кіраўніцтва і вядучыя спецыялісты камунгаса. Яна часта ўносіць істотныя карэктывы ў тыя планы, з якімі ідзе сюды майстар, бо паступаюць новыя заяўкі, надараюцца парывы, збоі, начальства ставіць новыя задачы. І трэба, што называецца, перабудоўвацца на маршы.
Калі Таццяна Дзмітрыеўна вяртаецца з планёркі на свой участак, то позіркам з прыемнасцю ў душы адзначае, што дворнікі ўжо ўключыліся ў работу і старанна шчыруюць на замацаваных за імі тэрыторыях. Астатнія чакаюць пастаўленых задач, выдадзеных для работ матэрыялаў.
– Мне падабаецца дапамагаць людзям, – прызнаецца жанчына, – хочацца зрабіць для іх паболей. Але часта не хапае патрэбных сродкаў і тады паняволі апускаюцца рукі. Толькі гэта часовая слабасць, моцнага, мэтанакіраванага чалавека цяжкасці павінны толькі загартоўваць. У размове я, напрыклад, часта гавару мужчынам: той, хто хоча кінуцца ў п’янку, гэта слабы чалавек. Вось адмовіцца ад яе – гэта і ёсць прыкметы сілы волі, сапраўднага мужчынскага характару. Такіх жанчыны паважаюць, а не п’яніц-слабакоў. А ўвогуле з мужчынамі лягчэй працаваць, чым з жанчынамі, якія больш звязаныя з домам, дзецьмі. З імі складаней, да кожнай патрэбен свой ключык.
Большасць работнікаў чацвёртага ўчастка і жывуць тут, у мікрараёне Жыткавічы-1. Таму ўсё, што яны робяць, гэта, па вялікаму рахунку, і застаецца ім, іх дзецям і ўнукам. Майстар Таццяна Касцюк і робіць на гэта акцэнт у сваёй дзейнасці. І з ёю згаджаюцца, яе разумеюць падначаленыя, якія з задавальненнем, без прымусу разбіваюць тыя ж клумбы, садзяць кветкі, беручы насенне для іх як у “Жыткавіцкім камунальніку”, так і ў саміх гараджан. Гэтай высакароднай справай яны паспяхова займаюцца вось ужо другі год. Таццяна Касцюк адзначае асаблівае старанне ў працы рабочых па ўборцы прыдамавой тэрыторыі Любові Таруціс і па ўборцы ўнутрыдамавой тэрыторыі Наталлі Вінаградавай.
Праблемы бадзяжных сабак і катоў тут, як і на іншых участках, не губляюць сваёй вастрыні. Як іх думаюць вырашаць?
– Трэба караць тых людзей, якія не прывязваюць або выкідваюць сабак, – лічыць Таццяна Дзмітрыеўна, – бо мы сапраўды ў адказе за тых, каго прыручылі. А аднымі адстрэламі нічога не даб’ешся. Бо ў сабак ідзе вайна за тэрыторыю. Пастралялі, паганялі іх у адным месцы, а праз некаторы час сюды прыйшла новая зграя. З катамі ж праблемы ствараюць тыя, хто выкідвае іх у дамах на пляцоўкі, пакідае для іх ежу на прыступках і пляцоўках. Такіх будзем штрафаваць.
Застаецца дадаць, што Таццяна Дзмітрыеўна Касцюк – маці дваіх дзяцей і шчаслівая ўжо бабуля. Так што ў яе ёсць дзеля чаго і дзеля каго жыць і працаваць.
Сяргей ВІЛЬЧЫК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.