Важная справа
Нібы добра адладжаны механізм працуе збожжаўборачны канвеер у КСУПе “Бялёў”. Мясцовыя хлебаробы ўжо абмалацілі амаль паўтысячы гектараў каласавых і засыпалі тысячу тон зерня.
Сваю першую ўборку ў якасці галоўнага спецыяліста раслінаводчай галіны КСУПа “Бялёў” сёлета праводзіць Уладзімір Шулякевіч. Па словах агранома, у гаспадарцы маецца ўсё, каб паспяхова сабраць вырашчаны ўраджай. А ён у гэтым годзе не горшы, чым быў летась.
— У сярэднім з гектара намалочваем па дваццаць і дзевяць дзясятых цэнтнера, — расказвае Уладзімір Міхайлавіч. — На асобных участках ураджай даходзіць і да трыццаці і болей цэнтнераў.
Упэўненасці маладому спецыялісту ў станоўчым зыходзе ў такой важнай справе, як жніво, надае дружная і зладжаная праца на ўсіх участках уборачнага канвеера. На кожны камбайн падабраны вопытныя і спрактыкаваныя механізатары. На жытнёвым полі паміж імі разгарнулася нежартоўнае саперніцтва за высокія намалоты. Зараз лідарства ўтрымлівае камбайнер Генадзь Галавач, за плячыма якога не адно жніво. Ды і майстэрства дастаткова. З пачатку жніва Генадзь выдаў з бункера свайго камбайна па стану на 26 ліпеня 365 тон зерня. Вобразна кажучы, практычна наступае лідару на пяткі сямейны экіпаж Мікалая і Івана Чэркасаў. Іх вынік на вышэйазначаную дату складаў 330 тон намалочанай збажыны.
Што камбайнавыя экіпажы працуюць без прастояў, немалая заслуга механізатараў, якія задзейнічаны на адвозцы зерня. Як толькі напаўняецца бункер камбайна, да яго адразу пад’язджае трактар з прычэпам ці аўтамабіль для разгрузкі. Тут таксама пануе дух спаборніцтва. Найбольшая колькасць тон зерня, дастаўленага з поля на ток, у Міхаіла Савіча. На сваім МАЗе ён перавёз амаль чатырыста тон збажыны.
Не менш адказныя клопаты і ў Паўла Галавача, які загадвае збожжатокам. Разам са сваімі памочнікамі — вучнямі мясцовай школы, якія на час жніва прыйшлі на дапамогу дарослым, вядзецца дапрацоўка збажыны. Штодня больш за два дзясяткі хлопцаў і дзяўчат працуюць на гэтым участку збожжаўборачнага канвеера. І іх працай кіраўніцтва задаволена.
— Ужо сель-гаспрадпрыемства прадало больш ста тон рапсу, які высушылі і дапрацавалі на сваім абсталяванні. Зараз заняты дасушкай зерня, — расказвае пра справы на таку Павел Мікалаевіч. — Хаця ў дзень паступае з палетка амаль сотня тон зерня, але завалу няма, бо ў работу ўключаны дзве напольныя сушылкі і КЗС. Усё абсталяванне добра падрыхтавалі. Пастараліся слесары-рамонтнікі Уладзімір Рагалевіч, Віктар Аліфяровіч і іншыя. Яны зараз працуюць на таку.
Сваю задачу начальнік збожжатока бачыць у тым, каб усё намалочанае зерне ў самыя сціслыя тэрміны апынулася пад павецямі і ў складах. І з гэтым спраўляецца Павел Галавач і яго каманда паспяхова.
Усе ўдзельнікі жніва ў сельгаспрадпрыемстве забяспечваюцца гарачымі абедамі, створаны іншыя бытавыя ўмовы. Кожны работнік своечасова азнаёмлены з умовамі аплаты працы і дадатковага стымулявання. Зразумела, што намнога цікавей працуецца, калі дакладна можаш падлічыць свой дзённы заробак.
Не спыняецца праца на бялёўскай хлебнай ніве да позняга вечара. Нагрузка на гэтае жніво немалая: патрэбна ўбраць больш за 1200 гектараў з рознымі культурамі, палова з якіх — зерневыя. Але чарговы ўбраны гектар для мясцовых хлебаробаў з’яўляецца найлепшай узнагародай іх працавітасці і стараннасці, якія яны праяўляюць зараз і праяўлялі раней, каб вырасціць ураджай.
Сяргей Белка.