Пляцоўкі для новых узлётаў
Пра тое, што гэтае прамысловае прадпрыемства не закамянела ў сваім развіцці, а, наадварот, увесь час абнаўляецца, добраўпарадкоўваецца, пашырае свае вытворчыя плошчы для новых працоўных узлётаў, пераканаўча сведчыць ужо сама новая прахадная, дзе вас запішуць у журнал наведванняў і прапануюць правесці ў адміністрацыйнае памяшканне, якое суседнічае з вытворчымі цэхамі. Вытворча-гандлёвае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Пратон-М” знаходзіцца як быццам бы наводшыбе нашага райцэнтра і тым не меней дае работу і заробак чатыром дзясяткам людзей, за плячыма якіх сем’і, родзічы. Яно ў апошні час набірае ўсё большыя абароты ў галіне металаапрацоўкі.
— У мінулым годзе мы распрацавалі доўгатэрміновы бізнес-план да 2015 года, згодна з якім і працуем, — распавёў дырэктар прадпрыемства Віктар Жуйкоў. — Толькі складанасць заключаецца ў тым, што частка інвестыцый для набыцця новага абсталявання была запланавана за кошт інавацыйнага фонду міністэрства прамысловасці, а з верасня мінулага года мы сталі прыватным прадпрыемствам. Таму пасля продажу акцый па частцы фінансаў былі зроблены пэўныя карэкціроўкі. Так, новае абсталяванне мы будзем набываць, але ўжо за кошт уласных сродкаў. Гэтаму спрыяюць нашы станоўчыя паказчыкі за 6 месяцаў года. Так, рэнтабельнасць склала 46,5 працэнта, прадукцыйнасць працы 332,5, тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці ў супаставімых цэнах — 325,1 працэнта. Суадносіны тэмпаў росту выручкі да сабекошту рэалізаванай прадукцыі склалі 1,33. Тэмпы росту валавога дабаўленага кошту з улікам індэкса цэнаў за паўгоддзе склалі 108,3 працэнта.
Адным з асноўных накірункаў дзейнасці акцыянернага таварыства была і застаецца вытворчасць запчастак для імпартнай сельгастэхнікі. І калі раней гэта толькі і абмяжоўвалася вырабам запасных частак, то цяпер узяты курс на асваенне зборачных вузлоў. Пастаўкі іх будуць наладжаны сваім спажыўцам з верасня бягучага года. Да таго ж з расійскай кампаніяй “Грузаўта” паспяхова вядуцца перамовы аб асваенні шэрагу запатрабаваных кампанентаў. Толькі для ажыццяўлення гэтага перспектыўнага праекта ў “Пратоне” пакуль што, на жаль, адсутнічаюць патрэбныя вытворчыя плошчы. Рыхтуецца праект рэканструкцыі наяўных плошчаў, складскіх памяшканняў, у гэтым накірунку на прадпрыемстве вядуцца значныя работы. Узводзіцца прыбудова, дзе будзе заасфальтавана пляцоўка, дарожка да яе.
Падпісана дамова на пастаўкі зубаапрацоўчага абсталявання па прымальных цэнах, дзве новыя адзінкі будуць завезены сюды ў верасні, чатыры – ў лістападзе-снежні. Прадпрыемству ўжо, па ўсім відаць, становіцца цесна ў сваіх ранейшых межах, яно саспела для большых маштабаў у сваёй рабоце.
Дырэктар акцыянернага таварыства Віктар Валер’евіч Жуйкоў у мінулым добрую школу загартоўкі прайшоў на Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе, і хаця ў “Пратоне” ён кіраўнік адносна малады, тым не менш адразу адчуваецца яго прафесіяналізм, кампетэнтнасць ва ўсіх пытаннях, што датычаць вытворчасці, уменне кіраваць людзьмі, без чаго самая перадавая вытворчасць і самыя прагрэсіўныя тэхналогіі працаваць не будуць.
— Я вельмі ўдзячны свайму калектыву, кіраўніцтву райвыканкама, аддзелу эканомікі за падтрымку, якую пастаянна адчуваю з іх боку ў сваёй рабоце, — прызнаўся ў размове Віктар Валер’евіч. – А гэта, несумненна, прыдае яшчэ больш сілы і ўсяляе аптымізм.
За гэты час на прадпрыемстве падабраўся і склаўся высокакваліфікаваны, адказны калектыў, які здольны паспяхова вырашаць пастаўленыя перад ім задачы. З удзячнасцю ў голасе кіраўнік называе токараў Івана Бурака, Уладзіміра Ліцкевіча, фрэзероўшчыка Мікалая Мацкевіча і многіх другіх.
У мінулым годзе аддзел маркетынгу тут быў рэарганізаваны ў камерцыйны аддзел, які ўзначаліў Барыс Петрушкевіч. І памянялася не толькі шыльда — зусім іншымі сталі адносіны людзей да справы. Была праведзена вялікая работа, у выніку якой атрыманы важкія здабыткі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. І як прызнанне прыцоўных заслуг калектыва — уручэнне яму дыплома і пераходнага вымпела на раённай нарадзе перадавікоў народнай гаспадаркі.
Вельмі важную ролю адыгрывае ўкаранёная ў чэрвені 2012 года сістэма кіравання аховай працы. Вялікую работу ў гэтым плане правялі галоўны інжынер Сяргей Леўчанка і інжынер па ахове працы Сяргей Канапацкі. Новая сістэма стала адным з важнейшых фактараў павышэння працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, росту якасці выпускаемай прадукцыі.
На першым плане тут як вытворчасць, так і чалавек-працаўнік, рост яго дабрабыту, клопаты аб паляпшэнні ўмоў яго работы і адпачынку. Красамоўна сведчаць пра гэта прэміі, матэрыяльная дапамога, сумесны адпачынак у вольны ад работы час. У бліжэйшых планах адміністрацыі і прафкама, напрыклад, — наведванне Жыровіцкага манастыра.
Сяргей Кулакевіч.