Паспелі брусніцы і журавіны
У адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама на тэрыторыі Гомельшчыны ўстаноўлены тэрміны збору восеньскіх ягад: брусніц – з 16 жніўня і журавін – з 20 жніўня.
Як паведамілі ў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, збіраць іх дазволена спосабамі, якія не наносяць шкоду ягаднікам. У прыватнасці, нельга прымяняць розныя механічныя прыстасаванні (грабёнкі, саўкі), вырываць расліны з коранем, а таксама збіраць у вялікай колькасці недаспелыя ягады.
Спецыялісты адзначаюць, што ўраджай журавін і брусніц селета ў рэспубліцы будзе добры. Запасы ягад прагназуюцца на ўзроўні чатырох балаў па пяцібальнай шкале. За выкананнем правілаў і тэрмінаў збору будуць сачыць работнікі інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы жывёльнага і расліннага свету. Парушальнікам заканадаўства пагражае адміністрацыйная адказнасць.