З дапамогай дзяржавы
Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама, якую ўзначальвае першы намеснік
старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандр Наўныка, сустрэліся нядаўна з жыхарамі аграгарадка Азяраны. Тэмай для абмеркавання падчас мерапрыемства стала рэалізацыя дзяржаўных праграм па ліквідацыі наступстваў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Аб тым, якія захады прадпрымаліся дзяржавай па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, расказаў жыхарам Азяран галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Жыткавіцкага раёна Леанід Белка. У прыватнасці, ён зазначыў, што за гады, што прайшлі з моманту аварыі, у нашай краіне ўдалося зрабіць вельмі многае. За гэты час рэалізавана чатыры дзяржаўныя праграмы, дзякуючы якім для дзяцей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, наладжана аздараўленне, бясплатнае харчаванне не толькі ў айчынных санаторыях, але і за межамі краіны. Многае зроблена і па будаўніцтву жылля, камунальных аб’ектаў для перасяленцаў. Вось і ў Азяранах узведзены пасёлак для такой катэгорыі людзей. Дапамога вяскоўцам аказвалася па перазалужэнню выпасаў для іх жывёлы, завозіліся спецыяльныя камбікармы. Усё гэта дазваляла атрымліваць чыстыя прадукты з прыватных падворкаў. Несумненна, што гэта вельмі вялікія выдаткі. Хаця Беларусь пацярпела ад аварыі на атамнай станцыі больш за іншых, але краіна не пакінула сваіх грамадзян сам-насам з бядой. Закрануў Леанід Сяргеевіч і актуальнае на цяперашні час пытанне, якое тычыцца замены пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на атамнай станцыі.
Закончылася сустрэча членаў інфармацыйнай групы з жыхарамі аграгарадка традыцыйна. Людзі задалі кіраўнікам хвалюючыя іх пытанні. Тычыліся яны забеспячэння прыватных домаўладанняў чыстай пітной вадой, рамонту дарог і вывазу смецця. На большасць з іх былі дадзены адказы.
Нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, праблемы людзей будуць вырашацца. Напрыклад, па словах Леаніда Белкі, да 2015 года ў Азяранах запланавана пабудаваць станцыю абезжалезвання вады.
Звярнулі ўвагу прысутныя на сустрэчы і на такую праблему, як недастатковая работа па інфармаванні насельніцтва кіраўніцтвам адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. “Зараз самы спрыяльны час сяўбы на прыватных сотках, а вось у якім парадку гаспадарка будзе аказваць дапамогу насельніцтву, невядома. Да кіраўніцтва таварыства прабіцца вельмі складана, каб атрымаць неабходную інфармацыю”, — даводзілі членам інфармацыйнай групы людзі.
Мерапрыемства ў чарговы раз засведчыла, што такія сустрэчы патрэбны, бо яны дазваляюць больш даведацца пра праблемы людзей і па магчымасці іх вырашаць. Таксама ўдзел у сустрэчы з жыхарамі аграгарадка прынялі Наталля Туравец, начальнік Жыткавіцкага раённага вузла электрасувязі, і Міхаіл Аліфіравец, старшыня Азяранскага сельсавета.